«Мне хацелася даць сігнал, што мы чуем адно аднаго»: Света Бень запісала новы альбом

Новы музычны альбом Светы Бень нарадзіўся ў супрацоўніцтве з Галяй Чыкіс. Пакуль плытка яшчэ не мае назвы, але пачуць песні з яе можна на канцэртах у замежжы.

Напярэдадні аднаго з выступаў аглядальніцы Reform.by удалося пагутарыць з музыкай і паэткай, ды распытаць яе пра супрацоўніцтва з Галяй Чыкіс, пра тое, як запісваўся альбом у Берліне, і чаму самое прыгожае, што ёсць на свеце — гэта дапамога аднаго чалавека іншаму.

Фота: dark matter.

«У ім шмат надзеі і злосці…»

Света, адкуль «растуць ногі» твайго супрацоўніцтва з Галяй Чыкіс?

— Галя — мой сябар з дзяцінства, з нейкіх віцебскіх нефармальных часоў. Яна — інтэлігентны электронны музыкант, якая грае на сінтэзатарах. У яе вельмі складаныя, прыгожыя, я бы сказала, глыбокаводныя песні. Зараз яна жыве ў Берліне.

Калі сёлета я была там з выступамі, то папрасіла ў Галі дапамогі — сыграць дзве-тры песні разам. Мы літаральна за адну рэпетыцыю зрабілі пару песень у такім вельмі прыблізным выглядзе, сыгралі іх на канцэрце, і быў прыемны рэзананс. Людзі зацікавіліся, сталі пытацца — калі гэтыя кампазіцыі яшчэ прагучаць у такім варыянце?

Зараз я была ў Берліне два месяцы, і ў нас з’явілася магчымасць пайграць разам, а таксама і запісаць адразу альбом. І мы зрабілі яго ўсяго за два тыдні.

Фота: dark matter.

Як гэта — запісваць альбом у Берліне?

— Мне падаецца, што гэта такая асаблівасць Берліна — лёгкасць і натхнёны падыход, вельмі шмат альтруізму.

Напрыклад, культурная платформа пад назвай «Панда» дала нам сваю пляцоўку — у іх вельмі добры апарат. Мы змаглі там запісаць па тры дублі кожай песні ў жывым выкананні.

Гэтаксама з намі супрацоўнічаў вельмі класны берлінскі гукарэжысёр. Аказалася, што ён увогуле родам з Англіі. Мы сустракаліся з ім ужо на фінальным этапе, і ён давёў альбом да гатовага выгляду проста з неверагоднай хуткасцю.

Але галоўная праца па звядзенні адбывалася ў нас у склепе.

— Ого!

— Гэта яшчэ адна такая адметнасць Берліна — маленкія, утульныя склепчыкі. У доме Галі такі таксама ёсць, і ён перароблены ў маленькую хатнюю студыю. Мы сядзелі там з Галяй і «круцілі» нашы запісы, меркавалі, як зрабіць лепш. За паўтары тыдні ўсё пачысцілі, падрыхтавалі, лічы, завершаны прадукт. Потым адбылося шэсць сустрэч з берлінскім гукарэжысёрам — і ўсё. Альбом гатовы да запуску.

Як бы ты магла ахарактарызаваць вашу новую плытку?

— Не ведаю. У мяне няма аналітычных здольнасцей. Але ён — разнастайны. У ім шмат розных эмоцый.

Фота: dark matter.

Ці ёсць назва?

— Няма. Бо да гэтай пары мы не можам вызначыцца, якая ж песня галоўная. Але ў альбоме шмат надзеі, злосці…

Пры гэтым асноўны матэрыял для плыткі быў створаны яшчэ да вайны.

Абсалютная большасць песень. Зараз не тое, што яны не падаюцца актуальнымі, але мы знаходзімся ў іншых варунках, кожны дзень дае нам новыя выклікі. Увогуле, як у сённяшняй сітуацыі паказаць альбом гледачу ў Беларусі — не зразумела. На тэрыторыі Беларусі яго пакуль сыграць немагчыма.

Але для кагосьці ён стане падтрымкай?

— Спадзяюся, што так. Мы плануем выкласці альбом у сеціва.

Пэўна, ёсць людзі, якія асэнсоўваюць і бачаць свет ды падзеі, якія адбываюцца тут, з блізкага мне пункту гледжання. Мне хацелася б паразмаўляць з тымі людзьмі і даць ім сігнал, што мы чуем адно аднаго.

Фота: dark matter.

«Мяне заўсёды займалі рэчы сумныя, пранізлівыя і страшныя»

Мне ўдалося на адным з замежных канцэртаў пачуць некалькі песень з альбома. І яны здзівілі мяне сваім канцэптуальным падыходам у падачы. Гэта вельмі круты матэрыял. Канцэптуальным я яго называю, мяркую, менавіта з прысутнасці электроннай музыкі. Цябе асабіста не бянтэжыць яе панаванне ў новым музычным выказванні?

— Я не бачу тут праблемы. У нас большую частку існавання гурта «Серебряная свадьба» былі клавішы, музыка на сінтэзатарах, электронная музыка, якая вельмі блізкая да таго, што гучыць зараз. Потым мы гралі разам з Арцёмам Залескім, працягвалі сваю прагу да электроннай музыкі, — я не бачу істотнай розніцы. Няма такога, быццам: тады я грала адно, а зараз — нешта другое. Для мяне адно выцякае з іншага. Гэта вельмі важна.

Галя — самастойны, вельмі цікавы, і, на мой погляд, вялікі музыкант. Надзвычай асаблівы. Канечне, яе роля тут неаспрэчная, аднак мае песні, мне падаецца, мала змяніліся. За апошнія дзесяць гадоў яны ствараюцца аднымі і тымі ж сродкамі, на адну і тую ж тэму, проста з розных маленькіх граняў.

Ці можна казаць, што тваё творчае амплуа зараз мяняецца?

— А якое гэта амплуа?

Фота: dark matter.

Я бы сказала, летуценніцы, якая бачыць рэчы наскрозь.

— Мне падаецца, што за выключэннем маленькага адсотку песень, у мяне ніколі не было вобразу летуценніцы. Мяне заўсёды займалі рэчы сумныя, пранізлівыя і страшныя.

Сум — гэта тое, што ў мяне было часцей за ўсё. Заўсёды. Сум і пошук надзеі.

Пошук падтрымкі і прага даць яе. Прайсці разам нейкі шлях. Жыццё — заўсёды страшнае. Было, ёсць і будзе.

Ты кажаш зараз вельмі пранізлівыя рэчы. Што тады можна супрацьпаставіць яму — страшнаму жыццю?

— Самае прыгожае ў свеце — калі чалавек дапамагае іншаму чалавеку.

Альбо захоўвае ў сабе чалавека, нягледзячы ні на што. Усё — больш нічога няма.

Фота: dark matter.

Атрымоўваецца, што тыя змены, якія зараз адбываюцца з табой як музыкай, адбываюцца натуральна і незаўважна?

— Унутрана я іх не адчуваю. Раней проста было больш падстаў да жартаў, і можна было казаць пра сумнае, а потым дазволіць сабе нейкія жартоўныя рэчы, паставіцца да нечага іранічна.

Калі ж сёння столькі болю… І калі яна тычыцца не столькі цябе, колькі іншых — то гэта не можа быць жартоўным. Жартаваць можна, калі гэта закранае цябе асабіста. Калі іншых — ты не маеш права жартаваць.

І таму зараз у маім жыцці жартаў стала меней. А сумнага — столькі ж, колькі і было.

Фота: dark matter.

Новы альбом Светы Бень і Галі Чыкіс мусіць з’явіцца ў сеціве ўвосень.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!