Прычынай пераносу аргкамітэт фестывалю назваў пагаршэнне эпідыміялагічнай сітуацыі і працяг сацыяльна-палітычнага крызісу ў краіне.
— Пасля працяглых абмеркаванняў каманда фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova прыняла рашэнне перанесці чацвёрты сезон фэсту на вясну 2022-га, — гаворыцца ў паведамленні арганізатараў падзеі, якое сёння з’явілася на афіцыйнай старонцы ў Facebook. — На жаль, у абставінах пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі і працягу вострага сацыяльна-палітычнага крызісу ў краіне аргкамітэт не можа гарантаваць належны ўзровень бяспекі ўдзельнікам і гасцям фестывалю. Спадзяемся, што разам мы здолеем зрабіць фестываль інтэлектуальнай кнігі яркім і значным культурна-асветніцкім мерапрыемствам наступнага года.
Фэст Pradmova ладзіцца ў Беларусі з 2018 года. Яго ідэя палягае ў «неабходнасці для Беларусі мець уласны фармат мерапрыемства, прысвечанага кнізе, што вучыць думаць, як сродку ўзмацнення і развіцця інтэлектуальнага асяроддзя краіны».
У трэцім сезоне фестывалю, які адбыўся летась у кастрычніку, удзельнікамі і гасцямі былі: Януш Леон Вішнеўскі, Віктар Марціновіч, Дзмітрый Строцаў, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Таццяна Заміроўская, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Барыс Пастэрнак, Міхаіл Мінакоў, Жарка Яваноўскі, ды іншыя аўтары. У межах фэсту прайшло ўручэнне некалькі літаратурных прэмій: «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшыя кнігі перакладаў на беларускую мову, прэміі Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі, прэстыжнай прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую празаічную кнігу.
Ці азначае перанос фестывалю адпаведны перанос цырымоній узнагароджання прэмій, пакуль невядома.
«Фестываль з’яўляецца своеасаблівай «прадмовай» да сучаснай беларускай інтэлектуальнай кнігі: уводзінамі ў гэтую тэму і месцам сустрэчы з яе стваральнікамі і іх напрацоўкамі. Інтэлектуальную кнігу мы разумеем дастаткова шырока: гэта літаратура non-fiction, інтэлектуальная проза, эсэістыка, філасофская і грамадская веда, навукова-папулярная літаратура, замежныя пераклады. Асноўная яе адметнасць – гэта беларускае паходжанне аўтараў кнігі ці факт яе вытворчасці беларускімі выдавецтвамі», — нагадвае каманда фэсту місію свайго праекта.