Музей Янкі Купалы сёння распачынае цыкл імпрэз да 140-годдзя беларускага класіка

«Купала. 12 адкрыццяў» — так называецца цыкл сустрэч, якія будзе ладзіць Музей Янкі Купалы з супрацоўнікамі ўстановы на працягу юбілейнага года народнага паэта Беларусі.

Сёння ў Музеі на першую сустрэчу запрашае галоўны захавальнік фондаў установы Надзея Саевіч.

Як ніхто іншы [Надзея Саевіч] ведае Янку Купалу з першакрыніц, бо зберагае яго аўтографы, фотаздымкі і асабістыя рэчы – самыя каштоўныя фондавыя калекцыі, — запрашаюць на мерапрыемства музейшчыкі. — Падчас сустрэчы вы ўбачыце рукапісы і прыжыццёвыя выданні Янкі Купалы, унікальныя прадметы гардэроба паэта, пачуеце гісторыю і таямніцы самых цікавых музейных каштоўнасцей.

Сустрэчы будуць праходзіць у апошні чацвер кожнага месяца, і як анансуюць падзею ў сацсетках установы, «на працягу 12 месяцаў мы будзем распавядаць пра цікавыя старонкі з жыцця Янкі Купалы, разам з гасцямі наноў адкрываць паэтычны геній паэта, дзяліцца гісторыямі з жыцця музея».

Гэтаксама Музей вывесіў анонс будучых мерапрыемстваў Купалаўскага года.

Так, установай рыхтуюцца новыя выставачныя праекты:

  • «АўтоГРАФ» / «Αὐτόγραφον» – выстаўка аўтографаў Янкі Купалы і яго сяброў з фондаў музея і прыватных калекцый;
  • «Класікі жартуюць. Гумар дзядзькі Янкі і дзядзькі Якуба» да 140-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа;
  • «Спадчына 1922–2022» да 100-годдзя аднайменнага зборніка Янкі Купалы.

Плануюцца конкурсы, адмысловыя праграмы да Міжнароднага дня роднай мовы, Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў».

Крыніца: https://www.facebook.com/kupalamuseum.

Кульмінацыяй святкаванняў мусяць стаць Купалаўскія дні ў чэрвені і ліпені.

  • 24.06 – Купальская ноч у Купалавым доме;
  • 28.06 – Жальбіны на Вайсковых могілках у Мінску;
  • 02.07 – свята паэзіі «Купала заўсёды ў сэрцы маім» у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Ляўкі»;
  • 07.07 – урачыстая цырымонія ўскладання кветак «Палымянае слова паэта»;
  • 09.07 – традыцыйнае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…» у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка».

У Купалавай творчасці злучаліся найлепшыя здабыткі народнай паэзіі і еўрапейская літаратурная традыцыя. Янка Купала стаў выразнікам беларускага духу, яго слова аддана служыла адраджэнню Бацькаўшчыны. Сёння яно жыве ў нашай мове і ў нашых сэрцах, — запрашаюць далучацца да святкавання юбілею паэта супрацоўнікі музея.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!