Дакументальны фільм «Кураж» беларуса Аляксея Палуяна — у праграме Берлінскага кінафестывалю

Новая работа беларуса Аляксея Палуяна, аўтара нашумелай кароткаметражнай карціны «Возера радасці», адабраная ў праграму Berlinale Special Берлінскага кінафестывалю-2021.Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў мастацкі кіраўнік «Берлінале» Карла Шатрыян, які анансаваў фільмы, што трапілі ў дзве важныя секцыі — асноўны конкурс і адмысловую Berlinale Special.

Урэшце, удзельніцай аднога з найбуйнешых кінааглядаў свету стала дакументальная стужка «Кураж», над якой беларускі рэжысёр працаваў апошнія два гады. Тры галоўныя героі карціны — гэта музыкі і акцёры «Беларускага свабоднага тэатра»: Марына Якубовіч, Павел Гарадніцкі і  Дзяніс Тарасенка.

Фабульна яна пра трох незалежных мастакоў, творцаў, якія жывуць у Беларусі, і знаходзяць свой шлях існавання ў беларускіх умовах. Але яна, па-сутнасці, пра дух свабоды і годнасці, які жыве ў гэтых людзях. Дух годнасці, які прачнуўся ў беларускім грамадстве летась, — апісаў сваю работу ў інтэрв’ю аглядальніцы Reform.by Аляксей Палуян.

Постар да фільма «Кураж» Аляксея Палуяна.

Суправаджаючы трох герояў падчас жнівеньскіх падзей 2020-га, стужка фіксуе супрацьстанне людзей і сістэмы ў абліччы сілавікоў, што адказваюць гвалтам на памкненні беларускага грамадства заявіць пра сваю пазіцыю. Адным з ключавых эпізодаў у фільме Аляксей Палуян называе сцэну ля Акрэсціна, калі людзі чакаюць вызвалення сваіх родных з турмы. Ды гэтаксама кінематаграфіст вылучае драматычны момант ля Дома ўраду, калі дзяўчаты дораць кветкі і абдымаюць салдат, якія ахоўваюць будынак.

І гэтыя дваццацігадовыя хлопцы, салдаты, кранутыя іх увагай! — адзначае рэжысёр. — І на кароткі момант узнікае пачуццё, што ўсё можа быць! Што ўсё можна змяніцца ў маёй краіне!..

Аператарамі стужкі працавалі Таццяна Гаўрыльчык і Джэсі Мазух. Прадзюсарам карціны выступае немец Ёрн Меленкамп.

Аляксей Палуян так пракаментаваў удзел свайго фільма ў «Берлінале».

Вельмі сімвалічна, што фільм пра беларускі боль і змаганне беларускага народа за свабоду трапіў менавіта на Берлінскі кінафестываль. Гэта горад, які быў распаласаваны на дзве краіны праз берлінскі мур. Хто як не берлінцы ведаюць чаго насамрэч каштуе свабода! Я вельмі рады таму, што «Кураж» будзе дэманстравацца тут.

Анлайн прэм’ера стужкі Аляксея Палуяна адбудзецца 5 сакавіка ў рамках «Еўрапейскага кінамаркета». Публічны паказ «Куражу», як і іншыя фільмы фестывальнай праграмы, запланаваны на чэрвень, калі сыйдзе другая хваля пандэміі каранавірусу.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!