Сёння ў Мінгарсудзе працягваецца судовае пасяджэнне над мастаком Алесем Пушкіным. Суд зрабілі закрытым, бо ўчора мастак зладзіў на працэсе перформанс, ды гэтаксама заявіў адвод судовай калегіі, дзяжабвінаваўцу і адвакату.
Відавочцы падзяліліся інфармацыяй пра тое, як учора праходзіў суд, пакуль яго не зрабілі закрытым.
Па-першае, Алесь Пушкін, якога абвінавачваюць у «наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму, здзейсненых групай асоб» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу) і «знявазе дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 Крымінальнага кодэксу) адмовіўся самастойна ісці ў суд. У выніку яго прынеслі на судовае пасяджэнне. Калі відавочцы патрапілі ў пакой, мастак ляжаў на лаўцы з заведзенымі назад рукамі ў кайданках. Такім чынам Алесь Пушкін выказаў сваю пазіцыю ў дачыненні да судовых рашэнняў і працэсу, якія ён лічыць фіктыўнымі.
«Спачатку можна было падумаць, што пагоньнікі ахоўваюць пустую клетку, — апісвае тое, што адбывалася ў пакоі, відавочца Ігар Карней. — Але “фігурант” у белым камбезе з надпісам “Белрэстаўрацыя”, у якім яго забралі проста з гістарычнага аб’екту год таму, разьлёгся на лаўцы і не падаваў прыкметы жыцьця. Толькі на пытаньне судзьдзі пра “дэмарш” запатрабаваў ад канвою зьняць кайданкі і дапамагчы паставіць на ногі. Пазьней аказалася, што ў будынак яго таксама занесьлі ў гарызантальным стане, сам на “судзілішча” ісьці адмовіўся».
Потым аўтар вядомых перформансаў «Святкаванне Беларускай Народнай Рэспублікі», «Вясна. Вольнасць. Каханне» ды іншых даў адвод адвакату, пракурору ды ўсёй судовай калегіі.
«Калі пасьля першага перапынку [Алесь Пушкін] “выпраміўся”, заявіў, што справіцца без адваката, бо цяпер гэта дэкаратыўны “фігавы лісток” і сказаў, што не давярае суду, акрамя сакратаркі – маўляў, хай сабе сядзіць ды запісвае, нікому не замінае. “Толькі яе люблю, пракурора і судзьдзю – не”, — павесяліў прысутных Алесь, хоць санкцыя артыкулу і прадугледжвае да 12 гадоў турмы. На гэты конт дадаў, што ня мае ніякіх ілюзій адносна людзей, прызначаных рэжымам. І падсумаваў: добра, што судзяць па-расейску, бо беларуская мова — не для беззаконьня», — працягвае расповед спадар Ігар.
«Я б хацеў, калі гэта магчыма, абараняць на працэсе сябе сам, — сведчыць пра працэс ужо іншы відавочца Сергій Мельянец. — Пазбавіць адваката Яніну Эдуардаўну ад клопатаў пра сябе… Па сутнасці я разумею, што ў нас цяпер прававы дэфолт. Судовая сістэма, пракуратура – гэта ўсё фікцыя. Таму, шчыра кажучы, я не выпадкова сёння ПРЫНЕСЕНЫ Ў СУД! Я не прыйшоў сам. Мяне прынеслі, разумееце? Гэта значыць, што суда ў нас, па сутнасці няма. Вы ўжо даўно вырашылі, які прысуд вынесці. Таму адвод я даю вам УСІМ!»
Ды яшчэ Алесь Пушкін зазначыў, што да яго ўжо паўтары месяцы не даходзяць лісты.
«Дзяржава робіць усё, што хоча, для ўтрымання гэтай улады. Адвакаты нашы труслівыя, беззубыя і безабаронныя. Яны баяцца абараняць. Напрыклад, у мяне ўжо паўтара месяцы абмежавана перапіска. Я паказаў дакумент аб гэтым і папрасіў адваката прыняць якую меру, дапамагчы, каб мне сталі прыходзіць пісьмы і была магчымасць адпраўляць свае. Яна замахала рукамі і сказала: “Ды не, ды не. Я не магу табе ў гэтым дапамагчы.” Нашто мне такі адвакат для віду? Я буду сам сябе абараняць», — перадае словы Алеся Пушкіна Сергій Мельянец.
Па словах Ігара Карнея, «пакуль служкі Феміды бясконца раіліся, мастак расказваў з таго боку байкі пра турэмны побыт і даваў настаўленьні свайму спадкаемцу, які застаўся за галоўнага – сыну Міколку. Спробы рэагаваць кароткімі рэплікамі ці сьмехам заканчваліся дыскваліфікацыяй з выдаленьнем. За пару слоў на пытаньне мужа выправадзілі нават ягоную жонку Яніну».
Стэндап мастака ў час перапынкаў агулам доўжыўся некалькі гадзін.
«Алесь у выказваньнях і характарыстыках на адрас улады і яе службовых падразьдзяленьняў не саромеўся. Да электрашокераў і рукапрыкладзтва не дайшло, хоць у некаторы момант сытуацыя накалілася да максімальна гарачай. Ды і не зразумела, якім чынам яшчэ пакараць чалавека, калі той і без таго сядзіць, і дакладна не зьбіраецца капітуляваць», — дзеліцца падрабязнасцямі Ігар Карней.
«Натуральна, такі “вясёлы” суд мусіў скончыцца тым, што ўрэшце і здарылася. Цяпер Алеся Пушкіна будуць судзіць “міжсабойчыкам”. Ня выключана, што акрамя судзьдзі ды абвінаваўцы яшчэ далучыцца які-небудзь “экспэрт па нацызьме”…», — дадае відавочца.
Меры засцярогі на судзе над беларускім мастаком былі надзвычайныя. «Ня верылася, што судзяць не гвалтаўніка ці забойцу, а мастака з правінцыйнага Бабра, — сведчыць спадар Ігар. — Мала таго, што запісваюць дадзеныя пашпарту на ўваходзе, дык яшчэ перад заляй “рамка” і татальнае абмацваньне ўручную. Адзін з ахвотных там і застаўся – на нейкім дакумэнце была налепка з “Пагоняй”, магчыма, ужо сам з пратаколам».
На дадзены момант Беларуская рада культуры зазначае, што на судзе мог быць затрыманы мастак Алесь Цыркуноў, які прыйшоў падтрымаць сябра. Яго бачылі ў будынку суда, у залі мастака не было, але дахаты ён не вярнуўся.
Учора суд не задаволіў хадайніцтва Алеся Пушкіна аб адводзе адваката, пракурора і судовай калегіі.
Справу мастака разглядае суддзя Алена Шылько. Дзяржабвінаваўца — Аляксандр Кароль.