Валянцін Акудовіч, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч, Людміла Рублеўская, Уладзімір Някляеў, Андрэй Федарэнка, Алесь Разанаў, Адам Глобус і іншыя — імёны трыццаці трох аўтараў пазначаны ў адмысловым спісе «непажаданай літаратуры», які быў разасланы ў школьныя бібліятэкі Беларусі.
Учора дакумент быў апублікаваны Беларускай Радай Культуры.
Усё аўтары ў спісе з’яўляюцца сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў, арганізацыі, ліквідаванай у кастрычніку 2021 года.
Нягледзячы на тое, што Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ужо паспела абвергнуць існаванне распараджэння і дакумента, у якім бібліятэкарам прапануецца прыбраць з паліц кнігі вышэйзгаданых літаратараў, навіна аб чарговых цэнзурных захадах у дачыненні да беларускага слова выклікала ў грамадстве рэзананс.
З просьбай пракаментаваць сітуацыю з «выдуманым» спісам Reform.by звярнуўся да паэта і перакладчыка, сябры Беларускага ПЭНа і Саюза беларускіх пісьменнікаў Андрэя Хадановіча. Імя вядомага дзеяча культуры гэтаксама прысутнічае ў пераліку «непажаданых» аўтараў, але ў даволі «вольным» запісе — «Хадасевіч Андрэй Валер’евіч».
Пытанне, якое Reform.by адрасаваў спадару Андрэю коратка гучыць так: Ці ёсць пэўная логіка ў тым, што крок за крокам у Беларусі знішчаецца беларускае слова і літаратура?
— Людскай логікі тут няма, — адказвае экс-старшыня Беларускага ПЭНа. — Але калі паспрабаваць паглядзець з нейкага вычварнага, алагічнага боку таталітарнага рэжыму, то тут можна пабачыць два тлумачэнні, дзве логікі, якія, у прынцыпе, не супярэчаць адна адной.
У першую чаргу, гэта татальная вайна беларускага рэжыму з усім, што прадстаўляе культуру. Таму што культура падчас пратэстаў 2020 года канчаткова выявілася зброяй і сілай. Яна была тым, што супрацьстаіць дубінкам АМАПаўцаў — выразны бок святла, якое занадта яскравае, дзейнае. Вершы, кнігі, слова наогул, натхняе і надае сіл. Яно выконвае ў няпросты час тэрапеўтычную функцыю, дазваляе нам быць мацнейшнымі. І цемра не можа гэтага цярпець — яна мусіць гэта знішчыць.
— А другая логіка?
— Каб разабрацца ў другой, давайце зірнём на спіс аўтараў.
Адразу можам заўважыць, што тут ёсць імёны сусветнавядомыя — набелістка Святлана Алексіевіч. Яе знаходжанне ў спісе ў пэўным сэнсе не выклікае ніякіх сумненняў і пытанняў.
Далей знаходзім імёны, якія займаюць выразную крытычную пазіцыю — напрыклад, старшыня незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Усё як бы лагічна.
Але гэтаксама ў пераліку дзіўным чынам прысутнічаюць імёны і прозвішчы светлай памяці нябожчыкаў у беларускай літаратуры. Той жа Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў. Чым яны замінаюць? Што гэта — подлая помста аўтарам, якія ўжо пакінулі свет? Улюлюканне ў спіны? Ці можа гэта, як і сімптаматычная памылка ў маім прозвішчы, проста праява некультурнасці? І людзі, якія складалі спіс, проста не ведаюць, хто сучаснік, а хто класік у нашай культуры? Што жывыя — што мёртвыя, што Хадасевіч — што Хадановіч, — ім розніцы няма.
Таксама дадам, што ў дакуменце — і імёны пісьменнікаў, якія трымаліся вельмі далёка ад палітыкі, нават ніякім чынам не пазначаючы сваёй крытычнай пазіцыі. Чаму ж і яны тут? У адказ на гэта мне прыходзіць на розум, на жаль, самая сумная логіка. Гэты захад — не проста змаганне бескультурнасці з культурай, змаганне супраць свабоды слова, палітычнай, пратэснай функцыі творчасці. Ключавы момант тут — менавіта беларуская культура. І тады лагічнай вынікае выснова: ці сыходзіць гэта толькі ад беларускага рэжыму? Альбо падобныя дзеянні — частка чагосьці шырэйшага, на жаль, яшчэ трагічнейшага? Ці не азначае гэты чарговы крок, што ўсе беларускія цемрашалы ўжо не гаспадары самім сабе, а як паслужлівыя марыянеткі выконваюць пэўную расійскую замову? Ці не частка гэта, давайце называць рэчы сваімі імёнамі, культурнай акупацыі Беларусі? Вось гэтае слова, якое ў святле вайны прагучала ва Украіне , — «дэнацыфікацыя»?
Ці не змагаюцца з намі ўжо проста таму, што мы пішам па-беларуску? Бо нягледзячы на тое, што ёсць у гэтым спісе некалькі рускамоўных аўтараў, мы ўсё роўна выступаем з пазіцыі Беларусі і бачым свет беларускімі вачыма. Ключавое пытанне: каму гэта змаганне выгадна? Яно не выгадна нават нашай сістэме ва ўсёй яе гратэскавасці. Але яно на руку пуцінскаму імперыялістычнаму рэжыму, які паглынае культуры і мовы краін-суседак. Усё гэта — частка пакуль сімвалічнага захопу ды сімвалічнай акупацыі нашай краіны, якая фармальна незалежная, але дзе тая незалежнасць, калі ў Беларусі з бібліятэк прыбіраюцца кнігі найлепшых пісьменнікаў розных пакаленняў?
— Да якіх наступстваў гэта можа прывесці, на вашу думку?
— З аднаго боку, крокі па забароне кніг беларускіх аўтараў да горкага смеху анахранічныя. У ХХІ стагоддзі змагацца з кніжкамі — гэта як абмяжоўваць свабоду слова ў сітуацыі з інтэрнэтам. У выніку, спіс толькі дадасць пэўнага пратэснага рэспекту аўтарам, тым, хто змагаецца супраць рэжыму. Анахранічныя цемрашалы не разумеюць гэтага.
З іншага боку, безумоўна, шкада дзетак у канкрэтных школах, бібліятэках, чыё чытво ў выніку будзе менш цікавым. І, магчыма, у часы, калі дзеці ўсё менш і менш сядзяць за кніжкай, такія рэчы прывядуць да канчатковага заняпаду чытання. Вельмі, вельмі сумна ўсё гэта назіраць.
— Цікавае супадзенне. Учорашняя навіна пра «спіс забароненых аўтараў» наклалася на нядаўнюю вестку пра законапраект ва Украіне, які мусіць абмежаваць увоз і распаўсюджанне не толькі расійскіх, але і беларускіх кніг. Як б вы маглі гэта пракаментаваць?
— У гэтым кантэксце ўсё выглядае яшчэ больш сумна — выяўляецца, што мы на сёння зусім непатрэбныя нікому.
З аднаго боку, нас знішчае ўласны марыянеткавы рэжым. З іншага, мы ўспрымаемся супольнікамі, хаўруснікамі агрэсара, і перастаем быць цікавыя, мякка кажучы, Украіне. Ды больш — нясём у свет асадачак гэтай рэпутацыі.
Пры такім раскладзе застаецца толькі адно, на маю думку. Калі ўчора мы і рабілі нейкія намаганні, каб быць сабою і не знікнуць, то сёння мусім рабіць у дзесяць разоў больш. Ды словы Багушэвіча, якім ужо нашмат больш за стагоддзе — «каб не ўмёрлі», зараз робяцца ў сотні разоў актуальнейшымі. Ніхто нас не выратуе, не дапаможа апроч нас саміх, і нашых нейкіх падвойных, патройных намаганняў. Быць сабой, быць Беларуссю там, дзе мы ёсць, па ўсім свеце, дзе нас вымушана раскідана, ва ўнутранай эміграцыі і ў падполлі сённяшняй Беларусі, у кожным еўрапейскім горадзе, дзе паўстаюць беларускія суполкі.
Я бы дадаў, што ў гэтым сэнсе сімвалічна, што пазаўчора адбылася другая — кракаўская частка фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Я глядзеў, як запаўняліся слухачамі аўдыторыі, нават падчас паралельных чытанняў і выступаў. Глядзеў, як у Кракаў прыехала вялікая колькасць беларускіх кніжак, і людзі, хоць гэта было далекавата ад цэнтру, прыехалі, каб сустрэцца з беларускай літаратурай. Я не сумняюся, што праз некалькі дзён так будзе і ў Варшаве, а потым у Вільні. Пры ўсіх несумненных недапрацоўках каманды фестывалю, да якой належу і я, — у прынцыпе, гэта стала слушнай стратэгіяй: беларускае слова павінна гучаць. Сёння трэба рабіць усё, каб захаваць у некультурным свеце культуру, а ў максімальна неспрыяльных для Беларусі абставінах — усё беларускае.