Актрыса, рэжысёрка, музыкант і спявачка Паліна Дабравольская выпусціла дэбютны альбом «Слова». Зборнік, які складаецца з васьмі кампазіцый, — гэта шчырая і эмацыйная рэфлексія на падзеі, якія адбыліся ў Беларусі за апошнія два гады.
У альбоме чутно слова — невыпадкова музыкант супрацоўнічала з сучаснымі беларускімі паэтамі — Алесем Плотка, Ганнай Якута, Уладзімірам Някляевым ды іншымі аўтарамі, — і яе выказванне набывае мастацкую моц. Аднак не варта недаацэньваць у зборніку музычны складнік: электронныя тэмы, якія развівае Паліна, цікавыя і нетрывіяльныя. У «Слове» адчуваецца жарсць, гнеў і боль.
— Я гэта ўсё раблю ад сэрца, — анансавала выхад альбома Паліна Дабравольская ў сваім фейсбуку. — Таму так балюча там бывае. І, канешне, не для сябе. Усё заўсёды для гледача/слухача/як хочаце. Усё для вас.
Таму я буду вельмі шчаслівая, калі вы заслухаеце мае Словы.
Таму я буду вельмі ўдзячная, калі вы мне потым напішаце, што ў вас трапіла.
Таму я буду вельмі радая, калі вы распавядзеце сваім сябрам пра тое, што вам спадабалася.
Беларуская музыкант, актрыса і рэжысёрка з’ехала за мяжу ў гэтым годзе. Дзяўчына была вымушана пакінуць Беларусь з-за палітычнай абстаноўкі.
Часам нараджэння музычнага праекта Сhornabrova можна лічыць чэрвень 2021-га.
Цалкам слухаць альбом можна тут.