ICOMOS паспеў да ліквідацыі падвесці вынікі конкурсу «Спадчына ў дзеянні-2»

Культура
Фота: facebook.com/icomosby.

Учора, 15 верасня, на Форуме рэстаўратараў грамадскае аб’яднанне «Беларускі камітэт Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах (IКАМОС)» агучыла імёны пераможцаў агульнанацыянальнага конкурсу рэалізаваных праектаў «Спадчына ў дзеянні».

Нягледзячы на рашэнне ўладаў аб ліквідацыі Беларускага камітэта ІКАМОС, арганізацыя вырашыла давесці свае праекты да канца, у прыватнасці, падвесці вынікі конкурсу, які быў распачаты яшчэ ў маі 2021 года.

Нагадаем, што «Спадчына ў дзеянні» — праект, мэтай якога з’яўляецца звяртанне ўвагі грамадкасці на разнастайнасць культурнай і архітэктурнай спадчыны, працу адмыслоўцаў ў сферы — яе захаванне, пераасэнсаванне, архітэктурная рэвіталізацыя і гэтак далей. Важнасць і надзённасць праекта складана пераацэніць, і менавіта таму конкурс карыстаецца вялікай увагай прафесіяналаў і культурнай супольнасці.

Сёлета, у яго другім сезоне, на конкурс было пададзена больш за 80 заявак. Журы ў складзе 30 экспертаў вызначала пераможцаў у пяці намінацыях. Такім чынам, учора на Форуме рэстаўратараў былі агучаны імёны стваральнікаў лепшых праектаў у спадчыне, зробленых у Беларусі за 2018-2021 гады.

Прадставім усе пяцёра.

1. Намінацыя «Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны».

Пераможца: Праект DAS MINSK. Аўтар — Аксана Гурыновіч, Рэйнска-Вестфальскі тэхнічны ўніверсітэт Ахена, Германія.

ICOMOS паспеў да ліквідацыі падвесці вынікі конкурсу "Спадчына ў дзеянні-2"
Скрын з сайта праекта.

Праект рэканструюе забытую гісторыю абмена беларускіх і нямецкіх манументальных мастакоў і архітэктараў. Вынікам гэтага абмену быў створаны адзін з самых буйных рэпрэзентатыўных праектаў Беларусі за межамі, – рэстаран «Мінск» у Патсдаме. Даследча-выставачны праект сабраў у дакументах 50 год гісторыі абʼекта, з моманту нараджэння ідэі да сённяшняга дня. Праект злучыў разам усіх удзельнікаў розных стадый рэалізацыі з нямецкага і беларускага боку.

Даследчыкі звяртаюцца да наведвальнікаў былога рэстарана «Мінск» з просьбай падзяліцца фотаздымкамі, відэазапісамі, якія былі зроблены ў будынку, а гэтаксама ўспамінамі. Гэтыя сведчанні дапамогуць аднавіць рэстаран, які мае рэальныя планы ўзвядзення ў 2022 годзе.

Сайт праекта — тут.

2. Намінацыя «Лепшы індывідуальны творчы ці даследчы праект / творчая праца, накіраваная на пераасэнсаванне гісторыка-культурнай спадчыны».

Пераможца: Праект «Рэстаўрацыя жанраў народнай музыкі Беларусі (смыкавая музыка, ліра, дуда, траістая музыка) на падставе экспедыцыйных матэрыялаў і калекцыі музычных інструментаў Алеся Лася ў прыватным музеі на сядзібе «Хутар Дудара». Аўтар — Алесь Лось.

ICOMOS паспеў да ліквідацыі падвесці вынікі конкурсу "Спадчына ў дзеянні-2"
Фота да праекта «Рэстаўрацыя жанраў народнай музыкі Беларусі (смыковая музыка, ліра, дуда, траістая музыка) на падставе экспедыцыйных матэрыялаў і калекцыі музычных інструментаў Алеся Лася ў прыватным музеі на сядзібе «Хутар Дудара». Фота: facebook.com/icomosby.

Праект па адраджэнні беларускай музычнай культуры мае сорак гадоў экспедыцыйнай працы і навукі ігры на народных інструментах ад лепшых аўтэнтычных музыкантаў Беларусі.

«Першыя крокі да рэалізацыі музея я зрабіў у 2000 годзе, распачаўшы аўтарскі праект «ПРОШЧА», дзе галоўнай тэмай было вывучэнне традыцыйных тэхнік ігры на скрыпках, цымбалах і дудах. Частка інструментаў прывезена з этнаграфічных экспедыцый і рэстаўраваная, частка – зробленая па ўзорах аўтэнтычных з музеяў і архіваў. Усе яны граюць – менавіта таму музей можна назваць «жывым», – кажа аўтар праекта Алесь Лось.

Традыцыйныя тэхнікі ігры спалучаныя з экспедыцыйнымі матэрыяламі даюць магчымасць у жывую пачуць народную музыку і адкрыць вочы наведвальнікам на багацейшую музычную і песенную культуру Беларусі.

Сацсеткі «Хутара Дудара» — тут.

3. Намінацыя «Лепшы сацыяльна-значны праект, у якім рэалізуецца сацыяльны / культурны / эканамічны / адукацыйны ці экалагічны патэнцыялы гісторыка-культурнай спадчыны».

Пераможца: праект «Арт-Квартал Conserva». Аўтары — Кацярына Паўловіч і Арт-Квартал Conserva.

Арт-Квартал Conserva знаходзіцца ў Брэсце на тэрыторыі былога кансервавага завода 1950-х гадоў і займае цэлы квартал. З 2015 года вялася рэвіталізацыя асноўнага будынку савецкага перыяда. У межах праекта захавалі і аднавілі гістарычнае аблічча фасаднай часткі, вызвалілі і расчысцілі вытворчыя цэхі, адрамантавалі былы адміністратыўны паверх. У 2019 годзе частка будынку адкрылася для публікі і культурных ініцыятываў. У 2021 годзе практычна ўвесь будынак і частка двара функцыянуе як адзінае культурная прастора, дзе адбываюцца выставы, лекцыі, кірмашы, кіно, музыка.

ICOMOS паспеў да ліквідацыі падвесці вынікі конкурсу "Спадчына ў дзеянні-2"
Выстава Месяца фатаграфіі ў Мінску ў прасторы Арт Квартала Кансерва.

4. Намінацыя «Лепшы праект рэстаўрацыі / ревіталізаціі / кансервацыі / рэадаптацыі архітэктурнай спадчыны».

Пераможца: Праект рэгенерацыі гістарычнай забудовы Гродна. Аўтар — Антон Пятрухін, вядучы архітэктар УП «БелНДІПгорадабудаўніцтва».

Праект рэгенерацыі гістарычнай забудовы Гродна, выкананы ў межах тэрыторыі гістарычнага цэнтра. Ён прапануе бачанне развіцця аднаго з самых прыгожых і найбольш поўна захаваўшыся гарадскіх цэнтраў Беларусі. Выкарыстанне сучасных падыходаў у захаванні архітэктурнай і гісторыка-культурнай спадчыны разам з развіццём агульнагарадской структуры Гродна ў межах генеральнага плана, стварае перадумовы для мяккай трансфармацыі цэнтральнай часткі Гродна.

У межах праекта запланавана ўзвядзенне трох пешаходных мастоў, «аднаўленне» рэчышча Гараднічанкі, рэканструкцыя Стэлы ў Каложскім парку, пераўтварэнне ў шматфункцыянальны комплекс Казармаў на Шчорса, ды іншыя захады па пераасэнсаванні і змяненні аблічча гістарычных будынкаў і ландшафту горада.

Больш падрабязна з праектам можна азнаёміцца тут.

5. Намінацыя «Лепшы новы архітэктурны праект у гістарычным асяроддзі».

Пераможца: Праект новага будынку па вуліцы Ракаўскай на тэрыторыі былога хлебазавода ў Мінску. Аўтары — ТАА «Навукова-праектны цэнтр «РЭСТАБІЛІС»; УП «Мінскпраект».

ICOMOS паспеў да ліквідацыі падвесці вынікі конкурсу "Спадчына ў дзеянні-2"
Будынак на Ракаўскай.
Фота: facebook.com/icomosby.

Новы будынак па вуліцы Ракаўскай на тэрыторыі былога хлебазавода ў Мінску. Сучасны цагляны будынак узнік замест першапачаткова запланаванага на гэтым месцы тынкаванага абʼекта «пад старыну». Дадзенае рашэнне абумоўленае вынікамі грунтоўных навуковых даследаванняў па гістарычным архітэктурным характары Ракаўскага прадмесця, якое амаль цалкам было забудаванае будынкамі «цаглянага» стылю. У выніку атрымаўся выразны сучасны архітэктурны аб’ект, у афармленні якога выкарыстоўваюцца характэрыня для гэтага гістарычнага раёна прыёмы і матэрыялы, гарманічна звязаны з размешчанымі побач помнікамі архітэктуры. Аднак самае важнае, што дадзены будынак задаў характар усім новым будынкам, што плануецца збудаваць на тэрыторыі былога хлебзавода, у аздабленні якіх таксама будзе выкарыстоўвацца керамічная цэгла. Гэта дазволіць у хуткім часе вярнуць Ракаўскаму прадмесцю ягонае гістарычнае «цаглянае» аблічча.

Як паведаміў старшыня Беларускага камітэта ІКАМОС Сцяпан Стурэйка напярэдадні цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурса «Спадчына ў дзеянні», праца арганізацыі не спыняецца.

Некалькі дзён таму Беларускі камітэт ІКАМОС быў прыняты ў міжнародную сетку арганізацый Europa Nostra, — дадаў даследчык і менеджар. — А гэта значыць, што пераможцы і фіналісты нацыянальнага конкурса ў справе захавання спадчыны не застануцца без падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў справе абароны і захавання гістарычнай і прыроднай спадчыны па ўсёй Европе.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: