Рэстаран беларускай кухні «Кухмістр» на мінскай вуліцы Карла Маркса набыў некалькі пано з копіямі фрагментаў слуцкіх паясоў — каб распавесці пра гістарычны культурны сімвал Беларусі.
«Толькі аўтэнтычная беларуская і літвінская кухня» – пазначана на сайце ўстановы. Наведнікі цэняць не толькі кухню, але і інтэр’еры, зробленыя ў стылі Вялікага княства. Тут можна пачуць жывую беларускую музыку, больш даведацца аб краіне і яе культуры, а таксама купіць сувеніры.
Сёння слуцкія паясы – багаты аксесуар шляхецкага касцюма XVIII стагодззя, што ствараліся на беларускіх мануфактурах, – рарытэт: у Беларусі захоўваюцца толькі 11 такіх прадметаў. Аднак старажытную вытворчасць адрадзілі. Сучасныя майстры робяць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі.
«Мастацкія пано з копіямі фрагментаў слуцкіх паясоў мы набылі для нашага інтэр’еру ў памяць аб важных сімвалах беларускай культуры», — адзначаецца ў сацсетках прадпрыемства.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram