«Ты ў XVIII стагоддзі. Раскажы людзям пра электрычнасць». Як настаўніца з Бабруйска прыдумляе настольныя гульні, каб навучаць беларускай мове

Главное
Людміла Крылова пазіруе на сваёй кухні са стосам правераных сшыткаў.

Людміла Крылова — настаўніца беларускай мовы з Бабруйска, якая ў вольны час распрацоўвае настольныя гульні для вывучэння і папулярызацыі мовы. Яна пачала займацца гэтым шэсць год таму, каб заахвоціць вучняў да наведвання факультатыву. З той пары настаўніца разам са школьнікамі стварыла 12 «настолак» для дзяцей і дарослых. Свае гульні Людміла друкуе на ўласныя грошы і дорыць калегам, але разлічвае, што ў будучыні іх зможа купіць кожны.

Ідэя рабіць моўныя гульні прыйшла да Людмілы шэсць год таму. Тады яна працавала намеснікам дырэктара ў бабруйскім «Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі», і ей прыйшлося распрацоўваць праект беларускамоўнай змены дзіцячага летніка. Людміла ўзгадвае: спачатку прыдумляла заданні і размаўляла па-беларуску сама, і паступова натхніла на гэта калег-настаўнікаў. У выніку зладзілі выдатную змену на 18 дзён «Вяртанне да вытокаў». Пасля летніка настаўніца рабіла некаторыя распрацоўкі гульняў, як кажуць, «у стол».

Пазней Людміла пайшла выкладаць беларускую мову і літаратуру ў бабруйскую школу №34. Там перад ёй паўстала пытанне, як заахвоціць дзяцей наведваць заняткі на факультатыве, асабліва ў шосты школьны дзень. У той момант яна і ўзгадала пра свае нарыхтоўкі.

Вучні, у якіх Людміла была класным кіраўніком, тады пайшлі ў восьмы клас. У выніку першыя гульні былі канчаткова дароблены і аформлены сумесна з імі. А яшчэ яны разам з Людмілай наведвалі на занятках малодшых дзяцей (у беларускай сістэме адукацыі ёсць такі фармат узаемадзеяння, калі старшыя школьнікі прыходзяць у пачатковую школу і праводзяць там заняткі).

Спачатку гульні былі скіраваныя на вучняў пачатковай школы, але з часам настаўніца рабіла ўсё больш складаныя «настолкі», якімі ўжо маглі зацікавіцца і дарослыя. За шэсць год былі распрацаваныя 12 гульняў, разлічаныя на розныя ўзросты. Створана лексічнае напаўненне для кожнай з іх, а для большай часткі — яшчэ і ўнікальная механіка (то-бок, правілы і прынцыпы).

Для самых маленькіх ёсць лато, дзе трэба закрываць словамі карцінкі, аб’яднаныя па тэмах. Для старэйшай школы ёсць «Трохкутнік» — на картках-трохкутніках напісаны розныя словы, ад гульцоў патрабуецца скласці іх так, каб сінонімы ці антонімы былі побач. Створаны і класічныя рэбусы, дзе трэба скласці словы па першых літарах таго, што намалявана на картцы. А яшчэ распрацаваны набор гульняў «Праўда ці хлусня» з пытаннямі на беларускай мове на розныя тэмы, ад прыроды да літаратуры.

"Ты ў XVIII стагоддзі. Раскажы людзям пра электрычнасць". Як настаўніца з Бабруйска прыдумляе настольныя гульні, каб навучаць беларускай мове
Людміла Крылова на кухні правярае сшыткі

«Фантазія дзяцей звычайна больш жывая і развітая за фантазію дарослых»

Як тлумачыць настаўніца, сярод яе вучняў цікавасць да беларускай мовы і культуры ў апошнія гады паступова расце. У тым ліку — з той пары, як у школе пачалі выкарыстоўвацца настольныя гульні. Спачатку ў іх стварэнні ўдзельнічала толькі некалькі вучняў, але зараз уцягнуўся амаль увесь клас.

«Фантазія дзяцей звычайна больш жывая і развітая за фантазію дарослых, а іх дасведчанасць у розных гульнях значна большая», — кажа Людміла. Таму часта, распрацоўваючы механіку гульні, яны ставараюць сур’езны экшн і сапраўдную інтрыгу, выкарыстоўваюць розныя цікавосткі кшталту штрафных балаў ці інтэграваных у гульню QR-кодаў, праз якія можна паслухаць галасы птушак.

«Дзеці натхніліся, паверылі ў свае сілы. Іх бацькі таксама былі ўражаныя. Калі я год таму прывезла з тыпаграфіі каробкі з гульнямі, сабрала разам дзяцей і бацькоў, то трэба было бачыць вочы бацькоў, калі яны зразумелі, што гэта прадукт іх дзяцей! І трэба было бачыць дзяцей, якія трымалі ў руках вынік сваёй працы, нюхалі гэты пах свежай фарбы», — кажа Людміла.

З дапамогай гульняў у настаўніцы атрымалася забіць двух зайцоў. Па-першае, заахвоціць старшых школьнікаў наведваць заняткі ў суботу. Па-другое, забяспечыць пераемнасць старшай і малодшай школ.

«Пачатковая школа баіцца старшай, баіцца пераходзіць. У пятым класе дзеці разгубленыя, а мы такім чынам робім ім крок насустрач. Яны ўжо пазнаёміліся з намі, «страшнымі» настаўнікамі са старэйшай школы, з дзецьмі, ды і наогул больш разумеюць, што яны будуць рабіць у той старшай школе», — кажа настаўніца.

"Ты ў XVIII стагоддзі. Раскажы людзям пра электрычнасць". Як настаўніца з Бабруйска прыдумляе настольныя гульні, каб навучаць беларускай мове
Настольная гульня “ Калейдаскоп антонімаў”

«Бывае, што і дарослыя гуляюць з дзіцячай апантанасцю»

Распрацаваную гульню спачатку тэсціруюць вучні класа, якім кіруе Людміла Крылова — падчас факультатыўных заняткаў і проста ў вольны час. Потым вучні паралельных класаў. Падчас тэстаў механіка гульні можа некалькі разоў змяніцца. У «настолкі» на ўсіх этапах гуляюць таксама муж і дачка настаўніцы. Яны ўжо паспелі стаць сапраўднымі экспертамі ў гэтай справе, кажа Людміла.

Раней настаўніца кожную гульню пазначала маркерам узросту (6+, 10+ і гэтак далей). Зараз яна ад такой практыкі адмовілася, бо часта з узроставай аўдыторыяй цяжка вызначыцца.

«Бывае, мы разлічылі, што гульня падыдзе для пятага класу, а вучні не бяруць яе пытанні ні ў восьмым, ні ў дзявятым класе. Бывае, што і дарослыя гуляюць у яе з дзіцячай апантанасцю. Бо не ўсе ведаюць такія словы, як напрыклад, «жырандоля», «рондаль», «скрыпень» і іншыя», — тлумачыць Людміла.

Гатовыя гульні афармляе яна сама і вучні яе класа. Тое, што робіцца для малодшай школы — з яркімі малюнкам і фотаздымкамі, каб прывабіць дзяцей. Тое, што, на думку настаўніцы, будуць выкарыстоўваць вучні старшай школы ці дарослыя, — больш лаканічна, з мінімальнымі ілюстрацыямі.

"Ты ў XVIII стагоддзі. Раскажы людзям пра электрычнасць". Як настаўніца з Бабруйска прыдумляе настольныя гульні, каб навучаць беларускай мове
Людміла Крылова пазіруе са скрынкамі шматлікіх распрацаваных ёю настольных гульняў на беларускай мове.

«Школа не можа дапамагчы фінансава ў выданні гульняў. Затое дае мне пляцоўку, дзе гульню можна пратэсціраваць на розных узростах»

Людміла друкуе гульні ў тыпаграфіі ў Мінску за ўласныя грошы: там танней, чым у родным Бабруйску. Наклады звычайна невялікія — да 30 асобнікаў. На гэтую справу, кажа настаўніца, яна магла патраціць дзве тысячы рублёў за апошні год. Дакладных падлікаў Людміла не вядзе. Але ў любым выпадку друк — не танная справа, і яна ніколі не супраць, калі нехта жадае дапамагчы з ім.

У мінулым годзе, пасля таго, як пра Людмілу напісалі журналісты, у Мінску знайшоўся прадпрымальнік, які прапанаваў настаўніцы фінансавую дапамогу, і яна надрукавала адразу 100 асобнікаў розных гульняў. У продаж яны не паступалі: свае «настолкі» настаўніца звычайна раздае калегам падчас семінараў і працоўных сустрэч. Апроч таго, іх атрымліваюць і вучні.

«Такім чынам атрымліваецца распаўсюдзіць гэты незвычайны спосаб вывучэння мовы. Школа, дзе я працую, — бюджэтная ўстанова і не можа дапамагчы фінансава. Затое школа ў гэтым сэнсе дае мне пляцоўку, дзе можна гульню распрацаваць і пратэсціраваць на розных узростах. А гэта вельмі важна творчаму чалавеку», — лічыць Людміла.

"Ты ў XVIII стагоддзі. Раскажы людзям пра электрычнасць". Як настаўніца з Бабруйска прыдумляе настольныя гульні, каб навучаць беларускай мове
Хатні гадаванец Людмілы праяўляе цікавасць да настольных гульняў.

«Давяду справу да канца. Рана ці позна. Лепш, канечне, рана»

Есць у Людмілы і грандыёзны праект — гульня «У пошуках скарбаў», якую яна распрацоўвае разам з настаўнікамі з Мінска, Іванава і Бабруйска (агулам у камандзе пяць чалавек). Гульня ўключае ў сябе не толькі пытанні па беларускай мове, але і па літэратуры, мастацтве, экалогіі і гісторыі.

«Гэта брадзілка з рознымі прыгодамі, з беларускімі пачварыкамі, нечаканасцямі, з магчымасцю зарабляць і траціць унутраныя гульнявыя грошы — талеры», — паспавядае Людміла.

Па правілах гульні ўдзельнікі адказваюць на пытанні па прадметах, але час адчасу пачварыкі (ваўкалак, вадзянік, дамавік і лесавік) задаюць гульцам свае незвычайныя пытанні і просяць выканаць заданні. Напрыклад: «Уяві, што ты апынуўся ў XVIII стагоддзі. Раскажы людзям пра электрычнасць. Або пакажы, як жняя жне сярпом і стамілася».

Для гульні была знойдзена мастачка; яна працуе над тым, каб зрабіць з яе сапраўдную казку, кажа Людміла. Менавіта «У пошуках скарбаў» яна хоча давесці не толькі да друку, але і да выдавецтва.

Але праца яшчэ не скончана. Стварыўшы «У пошуках скарбаў», настаўнікі пачалі тэсціраваць яе сярод знаёмых і заўважылі, што падабралі занадта складаныя пытанні. Цяпер гульня праходзіць наступны этап, яе правяраюць на сабе вучні 10 класа, а пытанні часта спрашчаюцца.

Людміла мяркуе, што гульня пабачыць свет не раней, чым праз некалькі месяцаў, а можа, і праз год ці больш. «Усе магло б быць хутчэй, але ў мяне на першым месцы ўсе ж асноўная праца. Гэтая гульня патрабуе часу і выдаткаў, але яна таго каштуе. Таму давяду справу да канца. Рана ці позна. Лепш, канечне, рана», — тлумачыць настаўніца.

Яна высвятляла, ці магчыма будзе распаўсюджваць гульню праз міністэрства адукацыі. Ёй і іншым аўтарам «У пошуках скарбаў» прапанавалі толькі артыкул у профільным часопісе для настаўнікаў. «Але напісаць гэта такое: сёння напісалі — заўтра ўсе забылі. Таму будзем шукаць альтэрнатыўныя спосабы распаўсюду», — кажа настаўніца.

Прасоўваць «У пошуках скарбаў» яна збіраецца праз анлайн-крамы, якія прадаюць «настолкі» і кнігі, а таксама іншымі шляхамі, напрыклад, праз аграсядзібы. На адной аграсядзібе гульня ужо тэсціравалася і, па словах гаспадароў, карысталася попытам.

"Ты ў XVIII стагоддзі. Раскажы людзям пра электрычнасць". Як настаўніца з Бабруйска прыдумляе настольныя гульні, каб навучаць беларускай мове
Даміно “Знайдзі падобнае“

Як перайсці на беларускую, калі хочацца і страшна?

Калі вы ўсё жыццё размаўлялі на рускай, а зараз хочаце перайсці на беларускую, зрабіць гэта аднамаментна можа быць стрэсова і страшна. У такім выпадку лепш уводзіць беларускія словы ў лексікон паступова, кажа Людміла. Можна пачаць з «вітаю» і «дзякуй». А можна з самых цёплых і ласкавых словаў, якія існуюць у мове, — пяшчотных зваротаў. Прайдзіце міні-тэст, які распрацавала Людміла, і карыстайцеся гэтымі зваротамі, калі будзеце звяртацца да сваіх блізкіх.

Ясачка — да каго так можна звярнуцца?

  • Да маленькай дзяўчынкі
  • Да хатняй коткі
  • Да каханай дзяўчыны (v)

Ясачка — так звяртаюцца да любай дзяўчыны.

А як яшчэ можна звярнуцца да дзяўчыны?

  • Котка (v)
  • Кашуля
  • Лодарка

Котка — гэта таксама пяшчотны зварот да дзяўчыны. Лодарка — гэта гультайка, а кашуля — вопратка.

Што з гэтага — пяшчотны зварот да хлопца?

  • Гальнік
  • Жэўжык (v)
  • Рамізнік

Жэўжык — ласкавы зварот да хлопца, гальнікам жа называюць мятлу, а рамізнікам — фурмана (таго, хто кіруе павозкай).

Што з гэтага — добрае слова ў бок блізкага (часцей дзіця), а не абраза?

Гарэза (v)
Шкарадзь
Кнурык

Сінонім да слова «гарэза» — балаўнік, і такім словам абразіць складана. А два астатнія словы абразлівыя дакладна. Слова «кнурык» можна перакласці як «блудлівы мужчына», а «шкарадзь» наогул неперакладальная беларуская абраза («шкарадзь мардалысая», паводле лінгвіста і выкладчыка ЕГУ Уладзіслава Іванова).

Якім з гэтых словаў можна назваць каханага хлопца?

  • Каўка
  • Салоўка (v)
  • Князёк

Усе тры словы — назвы птушак. Але з іх выкарыстоўваецца менавіта «салоўка» — птушка, вядомая сваімі спевамі. Птушку князька ж па-руску называюць «лазоревка», а каўку — «галка».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: