«Грай» — дабрачынны фэст з такой назвай адбудзецца 3 верасня на беразе Віслы ў Варшаве. Яго мэта — падтрымаць беларускіх музыкаў, якія пацярпелі ад рэжыму: частка сродкаў ад імпрэзы будзе скіравана ў дапамогу творцам.
У праграме фэсту: Лявон Вольскі, Юры Стыльскi («Дай Дарогу»), Наста Шпакоўская (NAKA), Аляксандр Памiдораў, Алесь Дзянiсаў (Dzieciuki), Atesta.
Вядоўца канцэрту — Марына Савіцкая.
«Падчас “Грай” можна будзе напісаць лісты палітвязням, пачаставацца на фудкорце альбо набыць цікавую і эксклюзіўную рэч на арт-маркеце (карціны беларускіх мастакоў, адзенне, аксесуары, сувеніры з нацыянальнай сімволікай і г. д.)», — абяцаюць арганізатары падзеі — Беларускі Моладзевы Хаб і кампанія Wild Beat sound.
Музычны праект гэтаксама ўключае ў сябе і працу вольнай сцэны, на якой да асноўнай праграмы зайграюць маладыя беларускія выканаўцы. На сёння вядомы імёны наступных выступоўцаў: Marny Los, Саша Васілеўская, Юстына і Бартосікі, Znak Stop, Graphotype, 23:34 Music Band.
«Вашыя сродкі дапамогуць тым, хто змагаўся і працягвае тое рабіць дзеля нашай агульнай свабоды», — звяртаюцца да ўсіх арганізатары.
Месца праядзення дабрачыннага open-air фестывалю: «Puerto Mexicana» (Wał Miedzeszyński, 407).
Набыць білеты на «Грай» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram