Зянон Пазняк: Сваю дзяржаву «ябацек» яны не пабудуюць

Зянон Пазняк — чалавек-легенда. У гісторыі Беларусі ён трывала заняў месца як сімвал адраджэння беларускай ідэі і адзін са стваральнікаў незалежнай беларускай дзяржавы. Здавалася, яго час прайшоў, але некалькі гадоў таму ён зноў заявіў пра сябе, даў серыю гучных інтэрв’ю і паказаў сябе як яркі палітык кансерватыўнага кшталту, чым, па праўдзе кажучы, напалохаў ліберальна арыентаваных прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. А нядаўна ён выклікаў чарговы скандал прапановай зняць санкцыі з рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пазняк належыць да пакалення харызматыкаў канца СССР. Мабыць, з той эпохі захаваліся толькі Лукашэнка і ён. Журналіст Reform.by Аляксандр Атрошчанкаў пагаварыў з Зянонам Станіслававічам і выслухаў яго аргументацыю і бачанне сітуацыі ў Беларусі.

Інтэрв’ю з Зянонам Пазняком было запісанае да трагічнай перастрэлкі, дзе загінулі праграміст Андрэй Зэльцар і афіцэр КДБ Дзмітрый Федасюк. Пазней мы задалі Зянону Станіслававічу пытанне і аб гэтым, аднак публікаваць адказ не будзем. Герой нашага інтэрв’ю пракаментаваў гэты выпадак з характэрнай для яго рэзкасцю. Відавочна, публікацыя такой ацэнкі на нашым сайце прывядзе да прадказальных наступстваў і крымінальнай справы, таму мы ў гэтым выпадку пайшлі на самацэнзуру і выдалілі адказ з тэксту інтэрв’ю. Спадзяемся на разуменне.

— Што вы адчулі ў жніўні 2020-га, калі Беларусь афарбавалася ў бел-чырвона-белыя колеры? У мяне былі змяшаныя пачуцці. З аднаго боку, не дарэмнымі былі дзесяцігоддзі працы вашай, тысяч іншых людзей, якія супраць плыні, нягледзячы на рэпрэсіі, прасоўвалі нацыянальныя сімвалы ў калектыўнае падсвядомае, і ў драматычны момант народ адчуў сваё сапраўднае сэрца. З іншага боку, вы казалі, што выхад на вуліцу несвоечасовы…

— 7 жніўня я напісаў вялікі артыкул аб сітуацыі, у якім спрабаваў папярэдзіць і неяк стрымаць людзей ад неабдуманых дзеянняў. У мяне была інфармацыя аб тым, што за некалькі месяцаў да выбараў пачалі рыхтаваць пабоішча. Рыхтавалі гэта расейская ФСБ, якая, як вы разумееце, уплывае і на беларускае КГБ. І група «вагнэраўцаў» апынулася ў Беларусі невыпадкова.

Мае кантакты павядомілі мне, што, паводле задумы, правакатары плануюць забойства некалькіх амапаўцаў, пасля чаго павінен адбыцца разгром пратэстоўцаў і рэпрэсіі. Фактычна, план з Бабарыкам быў планам замены нелегітымнага расейскага сатрапа на легітымнага, падпарадкаванага Расеі праверанага чалавека. Гэты варыянт мог спрацаваць. Але атрымалася так, як атрымалася. Расейцы думаюць, што з беларусамі можна лёгка справіцца. Але яны памыляюцца. Дзвесце гадоў нічога не атрымліваецца. Мільёны людзей паклалі ў магілу, павысялялі ў Сібір, але – Беларусь жыве.

У сваім артыкуле я не мог называць некаторыя дэталі, але пісаў, што вельмі важна ўстрымацца. Карнікі сканцэнтравалі і бронетэхніку, і АМАП, і спецназ, здымалі нават ахову турмаў, каб зрабіць велізарнае пабіццё. Калі б атрымалася ўстрымаць людзей у першыя дні, то ўлады вымушаныя былі б расканцэнтраваць сілы. Не адбылося б гэтага пабіцця, а пратэстны патэнцыял захаваўся б. Бо за апошнія дзесяць гадоў вырасла новае пакаленне. Нябітае, смелае пакаленне, якое мела сілы і рашучасць пратэставаць. І гэта было б моцным яго ўнёскам у нацыянальную ідэю і тым, з чым можна перамагаць.

Я папярэдзіў каго змог, напісаў гэты артыкул, але спыніць карнікаў ужо было немагчыма. Для меня не стала нечаканасцю тое, што адбылося. Я чакаў яшчэ горшага – што правакатары з агнястрэльнай зброі заб’юць некалькі амапаўцаў, і пачнецца татальнае вынішчэнне. Людзей, аднак, карнікі сталі забіваць і без дапамогі правакатараў. Але народ не спалохаўся і не скарыўся. Калі ўсё ж такі пратэсты пачаліся, то важнай задачай было, каб людзі сталі пад нацыянальныя сцягі. Гэта таксама атрымалася не толькі само сабой. Вы маеце рацыю, за ўсім гэтым стаялі гады адраджэнскай беларускай працы і тое, што бел-чырвона-белы сцяг быў [раней] дзяржаўным. Падсвядомае стала яўным.

Калі пратэсты пачаліся, іх трэба было падтрымліваць. Яны адыгрывалі функцыю аб’яднання нацыі. Я разумеў, што будзе паражэнне, але ролю ў салідарнасьці нацыі пратэсты выканаюць. Пасля гэтых пратэстаў Беларусь ужо не тая. Рэжым страціў падтрымку. Я дакладна ведаю, што нават у асяроддзі найбліжэйшай наменклатуры Лукашэнкі большая частка яго не падтрымлівае. Яны маўчаць, і будуць усё выконваць. Але як толькі нешта хіснецца, Лукашэнка не будзе мець апоры. Яго адзіная апора – некалькі сілавых структураў і некалькі кіроўных падонкаў, якія замазаліся ў крыві. Пакуль ёсць сродкі, яны будуць выконваць загады. Але класці жыццё за сатрапа ніхто не будзе. Агульнавядома, што ніхто не ідзе на ахвяру дзеля стаўленнікаў і тырана. Людзі ахвяруюць жыццямі за ідэю, за дзяржаву, за свабоду, але не за грошы і не за грошадаўцу, калі той валіцца.

— Вы кажаце, што галоўнай функцыяй пратэстаў стала адраджэнне і аб’яднанне нацыі. Але сёння можна казаць пра існаванне ў Беларусі дзвюх калі не нацый, то субэтнасаў: умоўна, незалежніцкага бел-чырвона-белага, арыентаванага ў большай ступені на Захад і дэмакратычныя традыцыі, і чырвона-зялёнага, арыентаванага ў большай ступені на Усход і на традыцыі Расійскай Імперыі. І Лукашэнка робіць не пазбаўленыя поспеху спробы мабілізаваць вакол сябе гэтую другую групу. Ці ёсць магчымасць аб’яднання гэтых субэтнасаў у адзіную нацыю?

— На самой справе, нічога новага ў гэтай сітуацыі няма. Амаль 200 гадоў у Беларусі праводзілася мэтанакіраваная палітыка Расеі, накіраваная на знішчэнне нацыі і культуры. Адбывалася татальная русіфікацыя, знішчэнне культурных здабыткаў, стваралася псеўдалітаратура, псеўдаідэалогія. І яны дасягнулі вынікаў. Па-першае, фізічна знішчаны быў беларускі набілітэт – шляхта і рэлігія. Знішчылі тысячы беларускіх кніг, ад якіх засталіся толькі назвы. Усё было вынішчана настолькі, што людзі, якія тут жылі – носьбіты спадчыны Вялікага Княства Літоўскага – не ведалі, хто яны такія, і называлі сябе «тутэйшымі». Гэта вынік палітыкі Расейскай Імперыі.

З нацыянальным адраджэннем пачала адраджацца ідэя беларускай дзяржаўнасці, нацыі, культуры, збіранне ўсяго разбуранага па частках. Гэты працэс ідзе па сённяшні дзень. Імперыя не знікла. Яна змянялася: царская імперыя змянілася ў бальшавісцкую. Калі Савецкі Саюз падышоў да свайго канца, узнік новы беларускі нацыянальны рух, які абапіраўся на каштоўнасці ХІХ-ХХ стагодзяў – на тое, з чаго пачынаў Кастусь Каліноўскі. Таму што і вораг быў той самы, які заяўляў, што Беларусь павінна быць русіфікаванай, што Беларусь не можа быць самастойнай, што ніякай культуры ў беларусаў няма, што гісторыі ў беларусаў няма і што саміх беларусаў няма. І гэтак далей. А з Расеяй, маўляў, будзе лепш. Тут, маўляў, эканоміка, нафта, вялікая гісторыя… і д.т.п. Гэтая ідэалогія стагоддзямі асноўвалася на расейскай мове, на штучнай культуры, рэсурсах, на веры ў вялікую імперыю. Зразумела, калі ўсё сваё было знішчанае, трэба было на нешта арыентавацца. Такім чынам з’явіліся людзі, якія ў гэтым жылі, у накінутых абставінах, і ў тое верылі. Яны рабілі кар’еру ў расейскім асяроддзі, атрымлівалі адпаведныя чыны і станы… Тое самае было і падчас Савецкага Саюза, толькі надбудовай быў камунізм, які стаў формай рускага імперыялізму. Мэты былі тыя ж самыя: адзіная так званая «агульначалавечая» мова (зразумела ж, расейская, бо больш чалавечых моў няма…). На гэтым этапе савецкай русіфікацыі людзі маглі зрабіць кар’еру толькі тады, калі яны ўступалі ў КПСС. Калі не ўступалі, то і заставаліся на ўзроўні калгаснікаў ці рабочых. Каб стаць начальнікам цэха ці брыгадзірам калгаса, трэба было ўступіць у партыю. Каб рэалізавацца, людзі ішлі ў партыю. Яны рэалізоўваліся, рабілі кар’еру і, зразумела, падпарадкоўваліся і прыстасоўваліся пад афіцыйную ідэалогію.

У гэтых абставінах існаваў канфлікт паміж імперскім (савецкім) афіцыёзам і тымі беларусамі, якія не прымалі імперскай ідэалогіі і расейскага спосабу думання альбо адмовіліся, адыйшлі ад імперскай свядомасці і ад каланіяльнага стану жыцця, зрабілі свядомы выбар на карысць свабоды і пабудовы нацыянальнай дзяржавы. Гэты канфлікт сведчыць не пра існаванне «дзвюх нацый» – каланіяльнай і антыкаланіяльнай, але выяўляе працэс пазбаўлення ад каланіялізму, працэс адраджэння Беларускай нацыі. Тут класічная схема, працэс, праз які праходзілі шмат якія забраныя народы. Нацыянальная дзяржава прадугледжвае агульную ідэю, агульнае кіраўніцтва, агульныя прынцыпы. Нацыянальная дзяржава з’яўляецца базісам — дэмакратыя ёсьць надбудова. Так было па ўсёй Еўропе, так пачыналася «Вясна народаў» (шэраг антыфеадальных і нацыянальна-вызвольных рухаў у Еўропе ў сярэдзіне ХІХ стагодзя, – заўв. Reform.by). У сваім часе праз гэта прайшлі і чэхі, і палякі, і сербы з балгарамі, і венгры, і славакі, і ўсе іншыя. У Беларусі гэтыя працэсы адбыліся крыху пазней, бо Аўстра-Венгерская, Пруская, Атаманская імперыі распаліся, а Расея застаецца дагэтуль, і барацьба яшчэ працягваецца.

Таму нельга казаць пра субэтнасы, як вы кажаце. Беларусы — адзіная нацыя, у якой ёсць гістарычна выпрацаваная адзіная мова, адзіная тэрыторыя, адзіная гісторыя. У выніку рускай каланіяльнай палітыкі беларускую мову забаранялі, абмяжоўвалі, не пускалі, знішчалі, вырасталі пакаленні, якія размаўлялі на чужой мове, не ведаючы сваёй. Ім ужо прывычна размаўляць на чужой мове. Тут сітуацыйная праблема і сітуацыйны падзел, але іншага выхаду, акрамя як адраджэньне нацыі, няма. Калі беларусы не будуць вяртацца да сваёй мовы, гісторыі, культуры, да сваёй нацыі – іх шлях у Расею, каланіяльную імперыю. Другога шляху няма. Прытым, гэты шлях будзе нават без іх волі. Сваю дзяржаву «ябацек» яны не пабудуюць. Няма перспектывы такога існаваньня побач з Расеяй. Няма нацыянальнай дзяржавы без нацыянальнай свядомасці. А ў цэлым тут зманіпуляваная імперская палітыка, што паразітуе на здэградаванай самаідэнтыфікацыі людзей, што стварылася ў выніку каланіяльнай (савецкай) русіфікацыі.

Цяпер канфлікт існуе паміж старой каланіяльнай русіфікатарскай ідэалогіяй, паміж тым сацыяльным слоем, які яны стварылі, і паміж новымі людьмі волі, свабоды, незалежнасці, якія бачаць існаванне і будучыню ў вольнай беларускай нацыянальнай дзяржаве. Гэта канфлікт ідэйны — нават не нацыянальны і не сацыяльны. Паўтаруся: мы тут не унікальныя. Паглядзіце нават на Украіну. Сёння гэта ўжо нацыянальная дзяржава, а ўсяго дзесяць гадоў таму гэтага яшчэ не было. Дзесяць гадоў таму ў іх былі фактычна такія ж самыя праблемы са свядомасцю і ўсім іншым (можа, у меншым маштабе), як і ў нас. Тут працэс пазбаўлення ад каланіялізму, ад каланіяльнай свядомасці, ад русіфікацыі і рабскай псіхалогіі. Гэта працэс гістарычны. Выразаць яго са свядомасці немагчыма. Свабода і яднанне ў свабодзе ёсць у прыродзе чалавека. Расейцы мільёнамі забівалі вольных беларусаў, а беларус жыве, і ў кожным пакаленні паняверкі ўсё роўна вырастаюць людзі, гатовыя змагацца за волю і свой народ.

— Не ўсе уяўляюць маштабы, у якіх вынішчалі…

— Маштабы жудасныя. Пасля Рыжскай змовы ў 1921 годзе паміж бальшавіцкай Расеяй і Польшчай палову Беларусі аддалі Польшчы, палову забрала Расея. Пакінулі толькі шэсць паветаў Менскай вобласці і назвалі гэта БССР. Там было 104 кіраўнікі вышэйшай партыйнай і савецкай адміністрацыі (кіраўнікі адміністрацыйных структур). З іх у 1937-м расстралялі 102. І гэта я кажу толькі пра дзяржаўную адміністрацыю. Я не кажу пра мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, сялян ды рабочых. Пісьменнікаў было прыкладна 700. З іх расстралялі 500. Сто з гэтых пісьменьнікаў і паэтаў расстралялі ў Курапатах за адну ноч 29 кастрычніка 1937 года. І гэта тое, што пераважна адбывалася толькі ў той частцы сённяшняй Беларусі, а калі лічыць з 1920 па 1953 год, то, па маіх падліках, рускія камуністы знішчылі ў Беларусі прыклада 1,8 мільёна чалавек.

Замест тых расстраляных кіраўнікоў і адміністратараў у Беларусь прыехалі тыя, хто ў камуністычнай гісторыяграфіі называецца «выдзвіжэнцамі». Гэта камуністычныя кадры з Расеі, якіх прывезлі ў Беларусь займаць пасады расстраляных «врагов народа». Прыехалі яны з жонкамі, дзецьмі. Пачынаецца верасень. «Что? Какой «вересень»? Что это за месяц? Это что, наши дети должны этот собачий язык учить? Ликвидировать беларусские школы!». Вось так гэта і працавала. Падчыстую! Гэта быў вал татальнага вынішчэння ўсяго беларускага. Тое знішчэнне мы адчуваем па сённяшні дзень. Цяпер рэжым Лукашэнкі аднавіў вынішчэнне Беларусі і практыку сталінскіх рэпрэсіяў на новым маскоўскім узроўні. Турмы перапоўненыя беларусамі, арыштаваных катуюць, гэбоўскія карнікі ўломваюцца ў кватэры і забіваюць людзей.

Але нацыя здольная адраджацца нават у такіх умовах. Ёсць палітычныя, сацыяльныя працэсы, але існуюць яшчэ і натуральныя працэсы – законы прыроды. Новае пакаленне вырасла ў ненармальных, скасабочаных умовах, але ў незалежнай дзяржаве. Людзі, якім было дзесяць гадоў у часы аднаўлення незалежнасці, сёння 35-40, і яны не хочуць успрымаць гэты хамскі маразм антынароднай улады. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што пратэсты прайшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Бо гэта ёсць нацыянальная альтэрнатыва прарасейскаму варварству рэжыму Лукашэнкі.

— Калі вы кажаце пра часовы нацыянальны урад – яго мэтай з’яўляецца артыкуляцыя голасу гэтага авангарда ў пэўных умовах?

— Цяпер у Беларусі сітуацыя гібрыднага генацыду. Зноў коціцца вал-каток, які вынішчае ўсё здаровае, вольнае, нацыянальнае, здольнае да самастойнасці. Але яно ўжо не зменіць гістарычнай парадыгмы, якая склалася пасля пратэстаў, бо нават у асяроддзі наменклатуры не бачaць перспектывы ў Лукашэнку. Зразумела, што калі б на ўсходзе не было Расеі – становішча было б іншым. Санкцыі нішчаць беларускую эканоміку, абніжаюць узровень жыцця людзей, правакуюць шалёныя рэпрэсіі рэжыму супраць народа. Усё гэта аблягчае задачу Пуціна – забраць Беларусь голымі рукамі. Лукашэнка ізаляваўся ад свету. Павадок, на якім Крэмль трымае Лукашэнку, стаў карацейшым. Падлічана, што ў першы год санкцыі справакуюць як мінімум 1,5 мільярда долараў стратаў. Пуцін Лукашэнку гэта кампенсуе, але за чарговыя саступкі. Першая задача – ваенная база. Самае галоўнае для Масквы – каб у Беларусі рускія войскі стаялі. А прадпрыемствы яны і так забяруць. Бо калі на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія войскі – гэта акупацыя. Калі нехта не памятае — менавіта так, пасля згоды на ваенныя базы, у 1940-м былі акупаваныя балтыйскія краіны. Вучэбна-баявы цэнтр – гэта ўжо пачатак такога сцэнарыя, прыкрыццё для расейскай ваеннай базы. Прытым разбураная санкцыямі эканоміка ўжо не адновіцца, бо будуць страчаныя рынкі (для заходняга бізнэсу гэта таксама выгадна). Сродкі ад Пуціна пойдуць на ўтрыманьне карнікаў і АМАПа.

Ключавы элемент санкцыйнага працэсу супраць Беларусі – фактычная транспартная блакада – штучная сітуацыя, створаная Масквой. Запальным кнотам да гэтай сітуацыі стаў інцыдэнт з Ryanair.

Зразумела, што тут паветранае пірацтва, сур’ёзны інцыдэнт. Трэба расследаваць, разбірацца, праводзіць суд. Замест гэтага пад ціскам Бруселя прымаецца палітычнае рашэнне, спыняецца пасажырская паветраная сувязь з Беларуссю. А гэта шкодна для ўсіх, і найперш для беларускіх людзей, эміграцыі і дэмакратыі.

— Чаму вы лічыце, што Брусель быў бы зацікаўлены ў такой сітуацыі?

— Таму што у Бруселі пануе меркаванне, што блакіроўка і санкцыі прывядуць да таго, што рэжым Лукашэнкі ўпадзе. Гэта памылка, ілюзія, бо ў сатрапа за плячыма Расея. Год таму (29 верасня) Макрон сказаў у Вільні, што Еўропа будзе уводзіць санкцыі супраць Беларусі і супрацоўнічаць з Пуціным, каб разам з Расеяй вырашыць праблему з Лукашэнкам. Тут крайне наіўнае ўяўленне пра пуцінскую палітыку. Але пазіцыя вымоўная, паказвае ўзровень палітычнага думання палітыкаў Еўразвязу. Па-другое, трэба разумець, што ніякімі санкцыямі і блакадамі рэжым Лукашэнкі не знішчаць, пакуль Расея будзе зацікаўленая трымаць яго як марыянэтку і скарачаць павадок, каб стварыць умовы для будучага аншюса Беларусі. Масква ж гэтага не хавае. Лукашэнку ад санкцыяў няма куды падзецца, толькі ў Расею, пагаджацца на акупацыйныя умовы Пуціна. І каб захаваць хоць бачнасць сваёй улады, ён здрадзіць, здасць і прадасць ўсё. І для Масквы няважна, што ўсё будзе незаконна, нелегітымна і бяспраўна. Тут вайна, у якой не да законаў. А Еўропа змаўчыць. Французы і немцы не будуць псаваць дачыненні з Масквой з-за Беларусі.

Захад ніколі сур’ёзна не цікавіўся Беларуссю і не разумее, што тут адбываецца, якія канфлікты існуюць і ў чым сутнасць гэтых канфліктаў. У іх дамінуе адна парадыгма, у аснове якой ляжыць геапалітыка. Пачалося гэта яшчэ ў часы прыезду ў Мінск былога нямецкага разведчыка Ганса Віка (Ханс-Георг Вік – кіраўнік Мінскай кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў 1998-2001 гадах, — заўв. Reform.by), які сцвярджаў, што дэмакратыя ў Беларусь прыйдзе з Расеі, таму Беларусі трэба з ёй аб’ядноўвацца. Прарасейская пазыцыя ў дачыненні да Беларусі ўвесь час была ў Меркель і ўсіх французскіх прэзідэнтаў.

— У той перыяд шмат хто ў гэта верыў. Барыс Нямцоў таксама лічыў, што ў Расіі ўжо назаўжды ўсталявалася дэмакратыя і Расія яе распаўсюдзіць на былыя рэспублікі…

— Ну, людзі наіўныя і шмат у што вераць. Некаторыя і ў лятаючыя талеркі вераць, і ў іншапланетнікаў, што каранавірус прыдумалі ды Зямлю захапілі. У Расеі ніколі не будзе дэмакратыі, пакуль яна будзе існаваць як імперыя. Дзеля дэмакратыі Расеі трэба разваліцца на складовыя часткі, а рускім стаць нацыяй.

І яшчэ пра Ганса Віка. Я аб гэтым ужо казаў раней, але скажу яшчэ раз: праца Віка ў Беларусі заключалася ў расколе «Беларускага Народнага Фронта» і стварэнні новай ненацыянальнай апазіцыі, якая будзе залежная ад заходняга фінансавання і праз яе можна будзе ціснуць на Лукашэнку. На гэты працэс было выдзелена 1,5 мільёна еўра, і яму гэта удалося зрабіць. Ён сам прызнаўся ў супрацоўніцтве з беларускім КДБ у гэтай справе. А ў 2000-м годзе падчас канферэнцыі ў Беластоку прызнаў, што мэтай еўрапейскай дыпламатыі быў уваход Беларусі ў склад Расіі. (Па сведчаньні ўдзельніка канферэнціі Вялянціна Голубева, Вік сказаў: «На працягу двух гадоў прыарытэтнай задачай КНГ АБСЕ было садзейнічанне ўключэнню Беларусі ў склад Расіі. З аднаго боку, гэта адпавядае эканамічным інтэрэсам Германіі. З іншага – беларусы не разумеюць, што для іх гэта найбольш кароткі і бяспечны шлях да дэмакратыі. Бо у гэтым выпадку у Беларусі будуць дзейнічаць куды больш дэмакратычныя законы Расійскай Федэрацыі». Нямецкі дыпламат пазней заявіў, што яго не так зразумелі, – заўв. Reform.by). Таму нічога новага я тут не кажу.

— Чаму так адбываецца?

— Таму што еўрапейцы не разумеюць складанай сістэмы канфліктаў, якія існуюць вакол Беларусі. Тут канфлікт паміж Пуціным і Лукашэнкам, паміж Пуціным і Беларуссю, паміж беларускім народам і Лукашэнкам з Пуцінам, паміж нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі і бізнес-палітычнай псеўдаапазіцыяй. Гэта розныя канфлікты ў адным дзеянні, прычына якога геапалітычная і называецца нацыянальнае адраджэньне і свабода незалежнай Беларусі. Супраць гэтага і за гэта ідзе барацьба, а не за аплочаную заходнімі грантамі мантру «правы чалавека». Няма ніякіх «правоў чалавека» пад акупацыяй, няма ніякіх «правоў чалавека» пад антынацыянальным бандыцкім рэжымам, няма ніякіх «правоў чалавека» у беззаконні, дзе няма палітычнай свабоды. За вольную Беларускую нацыю і за вольную Беларускую Беларусь трэба змагацца, а не за ілюзію «правоў» пад прамаскоўскай акупацыяй. Захад у гэтым геапалітычным беларускім суперканфлікце быў і ёсць на баку Расеі. Будзе вольная нацыянальная моцная Беларусь – будзе і дэмакратыя, будуць і правы чалавека. Вольная Беларусь ёсць базісам, а не дэмакратыя, якая ёсць надбудовай.

Пуцін праз Лукашэнку праводзіць сваю палітыку кантролю над Беларуссю, вынікам якой павінен стаць аншлюс. Зразумела, што мэта не ў тым, каб захапіць Беларусь зброяй і танкамі, а ў тым, каб аформіць гэта легітымна, са спасылкай на нейкія законы ці рэферэндум. Тут Пуцін і Лукашэнка дзейнічаюць у адным накірунку, але ўзнікае канфлікт з беларускім народам.

Заходнія эканамічныя санкцыі не знішчаць уладу Лукашэнкі. У адных палітыкаў гэта грубая памылка (санкцыі пад змену ўлады не выстаўляюцца, бо вынік недасягальны), у іншых — жаданне падыграць Расеі коштам упадку Беларусі. Спадзяванне Еўропы на жорсткія санкцыі нічога не дасць. Улады Лукашэнка не страціць, і ў Еўропы застанецца адзіны шлях – ісці на перамовы. Нельга дапусціць, каб лукашысцкі рэжым і чужыя сілы разбурылі Беларусь.

— Можа, эканамічная нестабільнасць паспрыяла б палітычным пераменам?

— Вельмі сумнеўна. Эканамічная нестабільнасць спрыяе збядненню краіны. Людзі тады дбаюць аб выжыванні. Беднасць прымушае людзей думаць пра тое, каб паесці, а не пра свабоду. Праўда, бунт ў згоршаных умовах я не выключаю. Але ён павінен быць нацыянальна асэнсаваны.

Нацыянальная ідэя рухала праўнае і дзяржаўнае разьвіццё еўрапейскіх народаў. Калі у 80-я гады Савецкі Саюз апынуўся ў крызісе, яго разваліла не парабудова, а нацыянальна-вызвольны рух акупаваных народаў. Ідэя стварэння народных франтоў пайшла з Эстоніі і была рэалізаваная ў іншых краінах. Перабудова мела на ўвазе падлатаць імперыю і ехаць на камунізме далей. Крамлёўцы не прадугледжвалі, што пачнецца нацыянальна-вызвольны рух, які прывядзе да паўраспаду імперыі. На гэтым этапе Беларусі ўдалося здабыць незалежнасць. Хто гэта зрабіў? Гэта зрабіў нацыянальны авангард. Гэта была актыўная колькасць перадавых нацыянальных людзей. У БНФ было сорак тысяч, а у кампартыі – 600 тысяч. Але гэты невялікі авангард падтрымлівала большасць насельніцтва, таму што фронт быў антыкамуністычнай арганізацыяй. Знішчыць камунізм было першай задачай, і гэта падтрымлівалі ўсе. Знішчэнне камунізму, незалежная дзяржава, свая беларуская дзяржаўная мова і школа – амаль усе гэта падтрымлівалі. Мы дасягнулі незалежнасці. Але былая камуністычная наменклатура засталася ва ўладзе. Раней камуністы былі сакратарамі абкамаў, райкамаў, цяпер яны сталі старшынямі райвыканкамаў і аблвыканкамаў. Уся сістэма савецкай улады засталася: адміністрацыя, сродкі масавай інфармацыі і ўсё астатняе. Патрэбна было гадоў сем-восем, лепей – дзесяць незалежнага нацыянальнага развіцця. Але гісторыя адпусціла нам толькі тры… Гэтага было замала, каб змянілася грамадзтва і знік каланіяльны «савок».

На зыходзе Савецкага Саюза Беларусь была найбольш перспектыўнай краінай у СССР. У нас была навукаёмкая вытворчасць і высокая кваліфікацыя рабочай сілы. Быў лепшы ўзровень і якасць жыцця, высокая індустрыялізацыя, згарманізаваная вытворчасць, хімічная і нафтаперагонная прамысловасць. Тое, што ў Расіі ішло за першы сорт па ГОСТ, у БССР лічылася трэцім. Тыя, хто жыў у Савецкім Саюзе, памятаюць, як цаніліся беларускія тавары.

Тады ў Вярхоўным Савеце у нас быў ценявы кабінет ураду, у які ўваходзіў увесь цвет нацыі – навуковы, эканамічны, культурны. Мы зрабілі разлікі – як у выпадку незалежнасці павінна развівацца краіна, якія рэформы трэба правесці, якія законы прыняць… Гэтыя разлікі паказвалі, што за восем год краіна здольная набыць стан усходнееўрапейскага эканамічнага дракона. Для гэтага было ўсё: кампактная тэрыторыя са сталіцай ў цэнтры, карысныя выкапні, высокі ўзровень зямлі з амаль гектарам на кожнага жыхара і г. д. Гэта была бы дамінуючая краіна рэгіёна, бо ў краіне з насельніцтвам 10 мільёнаў рэформы можна правесці значна хутчэй, чым у той, дзе 40 мільёнаў. Паглядзіце, дзе цяпер Эстонія (паўтара мільёны насельніцтва). Яна зрабіла хуткі і вялікі крок наперад.

Уся бяда была ў тым, што побач была непрадказальная Расея, якая, канечне, не магла дапусціць такога развіцця Беларусі. Група Гайдара (Ягор Гайдар – ідэолаг эканамічных рэформ падчас переходу СССР і РФ з планавой на рынкавую эканоміку, в.а. прэм’ер-міністра Расійскай Федэрацыі ў 1992 г., — заўв. Reform.by) таксама ўсё гэта пралічыла і зразумела, што Беларусь сапраўды выйдзе далёка наперад. І яны пачалі валіць беларускую гаспадарку. Рэформы Гайдара справакавалі інфляцыю, і асабліва ў заходніх рэспубліках СССР. Старая наменклатура, якая была ва ўладзе ў Беларусі, выкарыстала інфляцыю для ўласнага абагачэння, забрала ўсе грошы народа з банкаўскіх рахункаў, знішчыла таварны рынак, выклікала галечу людзей. У такіх умовах Масква ў 1994 годзе прывяла да ўлады ў Беларусі свайго стаўленніка Лукашэнку, які скарыстаў незадаволенасць людзей, сказаў, што дасць кожнаму па халадзільніку, пасадзіць за краты Кебіча, верне грашовыя ўклады насельніцтву і верне Савецкі Саюз, толькі лепшы – без крызісу, дэфіцыту, інфляцыі. Усё будзе! І вось гэтая каланіяльная свядомасць былога савецкага насельніцтва дазволіла Лукашэнку адурманіць людзей, прымусіць паверыць ва ўсе гэтыя байкі і прагаласаваць за чалавека, які не хаваў, адкрыта казаў, што ненавідзіць усё беларускае, усё нацыянальнае, саму краіну ненавідзіць. Вось такога чалавека і абралі… Каму абралі? Сабе? Не! У выніку тыя ўчарашнія савецкія беларусы выбралі на прэзыдэнта беларусафоба, хлуса, вар’ята і варвара, вызначылі будучыню. Сваім дзецям і ўнукам абралі, якіх лукашысцкія бандыты кідаюць цяпер у турмы, катуюць і забіваюць.

Пры Лукашэнку адбылася кансервацыя савецкіх парадкаў, ідэалогіі, ментальнасці і жорсткае знішчэнне ўсяго нацыянальнага беларускага. Ён пачаў са спальвання беларускіх падручнікаў і закрыцця школ. Гэта мэтанакіравана рабілася 27 год. Люстравалася грамадства. Як толькі даведваліся, што нехта, напрыклад, чалец Кансерватыўна-хрыстыянскай партыі «БНФ» – яго адразу выкідвалі з работы. На новую працу яго ўжо не бралі. То бок люстраванае было ўсё грамадства, культурных і нязгодных пазбаўлялі магчымасцяў працаваць.

— Кажуць, што пэўную ролю адыграў Валерый Цапкала, калі спрычыніўся да «агледзінаў» Лукашэнкі ў Дзярждуме Расіі за некалькі месяцаў да выбараў…

— Магчыма. Ён здаўна меў нядобрую рэпутацыю. Выпускнік МГИМО. У МГИМО тады маглі паступіць толькі дзеці найвышэйшай партыйнай наменклатуры. Гэта быў іх інстытут. Яны рабілі там кар’еру. Такіх студэнтаў там была бальшыня. Другой катэгорыяй людзей, якія маглі туды паступіць, былі тыя, хто згаджаўся на супрацоўніцтва з КДБ. Таму пасля МГИМО Цапкалу адразу прыставілі «дарадцам» да Шушкевіча, які, дарэчы, пазней негатыўна аб ім выказваўся. Але тады ў палітыцы ніякай ролі гэтая асоба не адыгрывала.

— Вы баіцеся, што эканамічны калапс зноў адкрые дарогу папулістам?

— Гэта ўжо адбываецца. Сёння ўсе слухаюць маладую жанчыну, якая з’явілася ніадкуль. Яна не ведае, што такое люстрацыя, дэкамунізацыя і д.т.п. Лукашэнка ўжо сядзіць у людзей у пячонках, таму людзі маглі і за табурэтку прагаласаваць. Абы не Лукашэнка. Тым больш што гэта не табурэтка, а прыгожая маладая жанчына, якая ўсміхаецца і не хавае, што яна нічога не разумее ў палітыцы ці ў чымсьці іншым. Але ж за ёй стаяць канкрэтныя людзі, якія праводзяць пэўную палітыку, якія маюць фінансавую падтрымку з Захаду. Так з’явіўся кліч увесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, каб зваліць уладу Лукашэнкі. Але ў Захада тут свая палітыка. Ціханоўская, якая ў гэтым нічога не разумее, агучвае такую палітыку. А хто нясе адказнасць за наступствы?

— Пачакайце, пры ўвядзенні санкцый не агучваецца патрабаванне змяніць рэжым. Афіцыйныя патрабаванні — спыненне рэпрэсій і вызваленне палітвязняў. Больш за тое, сур’ёзныя санкцыі пачаліся толькі пасля інцыдэнта з Ryanair і пачатку транзіту мігрантаў. Да гэтага Лукашэнка рабіў з беларусамі што хацеў, а санкцыі былі сімвалічнымі.

— Не, не так. Спачатку казалася напрасткі аб адыходзе Лукашэнкі ад улады. 26 верасня 2020 года прэзідэнт Францыі Макрон у інтэрв’ю выданню Le Journal du Dimanche нават заклікаў Лукашэнку добраахвотна пакінуць пасаду. Потым для гэтай лапідарнай (і наіўнай) прапановы была дыпламатычна прыдуманая (дакладней, падхопленая ў Латушкі-Ціханоўскай і К.) палітычная форма адхілення Лукашэнкі ад улады (якая і цяпер паўтараецца) – гэта правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў. Але Захад тут Лукашэнку не ашукае. Ён (Лукашенка) разумее, што тое значыць. Пуцін зацікаўлены ў санкцыях супраць Беларусі, а ягоныя спецслужбы спрычыніліся да скандалу з самалётам Ryanair, пасля якога пакет за пакетам пасыпаліся санкцыі.

Пачытайце «Хартыю». Яны кожны дзень пішуць, што партызаны вось-вось перамогуць, пальцы ўжо ў Лукашэнкі сінія, і ён вось-вось сканае і рэжым падзе. Трэба рэальна ацэньваць праціўніка. Толькі тады ёсць шанс перамагчы. У такім выпадку можна перамагчы, нават маючы меншыя сілы.

Аднак мы і далей не бачым цвярозай ацэнкі. Тое, што санкцыі абрынуць рэжым, такая ж хлусня, як тое, што у Лукашэнкі 3% падтрымкі. Рэжым не абрынуць, бо Пуцін кампенсуе страты, каб прывязаць Беларусь бліжэй да Расеі і дыктаваць сваю крамлёўскую палітыку. Эканамічныя санкцыі пакладуць Беларусь на лапаткі. МАЗ і БелАЗ, «Беларуськалій» ды іншыя страцяць рынкі сбыту. Назад рынкі ўжо не вернеш.

— Вы так кажаце, нібыты МАЗ і БелАЗ належаць беларускаму народу…

— Так, я ведаю, каму яны фактычна належаць. Мала таго, гэты рэжым з усёй Беларусі смокча. І пра ўдзел Сям’і ў тым самым БелАЗе, і аб тым, што ў Белавежскай пушчы адбываецца – усё мне вядома. Зразумела, што гэта злодзеі, гэта мафія. Так, яны захапілі тое, што належыць народу, што створана яго рукамі. Але па прыродзе яно народнае, яно павінна для народа застацца. Калі злодзей улязае ў дом – гэта ж не значыць, што трэба паліць гэтую хату. Можа, лепш тактыку адпаведную выбраць, каб злодзея схапіць, а не хату спаліць. Мусіць жа быць здаровы сэнс.

Пакінуць пасля сябе выпаленую зямлю – гэта расійскі, маскоўскі падыход. А я прапаную рабіць так, каб выратаваць народ і краіну.

Зараз пачнуцца санкцыі супраць банкаўскай сістэмы. Але сотні тысяч беларусаў працуюць на Захадзе, перасылаюць грошы сваякам у Беларусь. Цяпер яны будуць перасылаць грошы праз Маскву. Мы страцім банкаўскую сістэму.

На МАЗе і БелАЗе працуюць тысячы рабочых. Так, у выніку санкцый Лукашэнка страціць нейкія грошы. Але ж і Беларусь страціць цэлую галіну вытворчасці. А давайце дапусцім, што рабочыя выйдуць пратэставаць, у выніку — іх растраляюць. І што пачуем ад Эўропы? Макрон, можа, дасць параду Лукашэнку сысці добраахвотна… Вы ўзгадайце, што было падчас акупацыі Крыма. Гэта ж не дэманстрацыю разагналі, тут ўвесь еўрапейскі свет глядзеў, і толькі хваляваліся, каб Украіна адбівацца не пачала, каб Пуціна не злаваць. Так і тут: Захад не стане ахвяраваць для Беларусі. Ён ставіць свае мэты і дамагаецца іх, клапоцячыся пра свае інтарэсы.

— Ці не будзе аднабаковае зняцце санкцый успрынятае як слабасць, якая прывядзе да пагаршэння сітуацыі тых, хто цяпер за кратамі і хто яшчэ там апынецца?

— Гэта пытанне сур’ёзнае. Лукашэнка не настолькі дурны, каб не разумець, што, калі ён аддасць Пуціну ўсё, то стане непатрэбны і будзе знішчаны фізічна. Таму ён, седзячы на кароткім павадку, дэманструе для Масквы сваю актыўнасць і карыснасць. Зразумела, што гэты павадок не дазволіць яму пайсці на нейкія перамовы ці сур’ёзныя манеўры. Яму на гэтым павадку некамфортна, і ён бы хацеў расшырыць прастору для дзейнасці. Ён дасылае намёкі Захаду. Вось, выпусціў 13 чалавек. А вы хацелі, каб ён 130 выпусціў? Канечне, хацелі б. Але калі ён выпусціць 130 чалавек ці 300, гэта будзе праява слабасці, капітуляцыі. Таму ён выпускае 13.

На сустрэчы са сваімі сілавікамі ён кажа, што гатовы да перамоваў па мігрантах, толькі здыміце свае «ідыёцкія санкцыі».

Зразумела, што ніякага круглага стала не будзе, але могуць быць кантакты па дыпламатычных каналах. Першым знакам таго, што яны пачаліся, будзе зняцце транспартнай блакады. Гэта не будзе азначаць зняцця санкцый, але дазволіць пачаць кантакты па перамоўных каналах. Яшчэ адзін намёк – яго выказванне аб тым, што ён не рады, што ўляпаўся ў гісторыю з самалётам і з Пратасевічам (бо невядома, што з гэтым маладзёнам рабіць).

Трэба ясна прызнаць, што назад ужо мала што вернецца, і не адразу. Нават калі адменяцца санкцыі – таго, што было ў 2016-м, 2018-м, усіх гэтых грамадскіх арганізацый, такой прасторы для дзейнасці – адразу не адновіш. Так, адмова ад санкцый – гэта адступленне. Але гэта трэба рабіць. Трэба зразумець і усвядоміць: рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Ідзе наступ рэакцыі. Гэта трэба прызнаць, трэба ратаваць народ і ратаваць новую рэвалюцыю, трэба захаваць тыя сілы, што яшчэ засталіся. Трэба адпаўзці з мінімальнымі стратамі. Гэтага можна дасягнуць, ціснучы на слабасці рэжыма. А галоўная яго слабасць – залежнасць ад Пуціна. Трэба рэальна глядзець на рэчы, а не крычаць: «Ура, рэжым вось-вось упадзе».

Гэта можа не падабацца маладым людзям ці тым, хто не хоча глядзець рэальнасці ў вочы, але тыя, хто займаўся палітыкай, мяне разумеюць. Справа йдзе аб перамозе пры паражэнні, а не аб капітуляцыі перад рэжымам.

— Шмат хто менавіта так інтэрпрэтаваў вашы апошнія заявы.

— Гэта вядома. Як хто хоча, так і думае. Калі нехта ўмее лічыць толькі да ста, яму цяжка зразумець рэчы, дзе трэба далічыць да двухсот. У палітыцы, як у футболе – кожны разбіраецца. На самой справе, палітыка – найвышэйшы ўзровень грамадскай дзейнасці. Трэба вельмі шмат ведаць, мець інтуіцыю і, можна сказаць, мець палітычны слых, як у музыцы.

— Што б вы маглі сёння ўспрыняць як хаця б сітуацыйную перамогу ці дасягненне беларускай апазіцыі ў самым шырокім сэнсе?

— Цяпер ідзе разгром. Але парадаксальным чынам гэты разгром працуе на карысць апазіцыі. Тое, што робіць карны рэжым, кладзецца на нашу падтрымку. Але павінны быць і пазітыўныя дзеянні з нашага боку.

— А што трэба зрабіць у гэтай сітуацыі?

— Будзе створаны часовы нацыянальны ўрад. Гэта не ўрад, які мае легітымнасць, міністэрствы, фінансаванне і гэтак далей. Гэта ценевы кабінет, які ствараецца на выпадак, калі трэба ехаць на Беларусь і браць працэс у свае рукі, які верне сітуацыю ў прававое поле і не дасць разваліць дзяржаву.

— У ім будуць людзі, з якімі будзе размаўляць Лукашэнка?

— З ім ніхто не будзе раўмаўляць. Ён будзе арыштаваны.

Усе канцэпцыі новых законаў і рэформ у нас створаныя яшче ў 2017-м годзе – я маю на ўвазе праграму «Вольная Беларусь». Для гэтага паўтара года працавала вялікая група спецыялістаў. Мы прадбачылі, што гэта можа спатрэбіцца. Зразумела, будуць карэкціроўкі, але база ёсць.

Другое – заява аб ценевым урадзе ўключае структуру, якая рыхтуе перамену ўлады на Беларусі. Гэта вялікая колькасць людзей, якія гатовыя да таго, каб у перыяд нестабільнасці не дазволіць дарвацца да ўлады нейкім бальшавікам ці авантурыстам, якія б пусцілі ўсё пад адхон. Першыя месяцы будуць выкарыстаныя на аднаўленне суверэнітэту, кантролю над эканомікай, забеспячэнне ўмоваў для таго, каб людзі маглі вольна працаваць на сваёй зямлі. Усё гэта могуць зрабіць толькі людзі, якія стаяць на інтарэсах народа і на нацыянальных пазіцыях.

Ідэя гэтая толькі агучаная, але яе ўжо падтрымліваюць тысячы людзей. Так складваецца рэвалюцыйная легітымнасць. Я не кажу пра электаральную легітымнасць. Часовы урад ніхто не выбірае, але існуе такое правіла: калі дзяржава даведзеная да такога стану, што тэрарыстычная ўлада пачынае знішчаць народ і здзяйсняць генацыд, не выконвае ўласныя законы, тады пачынае дзейнічаць палажэнне законнай Канстытуцыі, з якой вынікае, што народ мае права на паўстанне. Структура Часовага Нацыянальнага Ураду прызначаная толькі для таго, каб даць народу магчымасць выбраць законную ўладу. Абапірацца гэты ўрад будзе на непасрэдную масавую падтрымку людзей. Зразумела, такая легітымнасць абмежаваная часам. Але шасці месяцаў будзе дастаткова, каб правесці новыя выбары і абраць парламент, які прызначыць урад, прэмьер-міністра і вернецца да законнай Канстытуцыі 1994 года. Ёсць людзі, якія ведаюць, як тое рабіць.

— Гэта сур’ёзная задача. Вы можаце назваць кагосці з гэтых людзей? Крыніцы фінансавання…

— Зразумела, я не магу назваць тых, хто ў Беларусі. Акрамя таго, структура не патрабуе ніякіх фінансавых уліванняў. На першы час яна будзе самадастатковая. Потым будзе падтрымка, але гэта будзе беларуская падтрымка. Мы не будзем браць грошы з Бруселя ці яшчэ адкуль у адрозненне ад псеўдаапазіцыі, якую стварыў Ганс-Георг Вік і ў якую увалілі мільёны. Лябедзька 30 гадоў нідзе не працаваў. Але аднекуль жа будзе пенсію атрымліваць. Можа, адтуль, дзе ён мае псеўданім Раймон? (у ліпені 2020 года адзін з ананімных тэлеграм-каналаў апублікаваў фота распіскі аб абавязку дабравольнага супрацоўніцтва з КДБ, якую нібыта падпісаў палітык. Пры гэтым імя і пасада супрацоўніка КДБ, з якім нібы абавязаўся супрацоўнічаць аўтар распіскі, былі зарэтушаваныя, – Reform.by).

Мне часта задаюць пытанне – у чым адрозненне вашай ініцыятывы ад існуючых партый, штабаў і гэтак далей. Розніца такая, што калі ім спыняць фінансаванне – ад іх назаўтра ж застанецца пыл. Нават губную памаду не будзе на што купіць. Таму што «штабы» — гэта імітацыя апазыцыі і, тым больш, ніякі не ўрад. Гэта інструмент палітыкі, які выкарыстоўваюць у большай ступені з Масквы, а ў пэўнай ступені – і з Еўразвязу.

— Калі, па вашых планах, адбудзецца вяртанне гэтага ўрада ў Беларусь?

— Не магу гэтага сказаць дакладна, бо ідзе падрыхтоўка.

— А навошта вы кажаце аб ёй? Ці не лепей было б, каб вашы планы былі сюрпрызам для рэжыму?

— А які сакрэт? Я не выдаю ніякага сакрэту. Я не кажу, хто вядзе падрыхтоўку, не распавядаю пра дэталі. Пранікнуць у деталі і перашкодзіць таму, што рыхтуецца, «яны» не змогуць. Калі гэта будзе, калі складуцца перадумовы – гэта пытанне. Але гэта будзе абавязкова. Можа, праз паўгода, можа, праз некалькі месяцаў, можа – праз два гады. Работа ідзе, і вынік будзе. Як я сказаў, Беларусь ужо не тая. Зразумела, ідзе рэакцыя, доўжацца рэпрэсіі і катаванні беларусаў. Але тое, на што банда спадзяецца, ужо не атрымаецца. Змяніўся баланс сіл. Нельга ваяваць супраць народа. А менавіта гэта Лукашэнка ад пачатку робіць. Фальсіфікацыі выбараў – гэта частка яго антанароднай вайны. Падчас пандэміі СOVID-19, калі ён груба адмовіўся, каб дзяржава дапамагала народу ў бядзе, у людзей расплюшчыліся вочы. Гэта найперш і выклікала масавы пратэстны жнівень 2020 года.

— Вы ведаеце Аляксандра Лукашэнку амаль 40 год. Ці можна казаць аб якой-небудзь эвалюцыі яго асобы?

— Ён пастарэў, стаў больш грубы, нахабны, упэўнены ў сабе, павялічылася хамства, хлусіць, як заўсёды, пераканана і з верай у сваю хлусню. Яго прырода не змянілася. Ён застаўся чалавекам, які акружае сябе халуямі, няздольнымі да супраціўлення. Па сваёй прыродзе ён здольны забіваць людзей дзеля сваіх інтарэсаў. Дарэчы, мая маці, якая разбіралася ў людзях, мела надзвычайную інтуіцыю і сэнсарныя здольнасці, калі першы раз убачыла Лукашэнку па тэлебачанні ў 1994 годзе, сказала мне: «Гэты чалавек — бандыта, асцерагайся яго». Абсалютная ўлада яшчэ больш разбэсьціла Лукашэнку. Пра бескультур’е і псіхапатыю тут не кажу. Ён не кантралюе сваю лексіку, бо ў істоце не ведае, дзе што казаць можна, а дзе няможна, дазваляе сабе груба абражаць кіраўнікоў дзяржаў, жанчын. Яму гэта ўвесь час дазваляла не толькі акружэнне (такое ж самае, праўда), але і ўсё грамадства (прытым ад пачатку), дзе пераважала меркаванне малакультурных людзей. А тым часам ён паводзіць сябе дэманстратыўна распусна і амаральна, асабліва ў дачыненні да жанчын. Эмацыйна-ментальны тып яго як быў, так і застаўся на ўзроўні 13-гадовага падлетка. Паглядзіце, як па-дзіцячы ён радуецца, калі гуляе ў хакей, калі закіне шайбу, калі прыходзіць першым дыстанцыю на ролікавых лыжах, «перамогшы» майстроў спорту! Тут хімернае спалучэнне падлеткавай псіхалогіі, гармонаў і розуму сталага мужчыны і мазгоў савецкага чалавека плюс псіхапатычны сіндром і фобія супраць беларусаў. Такі экзістэнцыяльны кентаўр індывіда, дзе б ён ні быў у соцыюме, спараджае нянавісць, разбурэнне і катастрофу.

На жаль, я не ўпэўнены, ці будзе якая «навучка» для наступных пакаленняў беларусаў, бо на гісторыі, на жаль, ніхто і нідзе не вучыцца. І цяпершчына тое пацвярджае. Апошнім часам Лукашэнка знаходзіцца ў стане злаякаснага псіхапатычнага стрэсу, размаўляе агрэсіўнай мовай нянавісці, абзываючы людзей нізкімі словамі і пагражаючы ўсім.

— Што вы думаеце пра тое, што ў планах Лукашэнкі можа быць перадача ўлады малодшаму сыну Мікалаю?

— Лукашэнка можа сабе шмат чаго думаць, але перспектывы ў яго няма. Ён гэта адчувае. Таму ўнёс свае антыпраўныя змены ў статус Рады бяспекі. Ён настолькі ненавідзіць гэтую краіну і гэты народ, што хоча, каб нават пасля яго смерці засталася хунта, якая будзе помсціць народу. Таму і важна тое, што мы ствараем Часовы Нацыянальны Урад, які не дазволіць працягу антыбеларускай палітыкі і не дазволіць, каб кантроль над Беларуссю зноў рабіла Масква.

— Калі Беларусь стане вольнай? Праз год, праз пяць, праз дваццаць?

— Прагнозы звычайна робяцца на падставе сітуацыі, якая ўтварылася, і на падставе таго, што існуе (у нас гэтым любяць займацца журналісты). Аднак мы не можам спрагназаваць сілу супраціву насуперак існуючай пазыцыі тых з’яваў, якія невядомыя і якія могуць узнікнуць. Таму прагнозы часта не спраўджваюцца і не здараюцца падзеі, якія чакаліся, але адбываюцца нечаканыя. Я прагнозамі не займаюся. Лепш добра вывучыць сутнасць з’явы і палічыць варыянты. І калі нейкі варыянт пачаўся, тады можна бачыць, што атрымаецца. Канец рэжыму Лукашэнкі – пытанне часу. Па маіх адчуваннях, гэта можа быць хутка. Можна сказаць і больш дакладна, але пакуль што тут ураўненне з трыма невядомымі. На пачатку яго трэба рашыць. І найлепш на практыцы.

***

Меркаванне і ацэнкі героя інтэрв’ю могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.by.

* * *

Спадабаўся матэрыял? Абмяркуй яго ў каментах супольнасці Reform.by ў Facebook!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!