Партал «Suspilne.media» друкуе невялікую падборку арт-аб’ектаў, створаных падчас вайны.
«Мастацтва не застаецца ў баку нават у рэаліях поўнамаштабнага наступу Расіі. Наадварот: пад уплывам агрэсіі яно імгненна рэагуе на апошнія выклікі і генеруе ідэі пераасэнсавання падзей сучаснасці», – піша аўтарка артыкула Валерыя Чараднічэнка.
«Яднанне»
Гэты сімвал адзінства быў створаны да Дня горада Харкава мясцовай майстэрняй METAL STYLE.
Па прычыне ракетных абстрэлаў замест цэнтральнай плошчы Харкава аб’ект размясцілі каля метро «Арсенальная» ў Кіеве.
Паводле задумы аўтараў, кроплі, што імкнуцца як да зямлі, так і адна да адной, сімвалізуюць адзінства двух гарадоў – Кіева і Харкава, які моцна пацярпеў ад расійскай агрэсіі.
«Кліч роду»
Мурал «Кліч роду» размешчаны у Дарніцкім раёне Кіева, ён нават трапіў у Нацыянальны рэестр рэкордаў Украіны: яго даўжыня складае 93 метры 15 сантыметраў.
Яна Уласенка-Бярнацкая і Юлія Абрамава працу над муралам пачалі ў Дзень Канстытуцыі Украіны. Запрасілі валанцёраў і ўсіх жадаючых. Белыя буслы, якія вяртаюцца дадому, сімвалізуюць вяртанне ўкраінцаў у свае дамы пасля перамогі ў вайне над Расіяй.
«Крыкі душы»
У Львове каля помніка Тарасу Шаўчэнку размясцілі арт-аб’ект Ульяны Дацышын. Мастачка перапрацавала ўкраінскую карту, дадаўшы скрываўленыя дзіцячыя цацкі, разбураныя дамы, калючыя правады і каласкі пшаніцы, якія прарастаюць скрозь спаленую расійскімі захопнікамі зямлю. Аўтарка патлумачыла, што сваім творам хацела паказаць свету, да чаго прывяла палітыка саступак і кулуарных дамоўленасцей з агрэсарам, калі ў абмен на энергарэсурсы еўрапейскія палітыкі заплюшчвалі вочы на забойствы ўкраінцаў.
«Дзяцінства 2022»
24 жніўня перад будынкам Адэскай ваеннай адміністрацыі была адкрыта інсталяцыя Андрэя Любава «Дзяцінства 2022». На процітанкавых вожыках размешчаны перавернутыя салдацкія каскі з высаджанымі аксаміткамі. Дзеці сумесна з мастакамі размалявалі «гаршкі» для кветак. Кожная кветка сімвалізуе дзіця, у якога вайна забрала жыццё.
«Zастрелись»
Часовая скульптура Дзмітрыя Іва з назвай «Zастрелись» прысвечана расійскаму прэзідэнту. Аб’ект выкананы з чорнага металу і пакрыты спецыяльнай іржой.
Абаронцы Марыупаля
Графіці з партрэтамі Віталя Семчука і Канстанціна Друзя – загінулых азоўцаў з Роўна, размешчана на Ровенскай Тэатральнай плошчы.
Графіці, прысвечанае сімвалу ўкраінскай няскоранасці «Азоўсталі», было намалявана на пашкоджаных ад расійскіх удараў гаражах у Кіеўскім раёне Харкава.
«Прывід Кіева»
У гістарычным цэнтры Кіева, на Падоле, знаходзіцца мурал «Прывід Кіева», зроблены на аснове фатаграфіі аднаго з пілотаў 40-й брыгады тактычнай авіяцыі Паветраных сіл Украіны. На малюнку пілот-«прывід» у кабіне знакамітага самалёта МіГ-29.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: