«Цяпер – час самай глыбокай самарэфлексіі»: паэтка і пісьменніца Ганна Янкута — пра «Канстытуцыю», «Геалогію», сучасную паэзію і беларускія балоты

«Канстытуцыя» — так называецца новы зборнік вершаў Ганны Янкута, дзе пад адной вокладкай беларуская паэтка і пісьменніца спалучае законы і паэзію.

Нечаканы погляд аўтаркі на асноўны збор законаў, а гэтаксама «вершы, напісаныя ў музеі» — яшчэ адна кніга Ганны Янкута «Геалогія», якая пабачыла свет зусім нядаўна, і ў пэўным сэнсе з’яўляецца сястрой «Канстытуцыі» — усё разам не ўтрымала Reform.by ад спакусы пагутарыць з паэткай, пісьменніцай і перакладчыцай пра яе новыя творы. (Хоць моцнае і пяшчотнае эсэ «Мінскія канікулы» толькі-толькі было апублікавана ў нашым медыя).

І тым не менш… У чым адметнасць «Канстытуцыі» і «Геалогіі»? Як пачувае сябе паэтка ў прасторы канцылярыту? Ці з’яўляецца чалавек сёння мерылам усяго, калі глядзець на нашу планету з пункту гледжання Сусвету? І ці так гэта безнадзейна, калі твая краіна — краіна азёр, і, у прыватнасці, балот?

На гэтыя і іншыя пытанні Ганна Янкута адказвае ў нашым інтэрв’ю.

Фота Аліны Мазавец.

Нагадаем, што менавіта сёння, 26 жніўня, у Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе (Пляц Канстытуцыі, 6) у межах літаратурна-музычнага вечара «Паэзія і спевы» адбудзецца прэзентацыя зборніка вершаў «Канстытуцыя» беларускай паэткі. Гэтаксама на імпрэзе можна будзе паслухаць творы іншых беларускіх вядомых аўтарак — Марыі Мартысевіч, Паліны Дабравольскай (Chornabrova). На сустрэчы адбудзецца і анлайн-прэзентацыя кнігі Тацяны Сапач «Гаспадыня восеньскага дому».

«У гэтым праекце для мяне была важная праца з уяўленнем»

Ганна, «Геалогія» і «Канстытуцыя» – гэта зборнікі вершаў – браты? Ці па-іншаму – кнігі-сёстры? Чым яны адрозніваюцца і ў чым падобныя?

— Напачатку кніга мусіла быць адна. Але выдаць нешта па-беларуску – гэта заўжды тая яшчэ прыгода, а цяпер – дык увогуле, таму я проста шукала спосаб, як, па-першае, зрабіць, каб кніга з’явілася, а, па-другое, каб была даступная па абодва бакі мяжы. Але публікаваць тое самае «і тут, і там» нецікава, праўда ж? Так што сама сітуацыя спрыяла таму, каб эксперыментаваць.

У гэтым праекце для мяне была важная праца з уяўленнем – думаю, гэта тое, што яднае «Геалогію» і «Канстытуцыю». Але працэс стварэння кнігі не заканчваецца тады, калі ты ставіш у ёй кропку. У нейкі момант мне стала цікава, ці можа той самы тэкст выконваць розныя функцыі. У выніку атрымалася, што «Геалогія» – гэта перадусім праца з уяўленнем сябе як часткі чагосьці вялікага – і ў часавым, і ў прасторавым маштабе. Гэта ў значнай ступені экапаэтычны праект, героямі якога мне хацелася зрабіць усіх жывых істот, што насяляюць ці некалі насялялі нашу планету. Бо калі ты гэтых істот бачыш, успрымаеш, па-свойму (па-чалавечы) разумееш – ужо нашмат цяжэй зрабіць шкоду ім самім ці асяроддзю, у якім яны жывуць. «Канстытуцыя» ж для мяне – перадусім праца з уяўленнем пра мову: як яна нас фармуе, што з намі робіць і (чаго ўжо хаваць) як мы можам гэтаму супрацьстаяць. У гэтым я бачу асноўнае адрозненне паміж імі.

Зборнік вершаў Ганны Янкута «Канстытуцыя» выйшаў у выдавецтве Kamunikat.

Кніга «Канстытуцыя» пазіцыянуецца як зборнік разваг на палях асноўнага закона. «Праект пра паэзію і канцылярыт, свабоду і (сама)цэнзуру, чалавечае і пазачалавечае». Ці лёгка паэту і паэтцы ўбачыць сябе ў тэксце Канстытуцыі – зводзе законаў, напісаных часам невядомымі нам людзьмі?

— Мне ўвогуле вельмі лёгка знайсці сябе амаль ва ўсім, з чым я сутыкаюся. І я лічу, што гэта мая галоўная праблема, бо праз гэта ў галаве ўвесь час круціцца безліч ідэй, якія я зараз жа хачу ўвасобіць у жыццё. У мяне шмат пачатых тэкстаў, якія я, мабыць, ніколі не давяду да ладу.

Напрыклад, аднойчы я ўбачыла сябе ў зімовым мінскім Сухараве – і напісала палову падлеткавага рамана пра сухараўскіх вампіраў, якім даводзіцца расследаваць загадкавае забойства ў сваім раёне. Але не дапісаўшы яго да канца, я ўбачыла сябе ў галубятні ў сваім двары і тут жа пераключылася на гісторыю «Марта і яе мара пра снег», якая, у адрозненне ад таго няшчаснага рамана, усё ж пабачыла свет.

Кніга для дзяцей «Марта і яе мара пра снег» Ганны Янкута выйшла ў выдавецтве «Попурри» ў 2020 годзе. Фота: oz.by.

Да таго ж, яшчэ з тых часоў, калі я займалася толькі перакладамі, я люблю выклікі. Калі нешта здаецца немагчымым, адразу ж хочацца гэта зрабіць. Я часта загаралася ідэяй перакласці верш, калі ў ім было нешта, што здавалася мне неперакладальным. Магчыма, таму мяне, напрыклад, не спалохаў артыкул 43: «Працоўныя маюць права на адпачынак. Для тых, хто працуе па найму, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку», – было цікава шукаць у ім для сябе месца. У «Геалогіі» гэта «Выкапень 43». Ці артыкул 56: «Грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў». Ці можа гэта зрабіцца тэмай для верша? Вы хочаце гэты верш прачытаць?

«Напісаць можна пра ўсё»

«Геалогія», дарэчы, уразіла поглядам чалавека, цікаўнага да свету – не столькі людзей, але раслін, птушак, скамянеласцяў, зорак, акіянаў… Вы дацягваецеся да неаліту, згадваеце Вялікі выбух, але знаходзіце сябе тут і цяпер. Якая часовая прастора вас больш вабіць – які перыяд? Чаму? Што цяпер адбываецца з чалавекам?

— Вядома, я не магу зрабіцца кімсьці іншай, чым чалавек «тут і цяпер». І наш час мне падабаецца тым, што я знаходжу ў ім сродкі і мову, каб асэнсаваць тое, што мяне цікавіць. Я ўжо даўно чула выраз, што «пісаць можна пра ўсё», але толькі калі працавала над кнігай, зразумела яго напоўніцу. Цяпер напісаць сапраўды можна пра ўсё, гэта асаблівасць сучаснай літаратуры. Няма тэм «непрыдатных», патрэбныя ўсяго толькі адпаведныя інструменты і разуменне, дзеля чаго ты гэта робіш. І яшчэ мне здаецца, што цяпер – час самай глыбокай самарэфлексіі, калі мы можам не толькі з розных бакоў асэнсоўваць важныя для нас пытанні, але і памятаць, што пункт адліку нашага асэнсавання – мы самі са сваімі стэрэатыпамі, сваім багажом ведаў і няведання. Памятаць, што калі мы глядзім, напрыклад, на птушку ці зорку, – то гэта не больш як погляд прадстаўніка ці прадстаўніцы віду homo sapiens, якая нарадзілася ў свой час, у сваім рэгіёне, у сваіх абставінах і абцяжараная тым ці іншым досведам, а таксама, на вялікім рахунку, не мае пра гэтую птушку ці зорку ніякага ўяўлення. І гэта дае мне як новую перспектыву на сябе саму, так і магчымасць хоць неяк, у межах сваіх ведаў ці няведання, пазнаёміцца са светам навокал.

Фота: facebook.com/hanna.yankuta. Зборнік вершаў «Геалогія», 2022 год. Выдавец Зміцер Колас.

Ці здольнае яшчэ чалавецтва, на ваш погляд, да прарываў і да вялікіх учынкаў?

— Калі я прачытала гэтае пытанне, то адчула сябе як мінімум кімсьці накшталт Юваля Ноя Харары ці Святланы Алексіевіч – сусветных знакамітасцяў, якім задаюць пытанні пра лёс планеты. Захацелася адразу замахаць рукамі і на браць на сябе такой вялікай адказнасці. Але, на шчасце, у мяне на стале ляжыць кніга польскай журналісткі і пісьменніцы Малгажаты Шэйнэрт «Востраў Змей», і прынамсі частку адказнасці я магу скінуць на яе. У кнізе Малгажата Шэйнэрт расказвае пра свайго сваяка Ігнацыя Рачкоўскага, які быў мужам сястры яе бацькі, то-бок, фактычна, яе дзядзькам. У нейкі момант яна зразумела, што не ведае пра яго амаль нічога, бо ён літаральна знік з памяці сям’і, і вырашыла разабрацца, што з ім сталася.

Востраў Змей у назве – гэта шатландскі востраў Б’ют, куды ў часы Другой сусветнай вайны высылаліся палітычныя праціўнікі польскага генерала і кіраўніка тагачаснага польскага ўраду ў эміграцыі Уладзіслава Сікорскага (у тым ліку Ігнацый Рачкоўскі), і калі я чытаю пра падзеі тых часоў, у мяне ствараецца ўражанне, што я зазірнула ў цяперашнія навіны. Таму, спасылаючыся на аўтарытэт Малгажаты Шэйнэрт, я магу, напэўна, выказаць меркаванне, што чалавецтва цяпер не менш здольнае да прарываў і вялікіх учынкаў, чым раней, хоць з перспектывы сённяшняга дня ўсё можа выглядаць крыху іначай. З іншага боку, а ці не прыйшоў цяпер момант, калі гэтага ўжо недастаткова?

***

Каса, дзе прадаюць

білеты ў мінулы час,

зачыненая на перападлік,

але яшчэ засталіся месцы

ў апошні каўчэг з дыназаўрамі,

які праз хвіліну адлятае

з паўвострава Юкатан

і крыху размінецца

з мэтэарытам.

 З кнігі «Геалогія». Верш «Выкапень 30».

«Усё залежыць не столькі ад самога рэльефу»

Вельмі ўразіў ваш верш у «Геалогіі» «Выкапень 54» — пра рэльеф, які нам даецца. Як вам падаецца, ці пракляцце для беларусаў – той самы рэльеф, альбо выратаванне?

— Як я разумею, тут вы маеце на ўвазе верш, які пачынаецца так: «Рэльеф – наша спадчына…» і дзе згадваюцца балоты. Менш за ўсё мне цяпер хацелася б кідацца ў геаграфічны дэтэрмінізм. Вядома, у беларускай прасторы яшчэ існуе ўяўленне пра балота як пра нешта змрочнае, нешта, што адразае нас ад астатняга свету (тут варта згадаць і «Людзей на балоце» Івана Мележа, і Балотныя Яліны ў «Дзікім паляванні караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча). Гэтае ўяўленне замацаванае нават на ўзроўні мовы: трэцяе значэнне слова «балота» паводле тлумачальнага слоўніка – «усё, што характарызуецца застоем, адсутнасцю жывой дзейнасці, маральным падзеннем». «Гэта такое балота», – так могуць сказаць пра месца, дзе няма ніякіх перспектыў. І нават ад даўняга тэзіса: «Балоты – гэта лёгкія планеты», – вее чымсьці бюракратычным, адразу ўяўляецца плакат ля выканкама дзе-небудзь у Пінску ці Лунінцы. І ўсё ж гэтае ўяўленне цяпер паступова мяняецца.

***

…Рэльеф — гэта лёс,

ён дадзены нам для пакоры,

стагоддзі балот,

дзірванная цывілізацыя,

мы са свайго рэльефу выходзім

пярэваратнямі і пачварамі…

Урывак з верша «Выкапень 54» з кнігі «Геалогія».

Жывучы ў краіне балот, упершыню я трапіла на балота толькі гадоў у трыццаць, і гэтая сустрэча аказалася зусім не такой, як я чакала. Я прыехала з сябрамі ў пачатку восені на балота Ельня, і яно было такое яркае, каляровае – сфагнум, журавіны, першае жоўтае лісце, люстэркі вады і цэлыя азёры. Вядома, Ельня – турыстычны аб’ект з добра прадуманай экасцежкай і пляцоўкамі для агляду. Але з таго часу я пабывала на многіх іншых балотах у Беларусі, і маё ўражанне не змянілася. І цяпер я мару напісаць нон-фікшн пра беларускія балоты, такі ж яркі, каляровы, поўны міфаў і казак, рэальнасці на мяжы з выдумкай. Таму што – вяртаючыся да вашага пытання пра праклён і выратаванне, – усё залежыць не столькі ад самога рэльефу, колькі ад таго, як мы на яго глядзім, што гатовыя ў ім бачыць. Я думаю, што менавіта з гэтага – змены пункту погляду – усе іншыя змены і пачынаюцца. І паэзія, літаратура – адзін з самых прыдатных для гэтага інструментаў.

***

…Свой рэльф мы не выбіраем,

але чуемся ў ім як рыбы

ў вадзе.

Урывак з верша «Выкапень 54» з кнігі «Геалогія».

Замовіць кнігу «Канстытуцыя» Ганны Янкута ў выдавецтве Kamunikat.org можна тут. Зборнік вершаў «Геалогія» — тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!