19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет 12-га склікання зацвердзіў дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
Напярэдадні прыняцця гэтага рашэння ў вестыбюлі Вярхоўнага Савета група мастакоў арганізавала выставу пад умоўнай назвай «Герб і сцяг», сабраўшы экспанаты з музеяў і прыватных збораў.
Яе мэтай было пераканаць дэпутатаў у беларускім і славянскім генезісе «Пагоні», каб пераадолець стэрэатып наконт яе нібыта літоўскага паходжання. Гэта было лёгка даказаць, бо ў якасці дзяржаўнага герба Вялікага Княства Літоўскага гэты герб пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Выява «Пагоні» была абавязковым атрыбутам дзяржаўных дакументаў тагачаснай Беларусі, у тым ліку «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў», а таксама змяшчалася на сцягах ва ўсіх вырашальных бітвах Вялікага Княства Літоўскага.
Бел-чырвона-белы сцяг распрацаваў у 1917 годзе Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Аўтар прытрымліваўся геральдычнага прынцыпу пераносу колераў гербу на сцяг – белы конь на чырвоным фоне з срэбным (белым) шчытом.
У нацыянальнага сцяга ёсць прататыпы: у знакамітай карціне «Бітва пад Оршай» (пра падзеі 1514 года) вялікалітоўская кавалерыя карысталася сцягам Святога Юр’я — чырвоны крыж на белым палотнішчы. Дзеячы адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў звесткі пра татарскую конніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410 года пад бел-чырвона-белым сцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Верагодна, што падчас паўстання 1863–1864 гадоў выкарыстоўваўся бел-чырвона-белы сцяг, бо ў Віленскім гістарычна-этнаграфічным музеі захоўваецца трыкутны сцяжок тых часоў, на якім пасярэдзіне белага поля праведзена чырвоная паласа.
Пасля таго, як герб і сцяг былі зацверджаныя ў якасці дзяржаўных сімвалаў, неабходна было стварыць іх эталоны.
4 кастрычніка 1991 года была сфарміраваная спецыяльная Камісія пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета для распрацоўкі дзяржаўнай сімволікі. Туды ўвайшлі больш за 20 чалавек: гісторыкі, мастакі, дызайнеры, мастацтвазнаўцы і геральдысты. Камісію ўзначаліў дэпутат Алег Трусаў.
«Кожны этап стварэння эскізаў ды ідэй абмяркоўваўся на камісіі, даваліся парады, нешта адхілялася, узгаднялася… Але непасрэдна, так бы мовіць, аралі тры мастакі — Яўген Кулік, Мікола Купава, Уладзімір Крукоўскі. Шмат было энтузіястаў, якія прыносілі ўласныя эскізы ды ідэі. Там жа вельмі складаная сітуацыя, бо сам малюнак складаны па сваёй канфігурацыі. Упісаць яго гарманічна ў шчыт менавіта такой формы аказалася складана. Важна, каб было запаўненне малюнкам каня і рыцара! Таму ўзнікалі пытанні, якім павінен быць меч, якая павінна быць грыва ў каня, гунька пад сядлом, што павінна быць на рыцары — панцыр ці кальчуга, карацей процьма дэталяў», – згадваў адзін са стваральнікаў эталону Уладзімір Крукоўскі.
За тры месяцы працы было зроблена каля паўтары сотні эскізаў.
За аснову герба быў узяты варыянт грунвальдскай «Пагоні», бо мастакі-распрацоўшчыкі герба, Яўген Кулік і Уладзімір Крукоўскі, вырашылі спыніцца на готыцы. «Гэтая мастацкая плынь супадае па часу з такой вяршыняй славы беларускай дзяржавы, як Грунвальдская бітва. «Пагоня» ўсё ж баявы герб», – патлумачыў Крукоўскі.
Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да рэферэндуму 14 мая 1995 года.
Па выніках рэферэндума «Пагоню» знялі з Дома ўрада з дапамогай крана, яна некалькі гадоў праляжала ў дварах на зямлі. Бел-чырвона-белы сцяг з даху будынка на плошчы Незалежнасці быў зняты 16 мая і разарваны на сувеніры.
Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» сталі нацыянальнымі сімваламі пратэсту, а ў 2020 годзе – і сімваламі беларускай рэвалюцыі.