Дзесяць паваротаў лёсу Купалы: ад польскага настаўніка — да маскоўскай лесвіцы

Сёння Янку Купалу — 140 гадоў. Reform.by паспрабаваў прасачыць галоўныя звіліны лёсу вялікага паэта Беларусі.

Творы Янкі Купалы актыўна вывучаюцца ў школьнай праграме, таму яго забранзавелы вобраз вядомы кожнаму беларусу. Аднак шлях, які ён прайшоў, няпросты, пакручасты, яго цяжка без скажэнняў укласці ў вывераныя радкі афіцыйных падручнікаў.

У Купалавым лёсе шмат было драматычных паваротаў, калі ён мусіў рабіць выбар рознай ступені цяжкасці, – і гэтыя перыпетыі паэтавага жыцця амаль дакладна накладаюцца на шлях нацыі, агаляючы яе самыя балючыя раны. Таксама азіраючыся на жыццёвыя пуцявіны паэта, можна правесці шмат паралеляў і з сучасным днём, які падштурхоўвае беларусаў да складаных і цяжкіх лёсавызначальных крокаў.

Янка Купала. 1908 год. Фота: Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.

Выбар першы — настаўнікаў

Кола інтарэсаў Купалы прадвызначыла не адукацыя (з-за нястачы грошай ён атрымліваў яе вельмі складана), а людзі, да якіх цягнуўся, з якімі камунікаваў у маладыя гады.

Зыгмунт Чаховіч, удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў, паплечнік Кастуся Каліноўскага, сябра Літоўскага правінцыйнага камітэту і Часовага правінцыйнага ўрада Літвы і Беларусі, адкрыў Купалу Вялікае Княства Літоўскае. Каля 1880 года Чаховіч пасля 12 гадоў катаргі вярнуўся на радзіму, жыў непадалёк у Малых Бесядах. У яго маёнтку была багатая бібліятэка, дзе малады Ясь знаёміўся з нелегальнай паўстанцкай літаратурай.

Ядвігін Ш (Антон Лявіцкі) скончыў школу Дуніна-Марцінкевіча, меў рукапісы, якія даваў чытаць паэту-пачаткоўцу, верагодна, там былі выданні Багушэвіча. «Я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які быў не толькі пісьменнікам, але і пісаў па-беларуску», – потым апіша Купала свае ўражанні.

Журналіст і публіцыст Уладзімір Самойла быў рэпетытарам Купалы, вёў з ім доўгія гутаркі на літаратурныя тэмы, садзейнічаў яго адукацыі і паспрыяў выхаду першага верша «Мужык» у газеце «Северо-Западный край». Пазней Купала сустрэнецца з братамі Луцкевічамі.

Зыгмунт Чаховіч. Пачатак ХХ стагоддзя. Фота: Беларуская Вікіпедыя.

Хросным бацькам яго твораў і літаратурным апекуном быў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, выдавец, адзін з лідараў беларускага руху ў Санкт-Пецярбургу. Ён паспрыяў таму, што Купала закончыў вячэрнія агульнаадукацыйныя курсы Чарняева, якія сістэматызавалі яго хаатычныя веды. Чатыры гады малады паэт пражыў на кватэры Шыпілы і карыстаўся яго вялікай бібліятэкай.

Падагульняючы, можна сказаць, што патрэбныя кнігі патрапілі да юнака ў належны час, і ў належны час сустрэліся яму вартасныя людзі.

Выбар другі — мовы

У 1900 годзе ў некралогу на смерць Францішка Багушэвіча ў варшаўскім часопісе было зададзена пытанне: «Хто працягне пасля яго справу беларускай літаратуры?» У пачатку ХХ стагоддзя ўсё выглядала даволі безнадзейна, а друкаваць кнігі на беларускай мове ўвогуле было забаронена.

Дзяцінства Яся Луцэвіча, які нарадзiўся ў 1882 годзе, прыпадае на час актывізацыі польскiх культурных уплываў. Сваю пачатковую адукацыю ён атрымаў у адной з патаемных польскiх школ з дапамогаю вандроўнага настаўнiка.

У выніку свае першыя вершы Купала напісаў на польскай мове (1902), друкаваў іх у 1903–1904 гадах у польскiм часопiсе «Ziarno», аднак ужо 1904-м датуецца яго першы беларускі верш — «Мая доля», а ў 1905 годзе ў мінскай газеце «Северо-Западный край» быў надрукаваны верш «Мужык». З 1907 года Купала распачынае супрацоўніцтва з газетай «Наша ніва».

Янка Купала. 1904 год. Фота: ЦНБ НАН Беларусі.

У сваёй аўтабіяграфіі Купала пісаў: «У 1904 г. трапляюцца мне ў рукі беларускія пракламацыі і рэвалюцыйныя брашуры на беларускай мове. Гэта канчаткова вырашыла, што я беларус і што адзінае маё прызначэнне – служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца».

Маючы паэтычны талент такой сілы, Купала цалкам мог бы паслухаць прагматычных парад (у тым ліку і ад сваіх блізкіх) і рэалізавацца ў іншай культурнай традыцыі. Аднак што было тады з нашай літаратурнай мовай, хто б уклаў у чаканныя радкі ідэю беларускай дзяржаўнасці? Хто б напісаў «А хто там ідзе?». І як Міхалок застаўся б без свайго хіта?

Выбар трэці — псеўданіма

Адзін з «парнаснікаў», Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Стары Мінчук, Янук з-пад Мінска – псеўданімаў у Івана Луцэвіча было шмат і розных.

Аднак у першай публікацыі на беларускай мове малады паэт спыніўся на псеўданіме Янук Купала. Паэт лічыў яго сімвалічным, бо падчас свята Купалля адбываецца пошук чароўнай кветкі шчасця, што паэт апісваў як пошук лепшай долі для народа. І галоўнае: нарадзіўся ён якраз на Купалле.

Рэдактарам першага зборніка паэта (1908 год) быў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які псеўданім аўтара перакруціў на Янку Купалу. Івану Дамінікавічу Луцэвічу гэты варыянт спадабаўся, і ён яго пакінуў.

Першы зборнік «Жалейка». 1908 год. Фота: ЦНБ НАН Беларусі.

Выбар чацвёрты — тэмы

Пры хрышчэнні ў Радашковіцкім касцёле Іван (для блізкіх — Ясь) Луцэвіч быў запісаны дваранінам, але пазней паводле афіцыйных дакументаў належаў да мяшчан.

Апранаўся ён па-панску: модны касцюм, накрухмаленая манішка, хромавыя боты. Тым не менш яго першыя вершы былі пра лёс мужыка.

Увогуле гэта быў даволі модны трэнд, які з’явіўся ў другой палове ХІХ стагоддзя. Беларуская літаратура стваралася галоўным чынам шляхтай, што звярталася да мужыка. Такая ранняя творчасць Дуніна-Марцінкевіча («з вакон скрыўленых хацінак дзівіцца галота»), Кастусь Каліноўскі прамаўляў ад імя селяніна – Яські-гаспадара з-пад Вільні, а Францішак Багушэвіч узяў сабе наўмысна прыземлены псеўданім Мацей Бурачок. Польская прэса называла гэту з’яву хлопаманіяй.

Аднак ад горкіх вершаў пра лёс мужыка Купала хутка пераходзіць да больш абагуленай тэмы – да разваг пра лёс нацыі. Менавіта таму Антон Луцкевіч называе Купалу прарокам адраджэння. 1908 годам датуецца верш «Хто ты гэткі?», своеасаблівы нацыянальны маніфест. Паэт Андрэй Хадановіч заўважыў, што гэты верш – дакладны кавер патрыятычнага верша, сімвала веры польскага дзіцяці «Kto ty jesteś? Polak mały». З аднаго боку, Купалу цікавы досвед палякаў, ён бачыць, што сама польская мова робіцца ідэальнай дзяржавай, з якой потым прарасце і дзяржава сапраўдная. З іншага – беларускі паэт стварае ўнікальны культурны кантэкст, запаўняе гэтую матрыцу сваім зместам.

Янка Купала. 1919 год. Фота: ЦНБ НАН Беларусі.

Купала не прыземлены пясняр вясковага побыту, – лічыць Хадановіч. Ён акрэслівае яго як сімваліста, што ўздымаўся над будзённасцю і пагружаў чытача ў чарадзейства, магію – у нетры Беларусі, адкрываючы курганныя таямніцы.

Усю Купалаву паэзію можна падзяліць на дзве нераўнацэнныя па літаратурнай вартасці часткі: напісанае па поклічы сэрца і творы сталінскіх часоў. З 1930-х гадоў творы Купалы актыўна цэнзуруюцца, і ў сваім «пакаянным» лісце ён абяцае аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву, з таго часу выбар тэм для вершаў абмяжоўваецца жорсткімі рамкамі ідэалогіі.

«На нашым полі, / Полі калгасным, / Дзянькі праходзяць / Весела, ясна». 

Мы памятаем такога кшталту творы са школьнай праграмы. Яны настолькі слабыя, што сталінскія камісары пачалі нешта падазраваць: «…Купала не стал нашим, Купала фактически ведет против нас враждебную работу. Всем известно, под каким нажимом Купала пишет всякие декларации /…/ Все лучшие произведения Янки Купалы – направлены против нас. Там, где он выступает в защиту нашу, там, где он старается перестроиться на советский лад – с точки зрения творческой – это беспомощность, наивность и т. д.» (стэнаграма пасяджэння бюро ЦК КП(б)Б 1932 года).

Янка Купала сярод удзельнікаў драматычнага гуртка Бабруйскіх педагагічных курсаў. 1921 год. Фота: ЦНБ НАН Беларусі.

Выбар пяты — геапалітычны

Гэты выбар супадае з пазіцыяй большасці сённяшніх беларусаў – нейтралітэт.

Напачатку творчага шляху становішча Беларусі акрэслівалася паэтам як «забраны край». З 1918 года, калі Беларусь становіцца арэнай змагання паміж Захадам і Усходам, у вершах гучыць трывога за родны народ, заклік згуртавацца і самім вырашыць лёс Беларусі. У публіцыстычных артыкулах 1919–1920-х ён прапагандаваў ідэі нацыянальнай рэвалюцыі, якая дазволіла б кожнаму народу стаць гаспадаром свайго лёсу, і супрацьпастаўляў яе рэвалюцыі сацыяльнай.

А ў 1922 годзе з’яўляецца трагікамедыя «Тутэйшыя», дзе гучыць ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі як ад Захаду, так і ад Усходу.

Выбар шосты — часткі падзеленай Беларусі

Са студзеня 1919 года Купала пастаянна жыў у Мінску – і падчас польскай акупацыі (жнівень 1919 – ліпень 1920), і з прыходам Чырвонай Арміі.

З 1921 года ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і культурным жыцці – у стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, нацыянальнага тэатра, рэспубліканскіх выдавецтваў, уваходзіў у склад камісіі па стварэнні Інстытута беларускай культуры. У 1925 годзе Савет Народных Камісараў БССР прысвоіў Янку Купалу – першаму з беларускіх пісьменнікаў – званне народнага паэта Беларусі і пастанавіў прызначыць яму пажыццёвую пенсію, а таксама вызваліць ад пасад, якія той займаў, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для творчасці. Ішла беларусізацыя, квітнела культура, здавалася, што ўсё складаецца найлепшым чынам…

У 1930-я. Фота: Беларуская Вікіпедыя.

Выбар сёмы — зброі для самазабойства

Для свайго самазабойства Купала выбраў нож. Зрабіў сабе харакіры, і быў уратаваны толькі дзякуючы жонцы, якая пачула стогн…

У маі 1930 года ў партыйнай газеце «Звязда» з’явіўся артыкул, дзе Купала быў названы «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». Летам таго ж года Купалу выклікалі ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне, яму прыпісвалі кіраўніцтва выдуманай арганізацыяй – «Саюзам вызвалення Беларусі». Паэт паводзіў сябе годна, усе абвінавачанні адхіляў, аднак прыняў рашэнне, якое палічыў адзіным прымальным, і 20 лістапада 1930 года зрабіў спробу скончыць жыццё самагубствам.

Дарэчы, віну Купалы пераклалі на яго сябра, прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага. Тады ён прыйшоў да паэта ў госці: «Янка, ты павінен жыць, ты ў нас адзін». І на наступны дзень скончыў жыццё самагубствам.

Андрэй Дубінін «Клуб Дзяржынскага, ці Ноч паэтаў». 2017 год.

Выбар восьмы — жыць далей

У снежні 1930 года ў газеце «Звязда» быў апублікаваны так званы «пакаянны» ліст Купалы, напісаны відавочна пад дыктоўку. У ім паэт прызнаваўся ў «шкодных поглядах» і абяцаў «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву».

Пасля гэтага ён прымаў надзвычай актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці – абіраўся членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Мінскага гарсавета, быў членам рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы тэксту Канстытуцыі БССР, быў прыняты ў члены Саюза савецкіх пісьменнікаў. У 1936-м быў выдадзены зборнік вершаў і паэма «Песня будаўніцтву», дзе Купала паказвае працэс будаўніцтва новых форм жыцця. У 1937-м выйшаў зборнік з сімптаматычнай назвай «Беларусі ардэнаноснай».

Выбар дзявяты — Сталіна

У 1938 годзе Янка Купала зноў трапляе ў спіс «ворагаў народа». Першы сакратар ЦК БССР Панцеляймон Панамарэнка, паводле яго слоў, запісаных Міхасём Лыньковым, атрымаў ад кіраўніка НКУСАа спіс на арышт, дзе сярод іншых былі імёны Коласа і Купалы. Ён тэрмінова паехаў на чарговую нараду ў Маскву, падышоў да Сталіна па яе заканчэнні. Расказаў пра спіс. «А што, калі яны і сапраўды ворагі, дык шкадаваць?» – спытаў Сталін, аднак узяў яго пад руку, прывёў у свой кабінет, націснуў клавішу селектара, спытаўся: «У мяне тут у кабінеце малады беларускі сакратар Панамарэнка, ён кажа, што за ўсе гады савецкай улады ні адзін беларускі пісьменнік не атрымліваў ніякіх узнагарод. Гэта праўда?». Так узнікла легендарная фраза пра замену «ордэраў на ордэны». У студзені 1939-га Янка Купала быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Беларускія пісьменнікі пасля ўзнагароджання ордэнам Леніна – Якуб Колас, Янка Купала; Ордэнам «Знак Почета» – Пятрусь Броўка; ордэнам Трудового Красного Знамени – Змітрок Бядуля. 1939 год. Фота: з фондаў БДАМЛМ.

Аднак многія даследчыкі лічаць, што выратавальнай паездкі не было, і такім чынам Панамарэнка спрабаваў абяліць сябе. Бо існуе ліст Панамарэнкі Сталіну ад 21 лістапада 1938 года «О белорусском языке, литературе и писателях», дзе партыйны кіраўнік піша наступнае: «Наиболее крупную контрреволюционную националистическую работу провел союз “советских” писателей Белоруссии, идейно возглавляемый всегда десятком профашистских писателей (в том числе известные Янка Купала и Якуб Колас), и всегда для прикрытия (в том числе и сейчас) имевший у руководства коммунистов. …Здесь был центр-штаб национал-фашистской пропаганды». І далей у гэтым даносе: «Янка Купала говорит, что все, что он написал при Советской власти, не творчество, а дриндушки. Они говорят о том, что теперь литература сведена на роль придатка, разъясняющего или восхваляющего, что это не творчество, а иллюстрация… В другой раз он начал жаловаться (в своем кругу) на безудержную тоску, на то, что никакой Белоруссии он не видит вокруг себя, что его жизнь прожита даром, что он скоро умрет с такой же тоской о Белоруссии, с какой начинал свою жизнь в молодости».

І тое, што выбраць не мог?

Самагубства, няшчасны выпадак ці забойства спецслужбамі? Што здарылася 28 чэрвеня 1942 года, калі Янка Купала ўпаў у лесвічны пралёт гатэля «Масква»? З аднаго боку, ёсць сведчанні прысутнасці старонніх асоб у тыя ракавыя хвіліны, што пацвярджае версію, што гэта было класічнае забойства, інспіраванае НКВД. З іншага… А на карысць версіі самагубства нічога асабліва і няма. Як, на жаль, няма і юрыдычна зафіксаваных доказаў сведак.

Галоўны ўваход у гасцініцу «Москва». 1936 год. © Пресс-служба гостиницы «Москва».

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, што размясціўся ў Мінску на месцы яго дома, захоўваюцца парэнчы і прыступкі той самай «Маскоўскай» лесвіцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!