20 верасня распачынаецца «Паўночнае ззянне» — сёмы фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін, адзін з улюбёных кінааглядаў беларусаў, які сёлета праходзіць пад аптымістычным і валявым лозунгам «Кіно ідзе».
Нагадаем, што ўжо ў другі раз у сваёй сямігадовай гісторыі форум ладзіцца ў анлайн фармаце. Аглядальніца Reform.by, агледзеўшы прапанаваную праграму фэсту, якая ўключае сучаснае кіно Ісландыі, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі, пераканалася ў тым, што каштоўнасці і праблемы насельнікаў Скандынаўскага паўвострава і Прыбалтыкі, не такія чужыя для беларусаў, як падаецца на першы погляд. Фільмы пра бунт пакаленняў, канфлікт гораду і вёскі, ды, вядома, пра прагу ад свабоды — у якім бы вы не былі ўзросце, які гендар не абіралі б, — шмат што рыфмуецца з нашай рэчаіснасцю, пакідаючы, паміж тым, месца для параўнанняў і развагаў.
У нашай падборцы з сямі стужак мы злучылі кіно самае разнастайнае: і якое нагадае пра наша набалелае, і якое дазволіць заглыбіцца ў іншыя стыхіі ды глабальныя праблемы — напрыклад, такія, як акіян і кліматычныя змены, ці тое, якое дазволіць проста ўслухацца ў гукі свету, што нас атачаюць.
«Скачок», Літва, 2021
Літоўская рэжысёрка Гедрэ Жыцкітэ, насамрэч, на «Паўночным ззянні» прадстаўляе ажно тры карціны. Дакументальныя стужкі «Скачок» і «Як мы гулялі ў рэвалюцыю», а на трэцяй, якая прысвечана дзяўчынам у літоўскай арміі — «Пяшчотныя салдаты» — яна выступае ў ролі прадзюсаркі. Калі ўзгадаць, што Гедрэ гэтаксама прадзюсіравала вядомы фестывальны дакументальны хіт «Зямля блакітная, нібыта апельсін» украінскай рэжысёрскі Ірыны Цылык, то становіцца зразумелым, што на яе імя абавязкова варта звярнуць увагу.
Па меркаванні партала Cineuropa, «Скачок» літоўскай аўтаркі — адзін з нон-фікшн рэлізаў, якіх нельга прапусціць у гэтым годзе. А для нашага кантэксту гісторыя галоўнага героя стужкі — літоўскага марака Сімуса Кудзіркі, які ў 1970-тыя вырашыў уцячы з Савецкага Саюзу, эфектна скокнуўшы са свайго судна на амерыканскі карабель у моры, — больш чым проста цікавая. Яна — надзённая і перагукаецца з учынкамі многіх беларусаў.
Ва ўсякім разе, скачок Сімуса начатку аказаўся не такім трыумфальным, як можна падумаць. Літоўца вярнулі ў СССР, і ён атрымаў прыстойны тэрмін «за здраду радзіме», не кажучы ўжо пра збіццё і катаванні. Але ўчынак савецкага марака трапіў у поле ўвагі міжнародных медыя, і адпаведна «разыграць яго карту» на сваю карысць падалося вартай справай некаторым палітычным лідэрам вышэйшай лігі. Як вынік, у стужцы ўжо 91-гадовы Сімус з падрабязнасцямі распавядае ды разыгрывае адзін з, бадай, самых галоўных дзён у сваім жыцці, будучы ўжо жыхаром Амерыкі. (Да слова, адважны герой потым вернецца на радзіму, у незалежную Літву).
Карціна, у якой аўтарка з вялікай сімпатыяй ставіцца да свайго героя, паміж іншым не адмаўляе ў аналізе «кейса Кудзіркі», які не такі просты, як падаецца. А ў нашых варунках палітычнага крызісу гісторыя Сімуса дазваляе ўбачыць знаёмыя ў беларускім інфармацыйным поле «інцыдэнты» трошкі з іншага боку.
Да слова, у межах Індустрыяльнай платформы фестывалю адбудзецца анлайн сустрэча з літоўскай рэжысёркай і прадзюсаркай Гедрэ Жыцкітэ, распытаваць якую пра розныя іпастасі ў кінасферы будзе заснавальніца і дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская. Мяркую, што гэта выдатная магчымасць дазнацца болей пра тое, якім чынам Гедрэ знаходзіць такія захапляльныя гісторыі для кінаўвасаблення.
«Эфект герца», Нарвегія, 2021
Нарвежская аўтарка Гюнар Хал Енсэн у сваёй дакументальнай карціне занураецца ў такую хвалюючую стыхію як гук.
Але ад гукаў паўсядзённасці, стварэння музыкі, аказваецца не так далёка да канспіралагічных тэорый. Адзін момант, — і вось эксперты ўсур’ёз «спрабуюць на зуб» тэзу, што «ўся сучасная музыка сваім гучаннем абавязаная эксперыментам вучоных Трэцяга Рэйху». Так, Ёзэф Гебельс, містычная канферэнцыя 1939 года, — і яе вынікі, дзякуючы якім выкарыстанне іншай частаты гуку дазволіла нацысцкім уладам лягчэй маніпуліраваць людзьмі ды зрабіць іх больш агрэсіўнымі. Тэорыя, вядома, «так сабе», але адмовіць гледачу і сабе павывучаць правакатыўную гіпотэзу — стваральнікі стужкі, выбачайце за таўталогію, не адмаўляюць у задавальненні. Як следства — маем цудоўную падставу, адштурхнуўшыся ад якой, вядомае пытанне набывае іншую вартасць: так якую, сапраўды, ролю адыгрывае сёння ў нашым жыцці гук?
Вось тут акурат і пачынаецца самае цікавае. Разам з галоўнай гераіняй стужкі амерыканскай даследчыцай гуку Лоры Амата мы пачынаем знаёміцца з неверагоднымі людзьмі, жыццё якіх шчыльна сувязана з гукавой стыхіяй. І гэтыя знаёмствы аказваюцца нашмат больш ашаламляльнымі, чым канспіралагічныя тэорыі.
Шмат адкрыццяў, гумар, ды, вядома, разнастайных гукаў — вось тое, што робіць «дзіўны» фільм Гюнар Хал Енсэн не толькі відовішчам, але і фонапрыгодай.
Да слова, у праграме Індустрыяльнай платформы ёсць падзея, прысвечаная тэме стужкі. На сувязь з беларускай спявачкай Русяй у анлайн-сустрэчы выйдзе тая самая амерыканская перформерка Лоры Амат, за падарожжам якой мы назіралі ў фільме. Як пазначаецца ў апісанні размовы, госці абмяркуюць магчымасці голасу як «моцнага інструменту для выражэння нашых эмоцыяў», а гэтаксама — «уменне слухаць і чуць».
«Найпрыгажэйшы хлопчык у свеце», Швецыя, 2021
Фаварыт апошняга Sundance Film Festival, стужка Крысціны Ліндстром і Крысціяна Петры распавядае пра лёс Б’ёрна Андрэсэна, акцёра, які сыграў ролю «найпрыгажэйшага хлопчыка ў свеце» ў стужцы Лукіна Вісконці «Смерць у Венецыі» ў далёкім 1971 годзе. На той момант Б’ёрну было пятнаццаць, пасля прэ’меры ён прачнуўся ў тым самым статусе, які яму прыпісвалі ўмоўна, а далей — шалёныя часы, сусветная слава, алкаголь, наркотыкі, ды заламаны лёс. І вось перад намі ў дакументальнай стужцы паўстае «напаўразбураны», з доўгімі валасамі і барадой мужчына ў закінутай стакгольмскай кватэры, які пакутуе ад адзіноты, віны, забыцця і злосці. Што сталася з «іконай» прыгажосці ў 1970-тыя? Хто ў тым вінаваты? Як гэта — адчуваць, што твае аблічча, маска цікавіць людзей болей, чым ты сам? Рэжысёры карціны занураюцца ў відэаархівы і біяграфію Б’ёрна Андрэсэна, каб дапамагчы герою разабрацца з траўмамі мінулага. Дакументальнае кіно — складаная штука, і вось аўтары разам Б’ёрнам вяртаюцца ў тую самую праклятую Венецыю, з якой усё пачалося.
Ці атрымалася галоўнаму герою выйсці з ценю сваёй ракавой ролі — «найпрыгажэйшага хлопчыка ў свеце»? Па заканчэнню фільма пытанне ўсё ж застаецца адкрытым.
«Тата», Польшча, 2020
Праграма «Паўночнага ззяння» дзеліцца на чатыры секцыі: міжнародная, дакументальная, спецыяльная, і беларуская. Наступная стужка, якую хацелася б вылучыць з шэрагу адабраных, створана беларускай маладой аніматаркай і дакументалісткай з Польшчы — Марыяй Якімовіч.
Увогуле, калі паглядзім на краіны, якія спрычыніліся да вытворчасці кіно нашых суайчыннікаў у праграме, Беларусі там не акажацца. Расія, Францыя, ЗША, Эстонія, і вось, калі ласка, як у выпадку Марыі — Польшча: дзяўчына вучыцца ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Вядома, гэта ўсё знакі часу, але таксама і сумная тэндэнцыя, якая сведчыць, што беларускае (незалежнае) кіно з-за таксічнага (вы)творчага клімату хутка будзе не ўбачыць у Беларусі. Улічваючы тое, што стужкі беларускіх аўтараў усё часцей прымаюць удзел у замежных кінааглядах, прапусціць такую магчымасць, якую прадастаўляе «Паўночнае ззянне», ніяк нельга. Хто яго ведае, калі вам давядзецца ўбачыць кіно беларускага аўтара? Магчыма, што толькі за мяжой? А калі паверыць, што фільмы нашых суайчыннікаў, усё болей трапляюць у трэнды еўрапейскага кіно?
У прыватнасці, у кароткаметражным дакументальным дэбюце Марыі Якімовіч гаворка ідзе пра сямейную гісторыю. У яе цэнтры — хвароба бацькі, якую намагаецца прыняць аўтарка. Як расказаць пра тое, што выпала перажыць? Дзе палягае мяжа паміж асабістым, і тым, што варта распавесці, каб іншым стала лягчэй? У сваёй працы Марыя робіць стаўку на шчырасць і мову вобразаў. Калаж з сямейных фотаздымакаў, VHS-хроніка, анімацыя — «Тата» паўстае не проста сродкам «аблягчэння» душы, а мастацкім выказваннем, якое дае магчымасць Іншаму паспрабаваць зразумець твае пачуцці і боль, убачыць і прыняць (не)вядомыя цяжкія рэчы ў вобразным рэгістры. Знаёмая і прызнаная многімі дакументальная анімацыя, але створаная беларускай мастачкай пра асабістую траўму.
«Грыт», Нарвегія, 2021
Дэбютная паўнаметражная ігравая стужка Ітонье Сёймер Гютормсэн «Грыт» — удзельнічала ў сёлетнім Ратэрдамским кінафестывалі. Фільм, над мантажом якога працаваў небезвядомы Міхал Лешчылоўскі (карціны «Рэжысёр: Андрэй Таркоўскі«, «Repetitioner», ды які прыклаў руку да стужкі «Крышталь» беларускі Дар’і Жук), у цэнтр увагі змяшачае характар дэструктыўнай і ўразлівай артысткі Грыт.
Маладая жанчына-перформерка прагне рэалізацыі і прызнання. Аднак заяўку Грыт на грант адхіляюць з-за недахопу прадзюсарскага досведу, яна дэпрэсуе і раўнуе да больш паспяховых калег, і ў выніку пачынае губляць кантроль над сабой, робячы рэчы за мяжой дазволенага.
Жаночы персанаж, які немагчыма разгадаць — вось тая перавага, якую адзначаюць крытыкі, пішучы пра эмацыйную драму Ітонье Сёймер Гютормсэн. Ці з’яўляецца Грыт ахвярай знешніх сіл альбо ўласнага перформансу, што разбурае яе жыццё? Разгадаць тую загадку давядзецца гледачу. Адсылкі да Догмы ды нават фільмаў Аньс Варды да гісторыі «прыкладаюцца». Да ўсяго выканаўца галоўнай ролі актрыса Біргіта Ларсэн увасабляе сваю гераіню на экране так самазабыўна, што прайсці міма гэтага кіно ніяк не атрымоўваецца.
«У люстэрку», Латвія, Літва, 2020
Латвійская рэжысёрка і сцэнарыстка Лайла Пакалніня вядомая перадусім адметным абсурдысцкім гумарам і незвычайным поглядам на рэачаіснасць, якія яна ўкладывае ў свае дакументальныя і ігравыя фільмы. У 1998 годзе, адштурхнуўшыся ад сюжэту казкі «Папялушка», спадарыня Лайла зрабіла карціну «Чаравік», у якой савецкія вайскоўцы шукалі ўладальніцу чаравіка, знойдзенага на пляжы, што з’яўляецца памежнай зонай. Папялушка ў іх вачах выглядала небяспечнай парушальніцай дзяржаўнай мяжы.
Гэтым разам латвійская рэжысёрка зацікавілася казкай братоў Грым «Беласнежка». Яе канва падалася аўтарцы ідэальнай для стварэння сатырычнага выказвання аб сучасным грамадстве, «хворым» на ЗЛЖ і нарцысізм. Мачаха ў Пакалніні — гэта жонка ўладальніка трэнажорнай залы. Беласнежка — яго дачка, якая, натуральна, выглядае лепш за «каралеву» фітнес-цэнтра. «У ходзе неабыякавага і нават небяспечнага канфлікту Беласнежка збягае з бацькоўскага кросфiт-каралеўства ў таямнічы лес», — адзначаецца ў анатацыі да стужкі. Калі ўлічыць, што «акцёры здымалі самі сябе на партатыўныя камеры, звяртаючыся з маналогамі непасрэдна да гледача», то атрымаем не проста сатыру на грамадства, апантанае ўласным выглядам і самапрэзентацыяй, а сатыру ў абсурдысцкім духу Лайлы Пакалніня.
Да слова, разам з прадзюсаркай фільма «Касатка» Сафі Палаж адна з найвядомых балтыйскіх рэжысёраў стане госцем Індустрыяльнай платформы фестывалю. Дыскусію, якая мае назву ў праграме «Кіно падчас пандэміі», будзе весці кінакрытык Антон Сідарэнка.
«З дзікага мора», Данія, 2021
Яшчэ адзін крок — і трапляем на тэрыторыю кіно, якое падымае экалагічныя пытанні. Дакументальны паўнаметражны дэбют «З дзікага мора» дацкай рэжысёркі Робін Петрэ, — гэта паэма, прысвечаная акіяну, якая не абмінае надзённай эка-павесткі.
Зіма. Штром. Валанцёры намагаюцца выратаваць марскіх коцікаў, якія пацярпелі ў выніку моцнай навалы на ўзбярэжжы Вялікабрытаніі і Ірландыі. Так распачынаецца карціна. Але тое, што здаецца звычайнымі «выхадкамі» прыроды, насамрэч наступствы змены клімату, справакаванымі чалавекам. Менавіта дзейнасць людзей прыводзіць да таго, што марскія жывёлы і птушкі пакутуюць ад небяспечных штормаў ды прыловаў, а таксама выкідаў чалавечай вытворчасці і жыццядзейнасці. Стужка Робін Петрэ, прэм’ера якой адбывалася на сёлетнім Берлінале, нешматслоўна дэманструе маштаб гэтай праблемы, даючы магчымасць убачыць пункт гледжання валанцёраў, так і марскіх насельнікаў, якія ўсё болей і болей «адчуваюць прысутнасць няпрошаных гасцей у сваім доме».
Як удаецца рэжысёрцы Робін Петрэ змусіць гледача шчыра суперажываць героям і разумець іх, хоць гэта лебедзі і цюлені? — здольнасць здымаць марскіх насельнікаў з вялікай эмпатыяй вылучае карціну дацкай кінематаграфісткі з шэрагу падобных. Невыпадкова агучанае вышэй пытанне і стала падставай запрасіць Робін Петрэ на размову ў межах ўжо вядомай Індустрыяльнай платформы фестывалю. Прынамсі, субяседніцай Робін стане амерыканская пісьменніца і кінакрытык з Сент-Луіса Дэбара Янг.
Нагадаем, што даты фестывалю «Паўночнага ззяння» — 20-30 верасня.
Дазнацца болей пра яго праграму і тое, якім чынам можна набыць квіткі на фільмы, можна на сайце кінфорума.
«Кіно ідзе» і яно непахісна.