Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня

Главное

21 сакавіка 2021 года, калі яшчэ было незразумела, куды рушыць наша гісторыя, Вітольд Ашурак напісаў у лісце з турмы за два месяцы да смерці: «Надзея — гэта першы крок да перамогі! Насамрэч мы ўсе ўжо перамаглі! Мы здолелі выціснуць са свайго сэрца страх і паверылі ў свае сілы! Нашыя ворагі ведаюць гэта і адчуваюць нашу маральную перамогу. Нам застаецца толькі замацаваць сваю перавагу!»

І што б не адбывалася, і што не адбудзецца далей, 9 жніўня ўжо застанецца ў нацыянальным календары – як пачатак беларускіх пратэстаў 2020, пачатак колу падзей, якія змянілі нас назаўжды.

Але наша рэвалюцыя ўсё яшчэ ў прагрэсе. І цана, якую плацяць людзі, падаецца ўжо непамернай.

Аднак наша маральная перамога, пра якую казаў Вітольд Ашурак, нікуды не сышла. І каб дайсці да перамогі рэальнай, нам трэба знайсці сілы працаваць далей на яе і верыць. Reform.by сабраў дзесяць запаветаў, якія перадалі нам палітвязні ў сваіх прамовах («апошніх словах») на судах, менавіта дзеля гэтага – дзеля ўмацавання духу.

Мы нагадваем, дзеля чаго гэтыя людзі паставілі на кон усё.

Перад намі беларусыі, якія нягледзячы на сваю мужнасць, маюць патрэбу ў нашай падтрымцы. Хтосьці —  у зняволенні, а хтосьці — ужо на свабодзе.

Але вось іх словы, якія дапамагаюць нам ісці далей.

Запавет першы. Выконваць законы

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Віктар Бабарыка: Я доўга не мог адказаць на пытанне, ці правільна я зрабіў 12 траўня [калі абвясціў пра прэзідэнцкія амбіцыі]. Былі наступствы для маёй справы, якой я аддаў 25 гадоў, для людзей, з якімі працаваў, для майго сына, для сяброў. Я ведаю адно, што матыў быў толькі адзін: я хачу жыць у краіне, дзе перамагае закон.

Запавет другі. Захоўваць годнасць, не прымаць гвалт і хлусню

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: dw.com.

Вольга Залатар: Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо жыву па Божым запавеце. Я тут, бо я мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка, я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту. Мы ўсе — дзеці Божыя. Кожны мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да валадарства Божага, дзе пануе любоў. У валадарстве Божым няма нянавісці, зайздрасці, хлусні, помсты і страху.

Запавет трэці. Свабодна выказваць свае меркаванні

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Таццяна Вадалажская: Артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантаванае права грамадзян на свабоднае выказванне свайго меркавання і перакананняў. Таксама гарантавана, што ніхто не можа прымусіць чалавека адмовіцца ад яго думкі і перакананняў. І я думаю, што мае дзеянні 25 кастрычніка 2020 года адпавядалі менавіта гэтаму артыкулу Канстытуцыі, і я такім чынам выказвала сваё стаўленне да сітуацыі — выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю.

…У маіх дзеяннях таксама не было ніякай дэструкцыі, ніякай накіраванасці на разбурэнні, а хутчэй наадварот — жаданне перавесці той палітычны канфлікт і тыя палітычныя супярэчнасці, якія ёсць у грамадстве, у цывілізаванае рэчышча, у рэчышча перамоваў і павагі меркавання ўсіх грамадзян.

І я глыбока ўпэўнена ў тым, што спакой і грамадскі парадак будуецца толькі на тым, што паважаецца меркаванне ўсіх грамадзян, паважаюцца ўсе палітычныя погляды, і рух у будучыню вызначаецца дыялогам, хай вострымі, але дыскусіямі, але не арыштамі або прымяненнем гвалту.

Запавет чацвёрты. Абараняць права выконваць прафесійныя абавязкі

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Кацярына Андрэева: У мяне ёсць маладосць, любімая прафесія, поспех, вядомасць, а галоўнае — чыстае сумленне. І свае сілы я хачу накіраваць выключна на стварэнне ў Беларусі, на служэнне ёй. Беларусі, дзе не будзе месца палітычным рэпрэсіям, дзе не будуць пераследаваць за сумленную журналістыку, за праўду.

…15 лістапада людзі, узрушаныя забойствам Рамана Бандарэнкі, выйшлі, каб выказаць свой пратэст. Я паказвала гэтыя падзеі на «Плошчы Пераменаў» у наўпроставым эфіры тэлеканалу «Белсат». За гэта мяне кінулі за краты паводле прыдуманага, сфабрыкаванага абвінавачання.

Запавет пяты. Абараняць блізкіх і суседзяў

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Сцяпан Латыпаў: Я не ведаю, які будзе прысуд, колькі насамрэч буду сядзець. Як паказала практыка, усё не ў руках суддзі і нават не ў маіх, і не ў кожнага з нас. Але я хацеў сказаць адно: які б я ні быў, я такі, які я ёсць, і я ўсіх вас вельмі люблю. І я не магу па-іншаму. Я буду вас абараняць так, як магу… Я лічу, што гэта мой абавязак. І я лічу, што па-іншаму немагчыма.

Запавет шосты. Не быць зверам

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Зміцер Дашкевіч: Я часам задаю сабе пытанне, што думаюць гэтыя людзі, <нрзб> калі просяць выносіць прысуды. Было б прасцей, каб мы бачылі перад сабой звярэй <нрзб>. А так яны ходзяць, усміхаюцца…

…Я не разумею, што адбываецца. Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца — гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а не той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа: «Временами не до законов».

Запавет сёмы. Быць свабодным

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Яна Арабейка: Высокі суд, паважаныя «подельники» і госці залы, сёння я адзначаю 8 месяцаў з дня нашага затрымання. 243 дні мы, дванаццаць маладых людзей, што падаюць надзеі, правялі ў СІЗА, у месцы, поўным змроку, страху і жаху.

Уяўляеце, яго ствараюць самі людзі. Часам такія ж маладыя, як і мы. Як ні дзіўна ў гэтым змроку былі прасветы, мы дзялілі шчасце і радасці. І гэта стваралі людзі, блізкія, знаёмыя, і тыя, з кім мы не ведалі адно аднаго да таго самага лета.

Увогуле гэта зусім розныя людзі, іх шмат. Настолькі шмат, што я не змагу цяпер расказаць пра ўсіх. І кожны з іх, з гэтых людзей — гэта надзея на тое, што лепшая будучыня магчымая. Кожнаму з іх я ўдзячная.

За 8 месяцаў я сустрэла шмат розных людзей з рознымі пунктамі, ідэаламі, з рознымі сэнсамі. І гэтыя 8 месяцаў рэжымных мерапрыемстваў не змаглі пераканаць мяне ў тым, што страх бурыць давер і ўсё тое, без чаго не можа існаваць і функцыянаваць здаровае грамадства.

Таму і па сотні іншых прычын маім апошнім словам будзе свабода.

Запавет восьмы. Не сведчыць ілжыва

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Вольга Класкоўская: Калi мяне затрымлiвалi, вельмi моцна збiлi. Мне стала вельмi кепска ў мiлiцыi, выклiкалi медыцынскую дапамогу. Мяне адвезлі ў 5-ты шпiталь, дзе дыягнаставалi ЧМТ і страсенне мозгу. Гэта ўсё ёсць у крымiнальнай справе, але чамусьцi такія дробязi нiкому не цiкавыя.

Пасля таго, як мне было прызначана лячэнне, мяне скралi невядомыя ў балаклавах лiтаральна з-пад кропельнiцы, з катэтарам. Калі я трапiла на Акрэсцiна, а пасля ў Жодзіна, мне было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе, нягледзячы на заключэнне. У РУУСе я адмовiлася даваць паказанні, мне некалькi разоў пагражалi расстрэлам у выпадку, калі я не пачну сведчыць супраць сябе альбо iншых людзей. Я адмовiлася. Яны мяне не зламалi і не зламаюць. Калi мяне асудзяць па гэтым артыкуле, для мяне гэта будзе вялiкi гонар. Значыцца, маё жыццё было пражыта недарэмна, я са сваiм народам. Жыве Беларусь!

Запавет дзявяты. Будаваць дэмакратычную краіну

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Людміла Рамановіч: Мне няма ў каго прасіць прабачэння. Адзіныя, каго прашу мяне прабачыць — гэта мае дзяды, адзін з якіх загінуў падчас вайны на тэрыторыі Польшчы, а другі быў раскулачаны і асуджаны да лагера. Я прашу ў іх прабачэння за тое, што за ўвесь час нармальнай дэмакратычнай краіны мы так і не пабудавалі.

Запавет дзясяты. Любіць Беларусь

Дзесяць запаветаў у імя нашага жніўня
Крыніца фота: prisoners.spring96.org.

Дзмітрый Фурманаў: Гэты антыграмадскі рэжым пераменіцца, і на яго месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць адраджаць нацыянальныя каштоўнасці, павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэта будзе новы час, калі мы зноў будзем ганарыцца сваёй дзяржавай, міліцыяй, следчымі органамі, пракуратурай, судовымі ўстановамі, прафесійнымі хаўрусамі ды, нарэшце, сваёй беларускай мовай, гімнам, сцягам, гербам. Таму, якое бы ні было прынята рашэнне ў дачыненні да мяне і маіх сяброў, я ўпэўнены, што ў нас ва ўсіх усё абавязкова будзе добра. Але толькі дзякуючы такім неабыякавым людзям, якія нас падтрымліваюць у лістах і паштоўках. ­­

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: