Вечарыну памяці славутага паэта, фалькларыста, этнографа і драматурга Яна Чачота зладзілі Сядзіба-музей «Райца» і Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана. 17 ліпеня, у дзень 225-годдзя беларускага культурнага дзеяча, на яго радзіме ў Карэліцкім раёне адбыліся невялікая канферэнцыя, выстава, плэнер ды нават баль на вольным паветры.
Культурная падзея, зладжаная энтузіястамі, рапачалася ў Карэлічах, дзе ўдзельнікі ўрачыстацяў усклалі кветкі да помніка знанага фалькларыста. Затым невялікая імпрэза адбылася ў Малюшыцах, дзе нарадзіўся Ян Чачот.
Асноўнай жа пляцоўкай святкаванняў стаў прыватны музей беларускіх рупліцаў Веры і Алеся Салдатавых у сядзібе Раецкіх у Райцы. Тут прайшлі гістарычная канферэнцыя, музычна-тэатральныя і спеўныя мерыпрыемствы, выстава, ды не абыйшлося без кіно і старадаўніх беларускіх танцаў.