Фестываль «Паўночнае ззянне» аб’явіў пераможцу беларускай праграмы і завяршыў працу

Культура
Кадр з фільма "Тата" Марыі Якімовіч.

Анімадок Марыі Якімовіч «Тата» быў прызнаны найлепшым фільмам беларускага конкурсу на фестывалі кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Учора, 30 верасня, у апошні дзень форуму міжнародная каманда журы агучыла імя пераможцы.

Нагадаем, што праца журы — увядзенне сёмага сезона фестывалю; да гэтай пары «Паўчнонае ззянне» працаваў у фармаце кінаагляду без вызначэння найлепшага фільма. Сёлета стужкі выключна беларускай праграмы ацэньвалі: незалежная куратарка фільмаў з Германіі Стэфані Гёрц, мексіканская журналістка і стваральніца кінапраграм Люсі Вірхен ды эстонскі кінакрытык і кіраўнік талінскага кінафэсту DocPoint Tallinn Трыстан Прыымягі. Адмыслоўцы ў запісаным відэазвароце адзначылі, што праграма конкурсу ім падалася цікавай і змястоўнай, але пераможца для іх быў відавочны адразу — стужка Марыі Якімовіч «Тата» вылучаліся шэрагам выбітных характарыстык.

«Фільм дае вельмі інтымны асабісты погляд на складаную сямейную сітуацыю. З дапамогай змешвання розных жанраў фільм — любоўнае пасланне да часоў, якіх ніколі не існавала, ён прымушае падумаць пра хрупкія стасункі, якія часта вельмі складана ўтрымаць у межах адной сям’і», — так гучала абгрунтаванне выбару ад каманды экспертаў.

Дэбютная карціна мінчанкі Марыі Якімовіч, якая цяпер вучыцца ў Польшчы, выкананая ў жанры дакументальнай анімацыі. Марыя расправядае вельмі асабістую гісторыю хваробы свайго бацькі, як гэты цяжар нясуць і прымаюць блізкія, ды, уласна, яна сама. Аўтарка выкарыстоўвае архівы сям’і: відэахронікі, знятыя на VHS-стужку, фатаздымкі з сямейных альбомаў; з дапамогай анімацыі, тэхнікі калажу Марыя стварае асабістую прастору дзіцячых успамінаў, якія міксуюцца з актуальнымі дакументальнымі здымкамі. Дзякуючы абранай інтанацыі, мове вобразаў, рэжысёрцы ўдаецца, не сыходзячы ў эксплутацыю, заставацца ў сваім выказыванні шчырай і пранікнёнай.

Усяго ў беларускім конкурсе «Ззяння» прынялі ўдзел пяць стужак аўтараў з Беларусі. Варта дадаць, што фільм магіляўчаніна Уладзіміра Казлова «Тры таварышы», на жаль, так і не быў прадэманстраваны гледачу на фестывальнай платформе — Дзяржаўны рэгістр фільмаў так і не прысвоіў карціне належнай кваліфікацыі, якая дазваляе паказаць кіно ў публічным доступе на тэрыторыі Беларусі. У якасці кампенсацыі каманда фестывалю адкрыла доступ для тых, хто набыў квіток на стужку беларускага аўтара, на чатыры іншыя стужкі форуму.

Усяго ў чатырох праграмах «Паўночнага ззяння» былі паказаныя 23 фільмы. Праграма «Індустрыяльнай платформы» ўключала 15 івэнтаў.

Сёмы форум кіно паўночных і балтыйскіх краін ладзіўся у анлайн-фармаце з 20 па 30 верасня.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: