Паэт, які пайшоў з жыцця 8 чэрвеня, будзе пахаваны на Лясных могілках. Cёння ў Мінску ў Доме смутку «Церемониал» (вул. Куляшова, 49) з 13.45 да 15.00 пройдзе развітанне з адной з яскравых постацей беларускай літаратуры.
Свой псеўданім – Мінскевіч – малады літаратар Сяргей Мыцько ператварыў у прозвішча і афіцыйна ўзаконіў.
Ён быў адным з заснавальнікаў авангарднага руху «Бум-Бам-Літ», спеваком, аўтарам песень і твораў у жанры фантастыкі («Сад замкнёных гор»), вершаваных зборнікаў («Праз галеРэю» (1995), «Менскія санэты / Мінскія санэты» (2002)) і кнігі для дзяцей («Прыгоды Какоса Маракоса»).
Перакладаў з польскай Міцкевіча, Славацкага, Івашкевіча, Галчынскага, Маслоўскую, з англійскай Шэлі, Лангфэла. Зрабіў поўны пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды» (1999).
Працаваў як літаратуразнаўца і абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці Адама Міцкевіча. Яго смерць у 53 гады стала ўдарам для сяброў і аднадумцаў, якія выказалі спачуванні ў сацсетках…
Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік, перакладчык:
«Чалавек, які любіў жыцьцё як ніхто. Адзін з тых, з кім мы чвэрць стагодзьдзя таму распачалі ў гэтай краіне вялікі Бум, і Бам, і Літ… Адзін з тых, з кім рабілі вясёлую мастацкую рэвалюцыю.
Апошнія гады мы кантактавалі мала. А дагэтуль гулялі ў Менску ў футбол, ладзілі матчы памяці Юрася Бушлякова. І абавязкова хадзілі пасьля гульняў на піва, каб нагаварыцца ўдосталь пра літаратуру, мову і час…
Цяпер вось Юрась і Серж у адной камандзе. Сьветлы, харошы, таленавіты, вясёлы Серж — зь ягонай непаўторнай жэстыкуляцыяй, голасам, зь ягонай цікаўнасьцю да ўсяго жывога — ад рыбаў да сонцаў і зорак. Ніколі цябе не забуду. Няхай табе будзе там лепш, чым было тут. Абдымаю цябе — як некалі пасьля забітых табой прыгожых галоў…»
Алесь Аркуш, паэт, эсэіст:
«Памёр Серж Мінскевіч. У гэта цяжка паверыць…
Сёлета я вырашыў стварыць на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі панэль пра літаратурныя маніфесты 90-х ХХ ст. Першым, з кім зьвязаўся, быў Серж Мінскевіч. Ён загарэўся гэтай ідэяй. Але пачаў скардзіцца на здароўе. Па-мойму, меў нейкія праблемы са страўнікам. Да таго ж адчуваў небясьпеку, бо патрапіў падчас пратэстаў на шматлікія фотаздымкі. Казаў, што відаць прыйдзецца зьязджаць і яму. Непакоіўся і за працу. Серж сам мне патэлефанаваў, і мы можа з паўгадзіны размаўлялі. Аказалася, што гэта была разьвітальная размова».
Ганна Севярынец, пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры:
«Мы троху ліставаліся і толькі аднойчы бачыліся — на абмеркаванні беларускага перакладу «Анегіна», Серж Мінскевіч займаўся санетам, а анегінская страфа і ёсць санет. Але столькі важнага і нечаканага для мяне тады было ім нагаворана, і пра санет, і пра пераклад, і пра гісторыю, што гэтую гутарку я вельмі часта згадваю — не з настальгіяй, а ў працы, як працоўны, вельмі каштоўны для мяне матэрыял.
А другое — з «Какоса Маракоса» Мінскевіча пачалося беларускае чытанне майго Ільі. Гэта адзіная беларуская кніжка, якую ён можа бясконца перачытваць».
Сяржук Сыс, паэт, публіцыст:
«Пішуць, што ўчора памёр Серж Мінскевіч, адзін з арганізатараў і актыўных удзельнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Малады зусім яшчэ. Вельмі прыязны пісьменнік і чалавек. Эх, колькі з ім звязана было!
Ён жа яшчэ разам з Алесем Туровічам прасоўвалі новую фішку — транслагізм. Удзельнічаў у літаратурна-мастацкай акцыі «Пасля сцяны» (Стакгольм, 1999), «Пісьменнікі супраць глупства» (Лахты, Фінляндыя, 2001).
Пераклаў «Дзяды» Міцкевіча, «Крымскія санеты», Славацкага, Івашкевіча, Галчынскага, Маслоўскую, Герберта, Мрожэка, і дзясяткі іншых.
Найбольш засталіся ў памяці сумесныя ўдзелы ў літаратурна-мастацкіх імпрэзах тэатра “Арт-С” і Міжнародным фестывалі эксперыментальнага мастацтва “Дах”.
Адам Глобус, пісьменнік, паэт, мастак:
Мінскевіч і план «Б»
Памёр літаратар Серж Мінскевіч. Ён некалькі разоў цяжка хварэў у каронавірусную пандэмію. Пэўна, каронавірус так моцна пашкодзіў здароўе, што Серж памёр у 53… Калегі па літаратурнаму цэху напісалі шмат шчымлівых слоў пра таварыша, пра ягоныя вершы і пераклады, пра творы для дзяцей, пра песні ды выступы на вечарынах… Напісалі, што будуць помніць паплечніка, як аднаго з самых яркіх удзельнікаў літсуполкі «Бум-Бам-Літ». Мне Серж запомніўся зусім іншым. Ён уразіў прызнаннем у тым, што ўсё жыццё празаймаўся не зусім сваёй справай. Расказаў, што ягоная сястра выдатнам водзіць вялікія машыны, на якіх і ўдзельнічае ў аўтагонках. Сястра так хутка і так віртуозна ездзіць на магутных грузавіках, што Серж ёй зайздросціць. Замест таго, каб займацца літаратуразнаўствам і паэзіяй, ён мусіў разам з сястрою ганяць на хуткіх машынах па афрыканскіх пустэльнях, а не сядзець у кабінеціку Акадэмі Навук і не пісаць заключэнні на кепскія ды пасрэдныя кнігі. Ён нават верыў у тое, што хутка зоймецца аўтагонкамі… Я казаў Сержу, што кожны з нас мае права на другі шанец, на план «Б». Сумна, што ў Мінскевіча план «Б» з аўтагонкамі так і не запрацаваў.
***
Дзіцячыя вершы паэта вельмі папулярныя сярод малечы. Мы дзелімся трыма з іх.
Серж Мінскевіч
Мядзведзь на кірмашовым пляцы
Чвэрць аднаго мястэчка займаў пляц круглаваты,
Чвэрць пляцу ў тым мястэчку займаў кірмаш стракаты,
Чвэрць кірмашу на пляцы займаў мядзьведзь калматы,
А чвэрць таго мядзьведзя займаў салодкі мёд –
Таму вакол быў добры і ўсьмешлівы народ.
Горка
На горку ісьці – цяжка!
З горкі – нам будзе лягчэй!
Бо маюць дарослыя – важкасьць,
Хаця яна ёсьць і ў дзяцей!
З горкі зьедзем – опля-ля!
Нас прыцягвае зямля.
Новы дзень
Пара прачынацца аконцу,
Адкрыем на ім фіранку,
«Дзень добры!» – мы скажам сонцу,
І небу, і сьветламу ранку.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: