Сёння ва ўрочышчы Курапаты на паўночным усходзе Мінска праходзіць вечар памяці ахвяраў масавых сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, сярод якіх былі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Гэтая падзея праводзіцца ўжо чацвёрты год і атрымала назву «Ноч расстраляных паэтаў».
Дата і назва невыпадковая: у 1937 годзе ў ноч с 29 на 30 кастрычніка ў Курапатах былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі, грамадскіх дзеячоў. Сярод іх і 22 літаратары: Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Платон Галавач, Тодар Кляшторны, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Анатоль Вольны, Ізі Харык і іншыя.
Ушанаваць памяць нявінна загінулых ахвяр тэрору сёння ў Курапаты прыйшлі сотні людзей, паведамляе карэспандэнт Reform.by. З прамовамі выступаюць пісьменнікі і паэты, грамадскія і палітычныя дзеячы. Сярод іх — Уладзімір Някляеў, Ніна Багінская, Андрэй Хадановіч, артысты Купалаўскага тэатра. Гучаць вершы расстраляных паэтаў і песні паводле іх твораў. Прысутнічаюць таксама прадстаўнікі пасольстваў краін Еўропы і ЗША.
Замест Змітра Дашкевіча, які арганізоўваў «Ноч» у папярэднія гады, але цяпер адбывае арышт, вечар памяці вядзе пісьменніца і педагог Ганна Севярынец, даследчыца творчасці Алеся Дудара і іншых рэпрэсаваных літаратараў. Нагадаем, яе брат, палітык і пісьменнік Павел Севярынец, пяты месяц знаходзіцца ў ізалятары, ён прызнаны палітвязнем.