Альгерд Малішэўскі (1922—1989) – беларускі мастак і выкладчык, які ігнараваў правілы сацыялістычнага рэалізму і выхоўваў такіх жа вольных жывапісцаў. Сёння яму споўнілася б сто гадоў.
Мастак захапляўся французскімі імпрэсіяністамі, Веранэзэ, Тыцыянам, Эль Грэка, Ван Гогам і асабліва Сезанам, – то-бок тымі, хто падначальваў колеру свае палотны і раствараў у ім форму. І ён рабіў гэтак жа.
Альгерд Малішэўскі выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы з 1953 па 1981 год, вучыцца ў яго было прэстыжна, хоць і неверагодна складана.
Яго вучань Адам Глобус згадваў адну з размоў з настаўнікам у 1977 годзе.
«Ты кажаш — мы кепска жывём? У нас забараняюць фармальныя пошукі і мадэрнізм? У нас нельга пісаць абстрактныя карціны? Чуш сабачая! Ты не ведаеш, як яны могуць усё забараніць! Яны могуць забараніць не толькі Шагала з Далі, яны могуць забараніць нават згадку пра геніяльных мастакоў! Калі я вучыўся ў Харкаве, мой выкладчык жывапісу клікаў мяне ў калідор, аглядаўся, каб нікога не было побач, ціхенька даставаў паштоўку з карцінаю “Дэман” Міхаіла Урубеля і казаў: “Урубель — геніяльны мастак, геніяльны! Паглядзі, паглядзі…”
Я хвіліну разглядаў паштоўку, што ляжала на ягонай далоні. Паштоўка хавалася ў кішэню, і выкладчык хуценька сыходзіў. Ты ведаеш, як у яго трэслася рука з паштоўкаю? Ты ведаеш, які паўсюль быў страх? Не! Вось і не кажы, што табе нешта забараняюць і штосьці там не даюць зрабіць!” – казаў мне Альгерд. Так, і сапраўды страху ў паветры ўжо не было, але быў пыл застою. Паўсюль панаваў ілжывы кансерватызм з лісліваю лаяльнасцю да геранталагічнай улады. Камуністы ўжо здагадаліся, што камунізм на зямлі не пабудуецца, што іх ідэя падобная да пабудовы Вавілонскай вежы. Але разважаць на такія тэмы можна было толькі ў пустым калідоры».
У гэтых умовах ілжывага кансерватызму Альгерд Малішэўскі займаўся жывапіснымі пошукамі па ўзоры французскіх экспрэсіяністаў, то-бок ствараў для нас беларускі варыянт мадэрнісцкага мастацтва.
А таксама стаў ідэолагам «Нямігі-17» (1986–2006) – аднаго з самых яркіх мастацкіх аб`яднанняў, творцы якога вырушылі ў вольны жывапісны эксперымент.
Летам гэтага года ў Палацы мастацтва зладзілі выставу «Альгерд Малішэўскі. Эпоха» да стагоддзя майстра, паказалі яго карціны з калекцыі Беларускага саюза мастакоў і сямейнага збору Эліны Малішэўскай, а таксама творы зорных вучняў, сярод якіх Зоя Літвінава, Святлана Каткова, Георгій Скрыпнічэнка, Мікалай Селяшчук, Алег Маціевіч, Уладзімір Гардзенка, Міхась Рагалевіч, Васіль Сумараў, Генадзь Козел, Уладзіслаў Куфко і Сяргей Малішэўскі, сын майстра, што нечакана пайшоў з жыцця ў лютым 2020-га… На выставе было вельмі выразна бачна, наколькі яго вучні – непадобныя адно да аднаго яркія індывідуальнасці з унікальным творчым шляхам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram