«Што б ты не марыў, у Бога на цябе — іншыя планы», — кажа Вольга Падгайская — беларуская кампазітарка, чые творы гучаць у розных краінах, але не ў Беларусі.
Толькі на пачатку верасня твор аўтаркі «Неба Марыі», прысвечаны Марыі Калеснікавай, быў выкананы на Бетховенскім фестывалі ў нямецкім Боне. Тысячы людзей маглі пачуць яго дзякуючы анлайн-трансляцыі з канцэрта. Зараз беларуская кампазітарка піша п’есу для варшаўскага ансамбля. Ды ў гэты ж час у Беларусі яе імя нельга пісаць нават на афішы «зборнага» канцэрта.
Важныя рэчы. На працягу многіх гадоў Вольга Падгайская разам са сваім мужам — музыкантам Віталём Эпавым — намагаліся зрабіць чутнымі галасы беларускіх маладых кампазітараў, робячы розныя праекты. Да прыкладу, Вольга і Віталь — адны з заснавальнікаў праекта «Кинемо». І публіка праз дзейнасць вядомага фестывалю пачала адкрываць для сябе акадэмічную музыку маладых аўтараў: Канстанціна Яськова, Алены Гуцінай, Максіма Круглага, уласна, самой Вольгі Падгайскай. Тут можна ўзгадаць безумоўны глядацкі «хіт» беларускай аўтаркі — музыку, якую яна напісала для нямога фільма «Фауст» Фрыдрыха Мурнау ў межах «Кинемо». Паказ стужкі з музычным суправаджэннем Five-storey ensemble — калектыва новай камернай музыкі, які заснавала дзяячка разам з аднадумцамі, ладзіўся шмат разоў у Беларусі з нязменным аншлагам.
Сёння Вольга Падгайская жыве ў Польшчы — пасля 2020 года яна была вымушана з’ехаць з краіны, які і іншыя таленавітыя музыканты.
Ці ўдалося беларускай кампазітарцы знайсці сябе, сваё месца ў новай краіне? Што ў сучасныя часы вайны і гвалту можа музыка? Ці чула Марыя Калеснікава твор ў яе гонар? Ці гэта праўда, што Вользе ўдалося пасябраваць з самім Арво Пяртам? Пра гэта кампазітарка, арганістка, музычная дзяячка Вольга Падгайская распавяла ў інтэрв’ю з Reform.by.
— Воля, мы даўно не бачыліся. Таму, выбачай, пачну з даволі празаічнага пытання: чым ты зараз займаешся ў Польшчы?
— Выкладаю фартэпіяна дзецям у музычных школах. Польскім дзецям — у прыватнай музычнай школе, беларускім — у школе імя Равенскага, якую заснавала Галя Казіміроўская — кіраўніца «Вольнага хору».
Што яшчэ? Пішу музыку для спектакляў. У асноўным, апошні год працую з беларускім тэатральным рэжысёрам Юрай Дзіваковым (Вядомы беларускі рэжысёр сёння ставіць спектаклі ў Польшчы. Адна з апошніх яго гучных прац — «Наста» па Уладзіміру Сарокіну — заўв. Reform.by). Пішу музыку да яго пастановак.
Яшчэ нядаўна закончылася стыпендыя Gauda Polonia. На ёй мы зрабілі праект — аўдыязапіс кнігі Вольгі Шпарага «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі». Зараз кнігу можна паслухаць на Аўдыятэцы Беларускага ПЭНу.
— Усё гучыць нядрэнна. А як ты пачуваешся ў новым месцы?
— Шчыра кажучы, дзіўна сябе адчуваю. Згубленай. Празрыстай. Нібыта я стаю паміж вокнаў. Ззаду акно закрылася, а наперадзе — яшчэ не адкрылася.
На канцэрты цяжка хадзіць, таму што ўсё нагадвае аб мінулым музычным жыцці, калі мае творы выконвалі ў філармоніі. Зараз у Беларусі маё імя нельга напісаць нават на афішы. То-бок назад дарогі няма, а наперадзе — невядомасць.
Раней я выкладала ў сваё задавальненне, зараз выкладанне займае амаль увесь мой час. Тут і дзеці іншыя, не такія як у Беларусі, я адчуваю гэту розніцу.
Што да агульнай сітуацыі, у Польшчы цяжка прабіцца нават музыкантам-палякам, не тое, што беларусам і беларускам. Я разумею, што зараз у мяне новае жыццё, але ўсё яшчэ цяжка яго прыняць.
— Сумуеш па дому?
— Стараюся пра гэта не думаць. Дома засталіся ноты, электраарган, піяніна, шмат усяго… Але не ўсё можна ўзяць з сабой.
— Вольга, нягледзячы на эміграцыю і цяжкасці рэалізацыі, твае творы тым не менш выконваюцца на прэстыжных пляцоўках у Еўропе. Толькі нядаўна дзякуючы анлайн-трансляцыі мы маглі паслухаць тваю музычную п’есу «Неба Марыі», якая прагучала на Бетховенскім фестывалі ў межах міжнароднага праекта «Кампус» (Campus). Твор прагучаў у колішнім зале бундэстага ў Боне — анлайн-трансляцыя з канцэрту была даступная для ўсяго свету. Гэта нельга назваць шараговай працай. Распавядзі, калі ласка, як нарадзіўся гэты твор?
— Спадзяюся, што ты не будзеш супраць, калі я пачну здалёк.
— Не.
— Тут вялікая гісторыя. Бо пэўны час пасля ўсіх падзей я не магла пісаць музыку. Нават адной ноты не магла з сябе выціснуць.
Першы раз гэта здарылася яшчэ падчас беларускай рэвалюцыі. Памятаю, што мы размаўлялі з нашымі беларускімі літаратарамі Альгердам Бахарэвічам і Юляй Цімафеевай, і яны таксама прызнаваліся, што ў іх было падобнае. Не знаходзіліся словы. Немагчыма было пісаць. Не ведаеш, што сказаць. Нават сіл не маеш. А потым — пачынаеш выплёскваць, што назапасілася. Ведаеш, гэта як цунамі. Спачатку яно ж забірае, а потым пачанае разварочвацца. Праз некалькі месяцаў пасля рэвалюцыі ў мяне нарэшце ўсё «паняслося» — я напісала чытыры творы. А потым… здарылася 24 лютага 2022 года.
— І зноў маўчанне?
— Так. Я не ведала, што рабіць. Усё падавалася бессэнсоўным. І мне вельмі дапамог Юра Дзівакоў. Ён сказаў мне: прыходзіць у музычны кабінет, які табе далі, і сядзі там побач з ЁЙ. І з ёй — ён меў на ўвазе музыку. «Ты будзеш сядзець, а яна будзе побач з табой», — так ён мяне падбадзёрваў. Паслухалася. Першыя некалькі дзён проста маўчала ды плакала ў тым кабінеце, а потым — музыка палілася. Я проста зразумела, аб чым трэба пісаць.
— Аб чым?
— Гэта складана патлумачыць, але мне стала зразумелым, што я мушу пакінуць свае гнеў і злосць па-за музыкай. Сэнс музыкі асабліва зараз — даваць палёгку, аблегчыць боль людзей. Музыка мусіць стаць для людзей у пэўным сэнсе выратаваннем, лекамі. Ці, прынамсі, вітамінкай.
Ты нібыта прапрацоўваеш свае дрэнныя эмоцыі, адпускаеш іх — і потым пішаш.
— Не кожны так думае. Дзякуй, Воля, за такі падыход. Атрымоўваецца, што ты нібыта абараняеш слухача ад гора.
— Так, я лічу, што калі ты садзішся за піяніна з добрым сэрцам — гэта сэрца слухач і пачуе. У сённяшніх абставінах музыка не павінна раніць тым больш.
— З такім падыходам ты напісала «Неба Марыі»?
— Абсалютна. Мы былі знаёмыя з Марыя Калеснікавай яшчэ з часоў навучання ў Акадэміі музыкі. Потым ў лютым 2020 года планавалі паставіць міні-оперы на жнівень. Але жнівень 2020 атрымаўся іншым…
Мы доўга перапісваліся з Марыяй, дарэчы. Да вясны гэтага года, а потым лісты перасталі даходзіць. Але нейкім цудам атрымалася паказаць ноты «Неба Марыі» Машы ў турме. Мне перадалі, што яна была шчаслівая іх убачыць. Гэта мяне вельмі цешыць. Я магу ўявіць, як важна гэта для музыканта — атрымаць звестку з гэтага жыцця.
— «Неба Марыі» напісаны на вершы Андрэя Хадановіча. Прызнацца, я была ўражана, як неверагодна ў час выканання гучаў яго тэкст.
— Так, Андрэй напісаў выдатныя вершы для «Неба…». Гэта ўжо далёка не першы наш досвед супрацоўніцтва, і я ўдзячна Андрэю за яго прафесійны і далікатны падыход. Гэта вельмі важна, калі ў цябе такі партнёр, з якім вы разумеецеся.
Насамрэч у творы ёсць такі міні-сюжэт, які прыдумаў Андрэй. Людзі сёння схаваныя, замураваны хто дзе: хтосьці — у турме, хтосьць — у бомбасховішчы, а хтосьці — ва ўласнай нянавісці. Вызваліць усіх здольная толькі любоў. У творы ёсць сола для флейты — гэта сімвал нашай Машы. Такія людзі, як яна, і даюць нам спадзеў, любоў і здольнасць жыць. Яна дорыць нам сваё неба, якое ўздымаецца над усім.
— Ці можна вызначыць форму гэтага твора?
— Я не прытрымліваюся жорсткіх формаў. Я называю яго проста: твор для флейты, хора і камернага ансамбля.
— І згодна са сваім падыходам, ты хочаш ім вылечыць нашу будучыню?
— Не толькі будучыню, але наша цяперашняе, якое выбівае глебу з-пад ног. Напэўна, так.
— Вольга, наконт цяперашняга, і ўжо нават трошкі мінулага. Хачу таксама павіншаваць цябе з яшчэ адной прэм’ерай — новым альбомам твайго ансамбля Five-storey Еnsemble — Presence, які вы выклалі ў сеціва не так даўно. Зрабіць запіс у такіх умовах, калі музыканты калектыву, ведаю, раскіданыя па розных гарадах — як гэта ўдалося?
— Насамрэч гэты альбом мы пачалі запісваць яшчэ ўвесну 2020-га ў Беларусі. Потым здарыліся каронавірус, рэвалюцыя, пераезд, вайна… І вось толькі зараз мы завяршылі працу. Давялі пачатае. Праўда, з-за таго, што сёння мы раз’ехаліся па свеце, нам цяжка працаваць. Ты маеш рацыю.
— Five-storey Еnsemble распаліся?
— Хутчэй разляцеліся па розных гарадах. Чатыры музыкі калектыву з’ехалі з Беларусі па палітычных матывах — хто куды, скрыпачка пераехала ў Маскву — у яе добрая нагода — каханне. Гукач толькі застаўся ў Беларусі. Сёння такое жыццё — складана працаваць, як раней. І не будзе як раней. З гэтым нічога не паробіш. Спадзяюся, што, нягледзячы на адлегласці, у нас атрымаецца ствараць і выконваць новыя творы.
— Каронавірус, рэвалюцыя, пераезд увайшлі ў новы альбом?
— Музыка была напісана да ўсёй навалы. Аднак, спадзяюся, нягледзячы на гэта, альбом не страціў і выйшаў своечасова. Бо галоўная эмоцыя, укладзеная ў гэту музыку, тая ж, што ў «Небе Марыі» — выратаваць нашы сэрцы ў цёмныя часы.
— Вольга, выкажу здагадку, што твая музыка — у першую чаргу пра чалавека. Пра тое, колькі цемры і адначасова святла ў ім. За апошнія два гады тваё ўяўленне аб чалавеку не змянілася?
— Ведаеш, не змянілася. Хутчэй адкрыліся новыя якасці, на якія раней не звяртала ўвагі. Нават на сваім прыкладзе. Я ўбачыла тое, што мне да гэтай пары не дае супакою: чалавек здольны зрабіць столькі добрых і дрэнных учынкаў з пункту гледжання чалавечнасці, маралі. Хоць у кожнага свая мараль. Усё гэта паўплывала для мяне на ўменне марыць і планаваць. Высветлілася, што б ты не марыў, — у Бога на цябе іншыя планы.
— Ваш альбом называецца Presence («Прысутнасць»). Чаму?
— У нашым жыцці заўжды прысутнічаюць іспыты — хвароба, вайна, страты… Важна, як мы іх праходзім, ці застаемся людзьмі.
— Воля, з аднаго боку, цікавыя прапановы і яскравыя прэм’еры, з іншага — твой музычны калектыў раз’язджаецца, ты шмат часу аддаеш выкладанню, а не стварэнню. Эміграцыя для музыканта — гэта ўсё ж шанц ці выпрабаванне ў тваім выпадку?
— Мяркую, што і тое, і тое. Як і для ўсіх.
Дарэчы, сёлета мне пашчасціла патрапіць у кампазітарскую рэзідэнцыю Арво Пярта (сусветна вядомы эстонскі кампазітар — заўв. Reform.by) і мы паразмаўлялі з ім пра эміграцыю.
— Вельмі цікава. Распавядзі, калі ласка.
— Пра ўсе сустрэчы распавядаць ці толькі пра адну? Проста кожная з іх была для мяне, бы маленечкі цуд.
— Пра ўсе.
— Спачатку трошкі пра саму рэзідэнцыю. Яна знаходзіцца ў мястэчку Лауласмаа, гэта пад Талінам. Там знаходзіцца Цэнтр Арво Пярта. Калі я туды прыехала, то спытала ў менеджаркі: «Які план? Што мне рабіць?». І яна адказала: «Вось табе кабінет, вось табе гатэль — пішы, стварай, рабі, што хочаш». Я тады акурат вырашыла напісаць квартэт, які называецца па радку верша Андрэя Хадановіча «Хаджу па чужых дварах». Маўляў, пра тое, што з намі беларусамі зараз адбываецца — як мы ходзім па чужых дварах у эміграцыі. Пачала жыць, працаваць. А мяне папярэдзілі, што Пярт тут амаль не з’яўляецца, толькі па рэдкіх выпадках.
Але мы сустрэліся.
У яго была нейкая сустрэча ў Цэнтры, ён выйшаў з залі і раптам убачыў мяне: «О, Оля, вітаю!». Я шчыра здзівілася — няўжо ён ведае, хто я такая? Нават аглянуліся — ці ёсць хто ззаду. А ён падышоў, абняў і пачаў распытваць, як я тут сябе пачуваю.
Мы потым пайшлі абедаць разам з яго жонкай. Арво зноў да мяне звярнуўся: «Вольга, вазьміце смятаны. Гэты суп вельмі добры са смятанай». «Ну, — думаю, — сам Пярт мне прапаноўвае смятану. Гэта штосьці вельмі дзіўнае. Напэўна, гэта не са мной». Такія былі адчуванні. А потым мы пачалі размаўляць на розныя тэмы. І ў першую чаргу пара Пяртаў спытала мяне пра Беларусь, як там зараз цяжка. Пра тое, чаму я не магу вярнуцца, і што для мяне дом. Я адказала, што дом, гэта, напэўна, — тоніка. І мы разам прыйшлі да высновы, што дом — гэта тое, што носім з сабой увесь час.
Арво Пярт распавёў мне пра свой досвед жыцця ў эміграцыі, як яму было цяжка. Кампазітар трыццаць гадоў не мог вярнуцца ў Эстонію. У 1980-м ён з’ехаў з СССР, яго музыку не прымалі ў савецкай рэспубліцы. Ён здолеў вярнуцца дадому толькі ў 2010-м. Арво пажартаваў: «Вольга, ты ўжо год у эміграцыі. Засталося зусім трошкі — 29 гадоў». Пасмяяліся. Добрая была размова.
— А дзве другія сустрэчы?
— Другая сустрэча адбылася ўжо пасля канцэрта сімфанічнай музыкі, які эстонскія музыканты прысвяцілі Украіне. Мы ўсе сустрэлся пасля выступлення, і Пярт, у якога быў прышпілены жоўта-блакітны значок на грудзях, кажа: «Я так перажываю за Украіну. Што рабіць, я не ведаю, як прывезці Сільвестрава (украінскі кампазітар Валянцін Сільвестраў — заўв. Reform.by)». Мы з ім доўга гутарылі пра Украіну ў той вечар.
А трэцяя сустрэча была ў Таліне. У касцёле ладзіўся канцэрт кампазітара для хора з аркестрам. Прыйшло столькі людзей — у памяшканні недзе было яблыку ўпасці. І пасля выступлення эстонцы выйшлі да Пярта, каб падзякаваць яму за цудоўную музыку. Яго там вельмі любяць і шануюць. Я таксама падышла, і ён мяне пабачыў у грамадзе. «Воля! Воля!», — закрычаў і павітаўся са мной за рукі. Мне было вельмі прыемна, што ён заўважыў мяне праз увесь натоўп.
— Адчуваецца, што цябе моцна натхнілі гэтыя сустрэчы.
— Вядома! І знаёмства, і стасункі з такім чалавекам і музыкантам сталіся для мяне вялікай апорай. Асабліва ў такі цяжкі час. Можна сказаць, што там я атрымала прасвятленне.
А адказваючы на твае пытанне, эміграцыя — так, у асобныя моманты можа падарыць неацэнны досвед, але гэта не адмяняе таго, што яна таксама і выпрабаванне.
— Вольга, над чым ты працуеш зараз?
— Над творам для варшаўскага ансамбля. На яго напісанне, дарэчы, мяне натхніў Аляксандр Васілевіч.
— Ого! Як гэта здарылася?
— Гэта зноў доўгая гісторыя, якая сягае каранямі ў маё ліставанне з Сашам, калі ён яшчэ быў у няволі. Я ж пісала вельмі шмат лістоў у турму.
— З гэта месца — падрабязней, калі ласка.
— Кожную суботу мы збіраліся з сябрамі ў школе і пісалі лісты ўсім нашым палітвязням. Каму толькі можна. Але так здарылася, што на мае лісты адказы прыйшлі толькі ад трох чалавек: ад Машы Калеснікавай, Максіма Знака і Аляксандра Васілевіча. У нас завязалася ліставанне.
Да Машы і Максіма зараз лісты ўжо не прарываюцца, а вось з Сашам нам удалося нават пазнаёміцца пасля яго вызвалення. Але я трошкі забягаю наперад.
Яшчэ калі ён быў у турме, мне ў галаву прыйшла адна ідэя. Я даведалася, што ў Сашы ёсць дзве дачкі. Адной з іх — сем-восем гадоў. І я напісала Надзеі Зелянковай — жонцы Сашы — з прапановай даваць урокі музыкі для Адэлі ў анлайн-фармаце. Надзя і Адэля пагадзіліся.
У мяне была адна ўлюбёная паштоўка — з выявамі святароў, якія гуляюць у сняжкі. Дасылала яе ўсім у няволю, у тым ліку і Сашу. А потым Надзя Зелянкова паказала мне гэту — «маю» — паштоўку: на ёй Саша напісаў Адэлі, каб яна займалася музыкай. Калі пабачыла яе, плакала, як не ведаю хто.
Пасля мы з Аляксандрам сустрэліся ў Варшаве, калі яго вызвалілі. Гэта быў таксама вельмі асаблівы момант. Я хацела ўбачыць, як Саша пачуе музыку на фартэпіяна, якую грае яго дачка. І так адбылося. Адэля сыграла маленькую п’еску, і Саша быў вельмі шчаслівы. Я запомню той момант назаўжды. Як кажуць, «цяпер я бачыла ўсё».
Калі размаўляла з Сашам пры асабістай сустрэчы, то спытала яго пра неба за кратамі: якога яно колеру? Мне хацелася напісаць твор пра гэта неба. А Саша адказаў, што неба ў турме няма. Твор, які я зараз пішу, так называецца: «Адсутнасць неба».
У выніку п’еса атрымоўваецца не пра турму, а пра такі стан. Мне прыбачыўся сон, нібыта ўсё неба пакрытае чорнымі самалётамі. З іх выскокваюць парашутысты са зброяй і адразу пачынаюць страляць у бяззбройных людзей. На зямлі — паніка страшэнная, сапраўднае пекла. А неба — няма, таму што замест яго — суцэльная зброя. Але ўсё заканчваецца добра, не хвалюйся.
— Гэта добра, што ўсё добра заканчваецца. Воля, у цябе гісторыі, якія «рвуць» душу.
— Гэта свет «ірве» нам душу.
— Чаму для цябе гэта было так важна — бачыць на ўласныя вочы, як дзіця грае свайму бацьку музыку?
— А што яшчэ важна? Важна тое, ад чаго сэрца калоціцца. Ад гэтага калоціцца — значыць гэта важна, значыць — сэрца яшчэ ёсць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram