Адна з іх была прызнана няўдалай, другая — зведала страшную цэнзуру, а трэцяя — стала першым фільмам жахаў у гісторыі беларускага кіно. Ды яшчэ была праца Уладзіміра Караткевіча ў дакументалістыцы, але без гэтых трох ігравых стужак па яго сцэнарыях, беларускі (савецкі) кінематограф быў бы значна бяднейшым.
«Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка» (1967, 1989)
Па шчырасці, убачыць гэту карціну ў тым варыянце, у якім яго задумвалі аўтар сцэнарыя Уладзімір Караткевіч і рэжысёр Уладзімір Бычкоў у тыя самыя 1960-тыя, нам ужо не давядзецца. Экранізацыя твора «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (і варта адзначыць, што спачатку пісьменнік стварыў кінааповесць, а потым раман) зведала страшную цэнзуру і прайшла ажно дванаццаць скарачэнняў і рэдактур. Можна толькі ўявіць, што на той момант спытвалі аўтары стужкі. «Ой, рэжуць, бязбожна рэжуць прама па жывому. Адно «піф-паф» застаецца. З філасофскай трагедыі — баявік«, — распавядаў Уладзімір Сямёнавіч пра працэс «стварэння» фільма. Трагікамедыя пра ліцадзея Юрася Братчыка, які прымераўшы на сябе ролю Хрыста, не здолеў у адзін момант ад яе адмахнуцца, прыняўшы і Галгофу Збавіцеля, выклікала ў тагачасных кіраўнікоў інстанцый, што мелі дачыненне да кіно, пэўнае непаразуменне. Нетрывіяльны, метафарычны (пад)тэкст, «адмаўленне ад усяго афіцыйнага і кананічнага», як піша Адам Мальдзіс, нечаканы герой, гумар — усё ў стужцы засмучала. Да гэтых перасцярог дадалася і адкравенная бздура. Камусьці з камісіі, што прымала стужку, убачыўся ў героі Юрася намёк на ўжо на той час былога першага сакратара ЦК КПСС Мікіту Хрушчова, таксама адрынутага сваімі паплечнікамі. У выніку фільм быў пазбаўлены і важнай сэнсавай канцоўкі, калі Юрась прымае сваё пакліканне. Ды нават гэтага здзеку чыноўнікам падалося мала — «Жыццё і ўзнясенне…» проста паклалі на паліцу на цэлыя 22 гады.
Толькі ў 1989 годзе стужка ў часткова адрэстаўраваным выглядзе ўбачыла свет. На жаль, гэта быў ужо зусім іншы кантэкст і фільм выглядаў у ім даволі пасрэдна. Крытыкі папракалі аўтараў у спрошчанай версіі рамана, публіка ўбачыла той самы «піф-паф», пра які казаў вышэй Караткевіч. Цуда не здарылася. Аднак адрынуць карціну, нават у той версіі, якую зараз маем, рука ўсё ж не паднялася і зараз не падымаецца.
Леў Дураў (!) у ролі Юрася-Хрыста выглядае пераканаўча, спалучаючы іронію і пафас. Трымае вышыню ў прафесіі Данатас Баніёніс у ролі іезуіта Басяцкага. Пастараліся мастакі Яўген Ігнацьеў і Шаўкат Абдусалімаў. Кампазітарам на фільме быў Алег Каравайчук, аператарам — Анатоль Забалоцкі. І самае цікаўнае: у «Жыцці і ўзнясенні Юрася Братчыка» дзве эпізадычныя ролі выканаў сам Караткевіч. Ксяндза і… татарына.
«Чорны замак Альшанскі» (1983)
Зараз перанясёмся ў 1983 год, калі на экраны краіны выйшла карціна Міхаіла Пташука «Чорны замак Альшанскі». «Чорны замак…» — гэта ўжо больш сталы раман Уладзіміра Караткевіча ў адрозненне ад «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Міхаіл Пташук, які на той час уваходзіць у сваю залатую творчую пару (ужо зроблены фільм «Вазьму твой боль», наперадзе — «Знак бяды») бярэцца за матэрыял з уласцівай яму «жалезнай» хваткай. Бярэцца, і, унікаючы ў яго, трошкі «пераціскае».
З аднаго боку, ёсць шчырая рэжысёрская зацікаўленасць ва ўвасабленні дэтэктыўнай формы. З іншага — візуальна Міхаіл Пташук не дазваляе сабе «разгарнуцца». Першая серыя стужкі ўвогуле трымаецца на буйных планах галоўнага персанажа Антона Косміча (акцёр Віктар Еўграфаў), які больш падобны на героя вестэрна, чым на інтэлігентнага гісторыка. У другой серыі Пташуку ўдаецца кульмінацыя і развязка: сцэны смяротнага пакарання Валюжыніча і Гражыны, вяртанне памяці і смерць Лапатухі, але іх трэба яшчэ дачакацца. Майстар псіхалагічнага рэалізму Міхаіл Мікалаевіч шукае свой мастацкі ключ да прозы Уладзіміра Сямёнавіча і знаходзіць яго вельмі ўмоўна. Так, рэжысёр схоплівае дух твора, выбудоўвае сувязь паміж XVII і ХХ стагоддзямі, але абапіраецца на іншую вобразную і візуальную пластыку — і «Чорны замак Альшанскі» застаецца ўсяго толькі неблагой, але не буйной экранізацыяй.
«Дзікае паляванне караля Стаха» (1979)
Калі трымацца той версіі, што Уладзімір Караткевіч выкарыстоўваў гістарычны дэтэктыў як пэўны жанравы прыём, прыдатную форму для расповеду пра Беларусь і яе ў савецкія часы непрамоўленую гісторыю, — многае становіцца на свае месцы. Гэтыя магчымасці формы — яе сілу і крохкасць — выдатна разумеў і іншы майстар — Валерый Рубінчык — адзін з галоўных рэжысёраў беларускага кінематографа. Валерый Давідавіч узяўся за «Дзікае паляванне караля Стаха» — і дазволіў сабе амаль тое ж, што і Караткевіч, — выбудаваць уласны сусвет на выбітным матэрыяле. Выбудаваў ён яго так вольна, што па-першасці інтэрпрэтацыя Рубінчыка моцна засмуціла Уладзіміра Сямёновіча. З часам, тым не менш, пісьменнік прызнаў права на яе існаванне.
Што маем у выніку? «Дзікае паляванне караля Стаха» — адзін з самых загадкавых фільмаў беларускага савецкага кіно. І хорар — і не зусім каб хорар, і гістарычны дэтэктыў — і ў той жа момант прытча, і пра мінуўшчыну, а прыгледзішся, — аказваецца цалкам пра сучаснасць. Калі памятаць пра тое, што Валерыя Рубінчыка ў ягонай творчасці як сапраўднага сінефіла цікавіла мроя, ілюзія, то становіцца зразумелым, што рэжысёр не мог прайсці міма такога вобразу як дзікае паляванне караля Стаха. Рубінчык убачыў у гэтым абліччы морак, насланнё, страх, які не дазваляе разгледзіць рэчы і з’явы ў іх рэальным святле. Невыпадкова жаданне «памацаць прывідаў рукамі» ўзнікае ў інтэлігента Андрэя Беларэцкага (акцёр Барыс Плотнікаў), здольнага на крытычнае мысленне. У выніку, здагадкі галоўнага героя пацвердзяцца — прывіды акажуцца лялькамі, пудзеламі, інструментам, што выкарыстоўваў Рыгор Дубтоўк у якасці сродку запалохвання і ўлады. Надзвычай актуальны сюжэт на ўсе часы, ці не праўда?
Гран-пры на І Міжнародным кінафестывалі дэтэктыўных і таямнічых фільмаў «Містфэст» у Італіі, спецыяльная адзнака журы на IV МКФ у Канадзе, Гран-пры на МКФ містычных і навукова-фантастычных фільмаў у Бельгіі, параўнанне Валерыя Рубінчыка ў замежнай прэсе з Роджерам Корманам (даволі недарэчнае, на мой погляд)… Ды, безумоўна, адзін з галоўных фільмаў у залатой калекцыі беларускага кіно.