«65 бліскучых вершаў, на кожнай старонцы — цудоўныя, жывыя малюнкі. А ў канцы — QR-код, па якім можна глядзець гэтыя ж вершы ў мульціках!», — так анансуе сваю навінку ў сацсетках выдавецтва «Тэхналогія». Гаворка — пра, лічы, бэстсэлер для малых — кніжку «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» Андрэя Скурко. Яна на гэтым тыдні паступіла ў продаж.
Яшчэ ў мінулым годзе галоўны рэдактар выдавецтва Зміцер Санько напісаў водгук на некалькі вершаў Андрэя Скурко, высока іх ацаніўшы. А сёлета «Тэхналогія» стала выдаўцом кнігі беларускага журналіста і літаратара, што лічыць вялікім падарункам.
Пра тое, чым унікальнае выданне, Reform.by пагутарыў з каардынатаркай кніжнага праекта Валянцінай Андрэевай.
«Паўліна Скурко, жонка Андрэя, звярнулася да «Тэхналогіі». І мы ўспрынялі гэту прапанову з радасцю. Бо для нас — гонар і шчасце выдаць вершы Андрэя Скурко, яны проста цудоўныя!» — зазначае супрацоўніца выдавецтва.
Як распавядае адмыслоўца, калі «Тэхналогія» ўзялася за справу, шмат было ўжо зроблена папярэдне. Самі вершы — напісаныя, на многіх з іх — створаныя мультфільмы камандай канала «Бэйбус». Мастачка выканала яскравыя малюнкі, якія аздобяць выданне. Заставаліся толькі, лічы, моўныя нюансы — рэдагаванне, ды таксама выбар паперы для друку.
«Вельмі цікавы аспект у кніжцы Андрэя ўзняўся — гэта аўтар і яго мова, — дзеліцца «кухняй» праекта Валянціна Андрэева. — Андрэй Скурко паходзіць з гістарычнай Віленшчыны, з-пад Крывічоў, і ў ягонай мове ёсць натуральныя, мясцовыя адметнасці.
З аднаго боку, гэта вялікі бонус — што аўтар піша свае вершы па-беларуску той жа мовай, якой ён думае, якой гаворыць са сваім сынам, — дадае яна. — З іншага боку, ёсць паняцце літаратурнай нормы, з якім прыходзіцца лічыцца».
У выніку выдавецтва вяло перапіску з аўтарам, каб паразумецца.
«У большасці момантаў Андрэй пагадзіўся пайсці нам насустрач. Мы спыніліся на варыянтах літаратурнай нормы, — ахвотна распавядае пра перапіску Валянціна. — Але ў кнізе таксама засталіся вершы, дзе мы пакінулі аўтарскі варыянт слова і лічым, што гэта — таксама правільна. Бо адметныя слоўцы — частка асобы літаратара».
Валяціна Андрэева лічыць вершы Андрэя Скурко скарбам для дзіцячай літаратуры.
«Гэта вершы, якіх даўно не было ў нашай дзіцячай літаратуры, — падкрэслівае яна. — Беларуская літаратурная спадчына багатая на дзіцячыя творы, але настолькі яскравых, жывых, натуральных у сваім маўленні вершаў, з разуменнем дзіцячай псіхалогіі, — і не так шмат, як хацелася б».
«Тэхналогіі» вельмі пачэсна працаваць з такімі творамі, зазначае каардынатарка праекта.
Набыць кніжку «Пра сланоў і барсучкоў» Андрэя Скурко можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram