Ініцыятыва Беларускай Рады культуры святкаваць 7 ліпеня Сусветны дзень беларускай культуры пайшла ў народ. Сёлета да акцыі далучаюцца ўсё болей і болей суайчыннікаў па ўсім свеце.
Нагадаем, што дата 7 ліпеня была прапанавая Радай не выпадкова. У гэты дзень святкуюць дні народзінаў такія вядомыя амбасадары беларускай культуры як Янка Купала, Марк Шагал і Ян Чачот, а гэтаксама дасягае сваёй кульмінацыі беларускае Купалле. Летась ініцыятыва была пушчана ў свет, а сёлета ўжо выканаўчы дырэктар Беларускай Рады культуры Аляксандр Чахоўскі агучыў прапанову святкаваць дні беларускай культуры ні многа, ні мала, а ўвесь ліпень і жнівень. І ў падтрымку ідэі быў зацверджаны і слоган падзеі (які гучыць амаль як радок з вядомай песні гурта Queen), — Belarus must go on.
Так, сёння, да культурніцкіх мерапрыемстваў, які ўжо распачаліся ў Тбілісі і Варшаве, далучаецца Вільня. А 18.00 на Ратушнай плошчы горада адкрыецца open-air выстава Уладзіміра Цэслера HITLERKAPUT. Падчас адкрыцця імпрэзы публіку будзе вітаць, уласна, сам маэстра Цэслер (мастак выйдзе на сувязь анлайн), ды чакаецца прысутнасць прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай і мэрыі Вільні. За музычную частку на адкрыцці падзеі адказвае мужчынскі хор Unia.
Таксама ў віленскай праграме Дзён культуры, якія працягнуцца да 23 ліпеня, — паказы беларускага дакументальнага кіно, спектакляў, джазавы вечар, фотавыстава, канцэрты, майстар-класы для дзяцей… Ды нават у беларускіх кавярнях можна будзе пачаставаць адмысловыя стравы і напоі.
Увогуле для таго, каб суайчыннікі маглі дазнацца пра культурніцкія ініцыятывы да Сусветнага дня беларускай культуры, ды гэтаксама распавесці пра свае, БРК зладзіла адмысловую электронную мапу мерапрыемстваў.
На дадзены момант на ёй пазначаны ўжо больш за трыццаць імпрэзаў, што называецца, ад Велігамы (Шры-Ланка) — да Вільні (Літва).
Ды прыкладу, канцэрты гурта Navi ў Хельсінкі, Рызе і Таліне, спектакль Ігара Шугалеева “375 0908 2334 / The body you are calling is currently not available” ў Рыміні, пастаноўка Беларускага Свабоднага Тэатра “Быў у пана верабейка гаварушчы” — у Лондане, вялікі канцэртны тур па ЗША Маргарыты Ляўчук — Мінеапаліс, Чыкага, Сіэтл, Сан-Францыска, святкаванне Купалля ў Гаазе, сустрэча анлайн-клуба чытачоў Святланы Алексіевіч, прысвечаная кнізе «У вайны не жаночае аблічча», у Бразіліі, апавяданні пра Беларусь у Велігаме, ды іншыя, і іншыя.
Арганізатары акцыі звяртаюцца да ўсіх беларусаў з заклікам далучацца да руху беларускай культуры і спадзяюцца, што мапа культурніцкіх падзей будзе папаўняцца.
«Новая Беларусь – наш супольны арт-праект, — падкрэслівае Рада культуры. — Мы ствараем яго разам – па-за межамі ды турэмнымі мурамі, насуперак гвалту, ціску ды забаронам. Драматычныя абставіны апошніх гадоў раскідалі нас па свеце. Хтосьці скажа: гэта траўма. Але – гэта і моц».
Сачыць за мапай культурніцкіх ініцыятыў можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: