Выставачны праект «Жыве Беларусь!/Belarus lebt!» пра беларускія пратэсты адкрыўся 23 чэрвеня літаральна ў сэрцы Берліна — ля Брандэнбургскай брамы. На яго акдрыцці ў польскім Інстытуце Пілецкага выступіў знакаміты «Вольны хор», які праз усе перашкоды і транспартныя складанасці, дабраўся да Германіі.
Выставу складаюць творы больш за 20 мастакоў, а таксама — ананімных аўтараў з Беларусі. Фотаграфіі, плакаты, відэа, а гэтаксама малюнкі, якія былі створаны творцамі ў час утрымання за кратамі — экспазіцыя «Жыве Беларусь!/Belarus lebt!» распавядае пра тое, што значыць змагацца за свабоду, грамадзянскія правы і ўласную годнасць.
«Гэтая выстава мусіць была адкрыцца ў Мінску, але гэта ў цяперашні час немагчыма, — сказаў на адкрыцці выставы дырэктар Інстытута Пілецкага Войцех Казлоўскі, адзначаецца на сайце арганізацыі. — Вось чаму мы запрасілі беларускіх творцаў, якія фіксуюць мірныя дэмакратычныя пратэсты, у нашу выставачную прастору ў самым цэнтры Берліна, пад Брандэнбургскай брамай. Іх галасы будуць пачуты як немцамі, так і гасцямі ў Берліне з Еўропы і па ўсім свеце…».
Партнёрам у арганізацыі праекта разам з Інстытутам Пілецкага выступіў Інстытут Адама Міцкевіча, ды іншыя арт-інстытуцыі.
Працуе выстава «Жыве Беларусь!/Belarus lebt!»да 19 верасня 2021 года.