«116 гадоў не было ніякіх пытанняў»: тэлеграм-канал «Спадчына» пракаментаваў прызнанне «экстрэмісцкім» верша Янкі Купалы

«Ляпіс Трубяцкі» мусіў бы прэмію «За духоўнае адраджэнне» атрымаць за тое, што так удала паклаў на музыку, можна сказаць, праграмны твор класіка пра пошук нашай нацыянальнай самасвядомасці, які дагэтуль не скончаны — таму гэты тэкст дагэтуль трапляе ў самую душу. Але атрымаў разам з нашым геніем экстрэмісцкі статус», — тэлеграм-канал «Спадчына» пракаментаваў трапленне верша «Хто ты гэткі?» Янкі Купалы ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Нагадаем, што суд Барысаўскага раёна прызнаў чатыры песні гурта «Ляпіс Трубяцкі» «экстрэмісцкімі», сярод іх — кліп і тэкст песні «Не быць скотам / Ne Byts Skotam». Апошні — цалкам узяты з верша беларускага класіка.

«У сувязі з апошнімі навінамі пайшоў яшчэ раз перагледзеў кліп «Не быць скотам» «Ляпіса Трубяцкога», на якім сталела маё пакаленне, — пакінуў каментар па тэме аўтар тэлеграм-канала, які прысвечаны культурнай і гісторыка-архітэктурнай спадчыне. — Мне здавалася, што ён зусім нядаўні, але яго стварылі ў сівым 2011 годзе! 13 гадоў аніякіх пытанняў у дзяржавы не было ні да кліпа, ні да тэксту.

Дык вось з новай оптыкай звянуўся да гэтага твора. Ну ок, у кліпе ёсць кактэйль Молатава і экстрэмісцкая «Пагоня» (насамрэч нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, шыфр 73БЛ000004), каб сёння да яго з’явіліся прэтэнзіі».

«Але што з тэкстам? — працягвае адмыслоўца. — Усе добра ведаюць, што тэкст песні цалкам узяты з верша «Хто ты гэткі?» Янкі Купалы. 116 гадоў не было ніякіх пытанняў — ні ў паліцэйскай расійскай дзяржавы, ні ў таталітарнай савецкай дзяржавы. А цяпер ёсць!

«Ляпіс Трубяцкі» мусіў бы прэмію «За духоўнае адраджэнне» атрымаць за тое, што так удала паклаў на музыку, можна сказаць, праграмны твор класіка пра пошук нашай нацыянальнай самасвядомасці, які дагэтуль не скончаны -— таму гэты тэкст дагэтуль трапляе ў самую душу. Але атрымаў разам з нашым геніем экстрэмісцкі статус».

«Я проста не разумею, што ў вельмі лаканічным тэксце можна было прызнаць экстрэмісцкім? -— здзіўляецца аўтар канала. -—

Што свой, тутэйшы? Не.

Што нарадзіўся ў сваёй вёсцы? Не.

Што хрысціўся пры дарожцэ? Не.

Што асвенчан кроўю, потам? Не.

Метадам выключэння застаюцца 3 радкі: «Долі лепшай», «Зямлі, волі», «Ня быць скотам». І калі любы з іх стаў прычынай прызнання экстрэмізму, то гэта прысуд усёй сістэме. Не думаю, хто хоць нехта (нават суддзя) хоча быць скотам, але нават скот прагне волі і лепшай долі.

Пужае, што пры вынясенні гэтага рашэння ні ў каго не ўзнікла пытання, здагадкі, сумнення наконт тэксту. Мне цяжка ўявіць тую адарванасць ад беларускай культуры, якая магла прывесці да гэтага. Дастаткова было загугліць любы радок, каб выйсці на інфармацыю пра тое, што гэта верш Янкі Купалы.

Зараз будуць адкручваць назад, пляжыць тых, хто «ўсё не так зразумеў», падкрэсліваць розніцу паміж тэкстамі «Ляпісаў» і Купалы, якая складаецца ў дзвюх літарах, і гэтак далей. Але гэта настолькі ганебны і абуральны для ўсіх(!) выпадак, што змыць гэтую брудную пляму ўжо немагчыма», — упэўнены аўтар «Спадчыны».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!