Павел Латушка: «Калі адкрывалі музeй Быкава, то была ўмова Лукашэнкі: ані капейкі бюджэтных сродкаў»

Аляксандр Лукашэнка на ўчарашнім адкрытым уроку прадэманстраваў Зорку Героя Сацыялістычнай Працы савецкіх часоў, ордэн Леніна, знак Народнага пісьменніка Беларусі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і пасведчанне і заявіў, што «гэта ўсё належыць вядомаму беларускаму пісьменніку Васілю Быкаву». Нібыта нехта з яго сваякоў ці іншыя асобы на рынку прадавалі за 30 даляраў.

Сваякі Быкава абурыліся такім цынізмам, яны мяркуюць, што гэтыя рэчы скралі ў жонкі пісьменніка.

Гэта пацвердзіў у каментары «Радыё Свабода» і кіраўнік НАУ, былы міністр культуры Павел Латушка, які лічыць, што выкраданне ўзнагарод маглі справакаваць беларускія спецслужбы. Ён распавёў пра стаўленне Лукашэнкі да Быкава і пра тое, як ствараўся музей пісьменніка ў Ждановічах.

«Я ведаю асабіста Ірыну Міхайлаўну Быкаву. Гэта высокасумленны чалавек, — падкрэсліў Павел Латушка. — Яна мне яшчэ раней расказвала, што да яе прыходзіла шмат людзей і яна лічыла іх махлярамі. І гэта была адна з прычын, чаму я стаў працаваць над адкрыццём музея, бо экспанаты маглі проста расцягнуць. Яна ўжо ў сталым узросце, і адрозніць, хто прадстаўнік літаратурнага музея, а хто махляр — цяжка. Але нават калі б яна і прадала гэтыя ўзанагароды, то закон яна б не парушыла».

«Але тут можна глядзець шырэй, — дадае сябра Каардынацыйнай рады. — Гэта маглі справакаваць спецслужбы Лукашэнкі, каб пазней ён мог паказаць, вось, маўляў, глядзіце, што адбываецца. Лукашэнка да гэтай пары баіцца Быкава. Трэба задаць пытанне яму: а што ён зрабіў як нібыта кіраўнік дзяржавы для ўшанавання Быкава? Нічога».

Павел Латушка прызнаўся, што Лукашэнка не хацеў ствараць музей Быкава — былы міністр культуры працаваў на справу стварэння ўстановы. Калі ініцыятыву ў 2014 годзе ўсё ж удалося прасунуць, Лукашэнка паставіў умову: ані капейкі на музей з бюджэтных сродкаў.

«Я тады схітраваў і ў выніку выдаткаваў сродкі бюджэтныя, але невялікія. Гэта менш, чым мінімальна», — сказаў Латушка «Радыё Свабодзе».

Reform.by заглянуў у гісторыю музея — гэта экспазіцыя ў будынку лецішча Васіля Быкава ў аграгарадку Ждановічы. Дом, які перадала Ірына Быкава ва ўласнасць дзяржаве ў 2012 годзе, з’яўляецца зараз філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Установа была адкрытая ў 2014 годзе да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі.

Музей — вельмі сціплы будынак на ўскрайку дачнага пасёлка – два паверхі, з белай цэглы, з невялікай крытай верандай. Адчуванне казённасці з’яўляецца з-за выкарыстання танных матэрыялаў.

«Галоўная адметная рыса музея, — паведамляецца на сайце ўстановы, — у яго максімальнай мемарыяльнасці. Будынак дачы складаецца з наступных памяшканняў. Першы паверх — гасцёўня, кухня, гараж. Другі паверх — балюстрада, кабінет Васіля Уладзіміравіча, пакой Ірыны Міхайлаўны і мансарда.

Характэрнай для дачнага дома 1980-1990-х гадоў з’яўляецца абіўка сцен гасцявой пакоя “вагонкай”. Дача абсталявана сціплай мэбляй, тыповай для 1980-х гадоў: набор мэблі для кухні, пісьмовы стол, тахта, кніжныя паліцы, канапа і іншыя [прадметы]. Сярод мэблі вылучаецца сталовы гарнітур (абедзенны стол з трох секцый, 12 крэслаў), буфет».

Ніякіх пазнакаў у акрузе на музей Быкава няма.

У новай Беларусі ўшанаванне народнага пісьменніка павінна праводзіцца зусім іншым чынам — як у Мінску, так і ў Гродне, дзе ён жыў і працаваў пасля вайны, дзе ёсць дзясяткі месцаў, вартых хаця б мемарыяльнай таблічкі. Але нават такога мінімальнага прызнання не ўдалося дасягнуць.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!