Праект «Палітвязынка», прысвечаны беларускім жанчынам у зняволенні, набірае папулярнасць у сеціве

Аўтаркі праекта журналістка Яўгенія Доўгая і мастачка Ганна Татур намагаюцца прыцягнуць увагу да беларускіх жанчын-палітвязынак, якія знаходзяцца за кратамі.

У Instagram праекта размешчаны мастацкія партрэты зняволеных жанчын і іх гісторыі.

Сярод беларускіх палітвязняў (а гэта 1264 чалавек) не менш як 142 жанчыны (у гэты лік не ўваходзяць тыя, хто пад адміністрацыйным арыштам, а таксама тыя, чые справы праваабаронцы не паспелі разглядзець).

Першы партрэт праекта –­ «бабуля-тэрарыстка», так называюць сілавікі Галіну Дзербыш, бо яна нібыта мае дачыненне да падпалу аўтамабіля сілавіка. Ёй пагражае да 20 гадоў.

Галіна Дзербыш. Ілюстрацыя Ганны Татур да Інстраграм-праекта «Палітвязынка».

Пенсіянерку Галіну Міхальчук асудзілі на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за каментары.

Сацыёлага Таццяну Вадалажскую асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў «хіміі», а праваабаронцу Алену Гнаук на 3 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі.

«Свае 65 год беларуская пенсіянерка сустрэла ў СІЗА. Гэта ўжо дванаццатае яе затрыманне… Лісты Алене даходзяць рэдка, але калі прасочваюцца, у іх яна піша, што не маркоціцца і верыць, што ўсё будзе добра», – у невялікім артыкульчыку пад партрэтам можна прачытаць усю вядомую інфармацыю пра гераіняў.

Алена Гебрамарыям выпускніца медуніверсітэта, а ў калоніі працуе ў швейным цаху, а Злата Януковіч – гераіня знакавага здымка жанчын у счэпцы, атрымала тры гады хіміі. Падобных гісторый пакуль 24, але праект працягвае дапаўняцца новымі вобразамі і тэкстамі.

Алена Гебрамарыям. Ілюстрацыя Ганны Татур да Інстаграм-праекта «Палітвязынка».

У каментарах людзі пішуць свае ўдакладненні, жаляцца на тое, што лісты не даходзяць: «Мае лісты не даходзяць, напэўна, на жаль. Таму я адправіла невялікі перавод Алене ў надзеі, што яна ўбачыць мой адрас і можа напіша мне».

Аўтарка праекта Яўгенія Доўгая, якая сама спазнала досвед зняволення, даводзіць, што жанчыны, якія сёння знаходзяцца ў турмах, затрыманы за сваю грамадзянскую пазіцыю. Многія з іх «праходзяць» па цяжкіх артыкулах — за «здраду дзяржаве» і за «акт тэрарызму». З жанчын здзекуюцца, ствараюць дзікія ўмовы ўтрымання.

Пасля вайны тэма беларускіх палітзняволеных для многіх адышла на другі план.

«Я нават бачыла, як шмат якія беларусы сталі пісаць, што нашы праблемы не такія ўжо і праблемы ў параўнанні з жахам вайны, — распавядае Яўгенія першай беларускай газеце. — Але, разумееце, калі ідзе вайна, цішком можна нарабіць рознага лайна. І мне стала страшна, што пад шум вайны пра нашых жанчын забудуцца, і тады іх будуць яшчэ больш «дабіваць».

Першапачаткова Яўгенія планавала напісаць кнігу пра беларускіх палітзняволеных. Калі яна падзялілася сваёй ідэяй у сацсетках, на журналістку выйшла мастачка Ганна Татур, якая вучыцца ў Францыі ў школе мастацтваў. Так задума беларускай журналісткі ажыццявілася ў Інстраграм-праекце.

У будучыні каманда праекта хацела б зрабіць паўнавартасны тэматычны сайт.

Юлія Марчанка. Ілюстрацыя Ганны Татур да Інстаграм-праекта «Палітвязынка».

На дадзены момант 100 жаночых гісторый гэтаксама пераведзены на ўкраінскую мову. Іх Яўгенія Доўгая хоча данесці і да ўкраінскай аўдыторыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!