225 кг беларускай зямлі, прывезенай кантрабандай. У Аўстрыі адкрылася выстава мастачкі Цемры — фотафакт

У футурыстычнай прасторы Needle («Іголка») музея Kunsthaus Graz адкрыўся праект беларускай мастачкі Цемры пад назвай Ziamliačka. Гэта адначасова і перформанс, і інсталяцыя, якая стала вынікам працяглай «працы па каханні» па захаванні памяці аб недасяжнай Радзіме.

Кантрабанда і сімвалізм

Цэнтральным аб’ектам экспазіцыі стала гара глебы вагой 225 кілаграмаў, якую мастачка нелегальна перавезла ў Польшчу.

Праект пачаўся ў лістападзе 2024 года як прыватны рытуал самавылячэння ад стомленасці выгнаннем. Мастачка папрасіла маці перадаць ёй спачатку 10 кг глебы, каб аднавіць фізічную сувязь з домам. У выніку ў Аўстрыю было дастаўлена чвэрць тоны, выкапанай менавіта на тым месцы, дзе калісьці стаяў родавы дом сям’і ў вёсцы Міраны (Гродзенскі раён). Гэты дом калісьці быў разабраны па бярвэнні і перанесены, каб сям’я магла пераехаць у горад.

«Цяпер гэтая зямля — не проста матэрыя, а сапраўднае «палітычнае цела», якое перасякае межы, супраціўляецца сціранню і ператварае прыватную страту ў агульны архіў для ўсіх выгнаннікаў,  — адзначае куратарка выставы Аляксандра Трост. — Яна ўвасабляе энергію, якую Цемра страціла за гады эміграцыі і якую цяпер неабходна папоўніць».

Фота: Kunsthaus Graz/J.J. Kucek.

Алфакторны архіў: як закансерваваць дом

У інсталяцыі прысутнічае яшчэ важны элемент: над «курганам» зямлі лунае шкляны флакон з экстрактам як паху — вынік складанага тэхналагічнага працэсу, які доўжыўся некалькі месяцаў. Мастачка выкарыстала метад анфлеражу, каб выкрышталізаваць водар: пласты глебы на вазеліне абнаўляліся тройчы праз кожныя дзесяць дзён, пасля чаго маса на дзесяць дзён пакрывалася спіртам і выпарвалася на працягу сутак.

Тлушч і этанол дазволілі «дастаць» і захаваць водар Радзімы. Паколькі пахі наўпрост звязаныя з лімбічнай сістэмай чалавека, яны дзейнічаюць як самыя моцныя трыгеры памяці, здольныя імгненна вярнуць забытыя ўспаміны. Пры гэтым экстракт у флаконе застаецца бачным, але фізічна недасяжным для нюху гледача, што сімвалізуе стан ізаляцыі ад дому.

Але флакон з недасяжным водарам Радзімы выраблены ў форме насення. Гэта сімвал надзеі мастачкі на змены і будучае вяртанне.

Фота: сацстекі мастачкі.

Прысвячэнне і вяртанне сілы

Свой праект Цемра прысвяціла прабабулі Любе і бабулі Галі. На адкрыцці выставы мастачка выканала беларускую калыханку, завяршыўшы гэты доўгі шлях ад нелегальнай перавозкі зямлі да мастацкага маніфеста.

«Я цвёрда перакананая, што без зямлі чалавек — нішто; мы не можам існаваць без сувязі і прыналежнасці да чагосьці большага. Гэты рытуал злучае маю асабістую трагедыю з глабальнай рэальнасцю перасялення», — кажа мастачка.

«Сапраўдная сіла цячэ не толькі ад тых, хто стаіць побач з табой, але і ад зямлі пад тваімі нагамі», — дадае яна.

Праект будзе працаваць у Kunsthaus Graz да 15 сакавіка.

Цемра (Cemra) — творчы псеўданім Дар’і Сямчук (нар. 1990 у Гродне). Мастачка жыве ў Варшаве з 2022 года, калі пасля рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці была вымушана пакінуць Беларусь. Яе працы перадаюць цяжар гвалту рэжыму праз тэмы траўмы і ўразлівасці. Нягледзячы на эміграцыю, Цемра выкарыстоўвае нацыянальныя сімвалы як «патрыятычныя коды» і выраз стойкасці ўсяго народа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!