«Будзе весела і балюча»: вольныя купалаўцы даюць «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» па Пясецкім у Кракаве

Сёння, 4 снежня, на сцэне кракаўскага культурнага цэнтра Małopolski Ogród Sztuki Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» дае прэм’еру «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле рамана беларуска-польскага пісьменніка-кантрабандыста Сяргея Пясецкага. Новым спектаклем у рэжысуры Мікалая Пінігіна трупа ў выганнні распачынае свой другі тэатральны сезон.

Такое зараз жыццё ў «родненькіх-каханенькіх» купалаўцаў. Гастролі ў Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, а зараз — удзел у фестывалі “Боская камедыя”, дзе беларускаму тэатру надаецца асаблівае месца. У межах падзеі незалежная трупа мае асалоду спектакляў афлайн — выхаду на сцэну да гледачоў.

Сёння ўвечары купалаўцы пакажуць пастаноўку па культавым рамане Сяргея Пясецкага «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» — самым вядомым творы аўтара-шпіёна з Ляхавічаў. Раман, які выклікаў рознапалярныя водгукі, афіцыйна быў забаронены ў Польшчы да 1990 года.

Афіша да спектакля. Фота: facebook.com/kupalaucy

«Запіскі» лічацца адным з найбольш бескампрамісных прыкладаў сатырычнага адлюстравання антычалавечай сутнасці таталітарнай савецкай сістэмы. У іх аўтар разважае ад імя «хома саветыкус», савецкага афіцэра, які перасякае савецка-польскую мяжу 17 верасня 1939 года. «Тоўсты тролінг » савецкай прапагадны 1930-х і ўдзелу СССР у Другой сусветнай вайне наўмысна напісаны грубай, прымітыўнай мовай, каб паказаць лад мыслення чалавека, «празамбаванага сталінскай прапагандай, няздатнага думаць самастойна, чалавека бязмежна прымітыўнага, аднак упэўненага ва ўласнай выключнасці і правамернасці сваёй місіі “ашчаслівіць” усе народы свету…«. Перакладчык твора Алесь Астраўцоў невыпадкова перакладаў раман з польскай на беларускую мову «толькі ў варыянце “наркамаўскага” правапісу«.

У спектаклі задзейнічаны акцёры: Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева, Андрэй Градабоеў, Ігар Сігоў, Сяргей Чуб, Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Мікалай Кучыц, Алеся Бельская, Аляксандр Зелянко і Аляксандр Паўлаў. Сцэнаграфія і касцюмы – Кацярына Шымановіч.

Праект створаны пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча.

Для беларускага гледача новы спектакль вольных купалаўцаў стане дасяжным 13 студзеня 2022 года.

«Пад Стары Новы год, які сярод купалаўцаў заўсёды быў асаблівым днём, мы прадстаўляем анлайн-прэм’еру спектакля “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” на ютуб-канале “Купалаўцы”. Не прапусціце!» — анансавала паказ на сваёй старонцы ў сацсетках незалежная тэатральная трупа.

Афлайн-пастаноўка на сцэне Małopolski Ogród Sztuki (Кракаў, Польшча) будзе дэманстравацца на беларускай мове, але з субтытрамі на польскай і англійскай. Падрабязнасці — тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!