«Навагодні вальс» — так называецца новая серыя незалежнага анімацыйнага праекта, аўтарам ідэі якога выступіла журналістка і прадзюсарка Марыя Грыц.
— Гэта будзе такая «цукерачка» не толькі для дзяцей, але і дарослых, — анансавала кіраўнік праекта новую серыю трошкі раней.
Усё так і адбылося. Мультфільм, нягледзячы на тое, што караценькі, атрымаўся настолькі добры, слаўны і харошы, што не іначай як «суцэльная мілата» яго не назавешь. Стужку таксама можна назваць пяшчотнай фантазіяй на каляды, навагодняй музычнай паштовачкай з пажаданнямі стаць лепшым кожнаму з нас.
Над фільмам працавалі: рэжысёры-аніматары Наталія Хаткевіч-Дарвіна, Алена Барушка, аніматар Ірына Забэла, аўтар персанажаў Святлана Катлярова, аўтар песні Ганна Янкута, музыка Пафнуці Кузюкян, аўтары музыкі застаўкі Алена Папова, Сяргей Доўгушаў, гукарэжысёр Віталь Кулеўскі. Песню ў фільме выконвае Алена Зуй-Вайцяхоўская.
Падкрэслім, што «Навагодні вальс» ажыццявіўся, дзякуючы падтрымцы «ананімных і вядомых фундатараў», што пажадалі прафінансаваць незалежны мультпраект на краўдфандынгавай платформе.
Кампанія на наступны эпізод мультсерыяла ўжо адкрытая. У новай серыі, па словах стваральнікаў, важаняты будуць даследаваць на беларускай мове назвы колераў і пальцаў.